Ніва № 51 (2327), 17 снежня 2000 г.

Без водгуку

Яўген МІРАНОВІЧ

Ліст 14 прадстаўнікоў беларускіх і праваслаўных арганізацый да найвышэйшых улад Польшчы, пакуль што, выклікаў толькі зацікаўленне беластоцкіх журналістаў і палітыкаў. Журналісты, вядома, пакарысталіся гарачай тэмай, каб прыцягнуць да сваіх сродкаў масавай інфармацыі ўвагу чытачоў, слухачоў і тэлегледачоў. Палітыкі ўсіх арыентацый традыцыйна выказаліся так, каб нічога не сказаць. Нават падляшскі ваявода Крыстына Лукашук некалькі разоў публічна заявіла, што любіць усе меншасці і, як памятае, заўсёды іх любіла. Зусім тады яна не разумее, чаго ад яе хочуць беларусы і праваслаўныя.

Публічна ніхто не пачаў яшчэ сапраўднай палемікі з аўтарамі ліста, але мала таксама праўдападобнае, што нехта сур’ёзна захоча займацца пратэстам — як гаворыцца на вуліцы — „kilku sfrustrowanych kacapow”. Тым часам кожная дэмакратычная ўлада павінна патрактаваць ліст чатырнаццаці лідэраў арганізацый як вельмі выразны сігнал, што справы ідуць у неадпаведным напрамку. Нават калі ў лісце ёсць некалькі абсурдных закідаў, то яго змест адлюстроўвае настроі ў беларуска-праваслаўным асяроддзі. Калі б дзяржаўныя ці мясцовыя ўлады вялі якую-небудзь нацыянальную палітыку, тады лёгка маглі б памяняць гэтую атмасферу на больш экуменічную. Да гэтага не трэба грошай і ніякіх інвестыцый, патрэбная толькі добрая воля і веды пра грамадзян іншай веры і нацыянальнасці. Некалькі жэстаў магло б адмяніць пачуццё дыскрымінацыі і адчужанасці сярод праваслаўных. Інтэлектуальна да гэтага, аднак, улады зусім непадрыхтаваныя. Таму трэба спадзявацца, што яны пустымі прамовамі без канца будуць аб’яўляць пра канстытуцыйную свабоду і роўнасць усіх грамадзян Рэчы Паспалітай.

Без водгуку „пратэст 14-ці” астаўся таксама сярод беларуска-праваслаўнага грамадства, ад імя якога выступалі лідэры арганізацый. Дарэчы, у гісторыі беларусаў ніколі так не было, каб люд падтрымліваў сваіх палітыкаў. Выключэннем быў толькі перыяд Беларускай сялянска-работніцкай грамады, калі сапраўды ўзнікнуў масавы рух з мэтай змагання за нацыянальныя інтарэсы. Ніколі пазней беларускі люд не захацеў ангажавацца ў дзейнасць сваіх лідэраў, успрымаючы іх найчасцей як дзівакоў і парушальнікаў агульнаадобранага парадку. Не толькі пасол Камінскі з ЗХН згадваў, што ліст беларускіх і праваслаўных дзеячаў гэта фрагмент перадвыбарчай гульні мясцовых камуністаў. Такое меркаванне выказвае таксама большасць беластоцкіх грамадзян, якія час ад часу глядзяць беластоцкае тэлебачанне ці чытаюць мясцовую прэсу.

Пераважная большасць праваслаўных, як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, хоча быць палякамі і робіць усё, каб ніхто не атаясамліваў іх з беларусамі. Мясцовымі католікамі такая катэгорыя палякаў зусім не адабраецца. Незалежна ад таго, як часта праваслаўныя палякі паўтараюць пра сваю нацыянальнасць, і так успрымаюць іх як „кацапаў”. У сапраўднасці ў тым, што яны палякі, пераканалі толькі саміх сябе. Ніколі, аднак, не будуць яны праяўляць актыўнасці ў абарону таго, што будзе ставіць пад сумненне іх польскасць. Ананімна і прыватна праваслаўныя палякі могуць нават з прыхільнасцю ставіцца да беларускасці, аднак, дарма чакаць ад іх нейкай адкрытай падтрымкі. Ведаюць пра гэта таксама прадстаўнікі мясцовай улады і таму могуць ігнараваць усялякія пратэсты дзеячаў. Пэўна неўзабаве ваявода ці маршалак сустрэнуцца з аўтарамі ліста і іншымі актывістамі, выслухаюць іх жалі і ветліва заявяць аб сваёй прыхільнасці так да праваслаўных, як і беларусаў. Калі самі не дадумаюцца наладзіць такую сустрэчу, тады можа нехта змабілізуе іх з Варшавы. Пакуль, аднак, беларуска-праваслаўныя дзеячы не пераканаюць свой люд да шчырасці сваіх агульнаграмадскіх намераў і не атрымаюць належнага мандату да публічнай дзейнасці, іх пратэсты заўсёды будуць успрымацца як спроба заявы аб сваёй палітычнай прысутнасці. Нішто, аднак, не паказвае, каб нешта ў гэтым плане магло змяніцца ў найбліжэйшы час.