Ніва № 52 (2328), 24 снежня 2000 г.

Нага Яновіча

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Выйшла з друку трыццаць другая кніга бібліятэчкі Беларускага літаратурнага аб’яднання п.з. „Фірма”*. Аўтар яе — Міхась Андрасюк.

Чытачам нашым Міхась Андрасюк добра вядомы; на старонках „Нівы” прысутнічалі ўжо яго апавяданні, якія, згуртаваныя пад адной вокладкай, склалі новую кнігу.

Міхась Андрасюк апавядае нам пра жыццё звычайных, такіх як і мы, людзей, якія ва ўмовах Гайнаўкі вядуць сваё змаганне з рознымі жыццёвымі спакусамі, з тымі чартоўскімі выдумкамі, якія — як той райскі яблык — выдвараюць нас са спадзяваемага раю. Гэту нашу жыццёвую прозу аўтар размалёўвае паэтычнымі мяккімі фарбамі. Да герояў сваіх апавяданняў, з якімі мо хто і абышоўся б даволі жорстка з-за іх розных грэшных схільнасцей — Міхась Андрасюк ставіцца з любоўю. Любоў тая не бацькоўская — не суровая або спагадлівая, але мацярынская — напоўненая цяплом паслякупальнага натхнення.

Тое гуманнае цяпло абагравае нас з кожнай фразы, кожнага сказа, кожнага Андрасюковага слова. Ягоную кнігу можна адкрыць у любым месцы і з таго любога месца можна пачаць чытанне, і ў любым месцы можна адкласці яе без затраты тых каштоўнасцей, якія яна выносіць. Хаця сваім героям аўтар дакладна вызначыў не толькі геаграфічныя, але і тапаграфічныя каардынаты дзеяння, іх праблемы супольныя ўсім нам грэшным. І кожны Андрасюкоў сказ, кожнае слова, напоўнены тым зместам, які складае самастойны сюжэт. Любы ўрывак ягонага тэксту можна чытаць і перачытваць, асэнсоўваць і пераасэнсоўваць і за кожным разам знаходзіць нейкую новую, свежую насалоду.

Кожная кніга, апрача зместу, мае і форму. І як жа хацелася б напісаць пра форму „Фірмы” тое ж, што і пра змест. Можна гэта зрабіць толькі ў адносінах да ілюстрацыі на вокладцы, якая выдатна сугучная са зместам. Але аддзелка самога тэксту — скандальная. Тэкст выплюнуты на старонкі наадвал і хаця прыводзяцца прозвішчы і імпартнай карэктаркі, і санавітага рэдактара — самога Сакрата Яновіча! — у кнізе багата невыпраўленых памылак, хаця спробы змагання з імі з іх боку відавочныя. З боку карэктаркі — некалькі русізмаў прыкрашаных для супрацьвагі ультрабеларускім „грудзёх”.

З боку Сакрата Яновіча заўважная праўка аднаго — але толькі аднаго! — Нязгулы на Неўдалоту. Праўка безумоўна правільная, бо ж той Нязгула паводле Андрасюка з’яўляецца прыхільнікам правага палітычнага цячэння, а кожны ж хаця крыху начытаны інтэлектуал павінен ведаць, што Гайнаўка спакон яе маладых вякоў — чырвоная! Відаць Сакрат Яновіч — узорам ягонага добрага знаёмага Леха Валэнсы — вырашыў апавяданню Андрасюка прычапіць і крышку левай нагі.

Заўважаючы крайнюю неахайнасць рэдакцыі кнігі, верзіцца мне і іншы аспект: ці рэдактар не паказаў аўтару тую „нагу”, якую славуты польскі чэмпіён Казакевіч дваццаць гадоў таму паказаў маскоўскім балельшчыкам. Змаганне недасканалага чалавека з рознымі чартоўскімі спакусамі адбываецца не толькі ў Гайнаўцы, не толькі на алімпіядах, але заглядае яно і ў парнасісцкія крэпасці. Наш жа вартавы нацыянальнай памяці і загрыміць маралізатарска, і сёе-тое прызабудзе, і сёе-тое выдумае, і сёе-тое не выправіць. Чалавек жа недасканалы, са слабасцямі.

„... час бесцырымонна выварочвае ўсё дагары нагамі, і з-пад бліскучай ды фальшывай скуры паказваецца дзяжурнае ды фальшывае палатно”. („Вуліца Добрай Надзеі”). А ўсялякі прыклад бярэцца са старэйшых малодшымі.

* Міхась Андрасюк, Фірма, Беласток 2000 г.