Ніва № 51 (2327), 17 снежня 2000 г.

Жыць у супольнай айчыне

Мікола ВАЎРАНЮК

Польшча, карыстаючыся нямецкай тэрміналогіяй — наш Vaterland — складаецца з соцень малых айчынаў — Heimat, якія абымаюць вёску, горад, поле, луг, фрагмет рэчкі, найбліжэйшую ваколіцу з магіламі продкаў. Жыхары памежжаў сувязь са сваёй малой айчынай адчуваюць наймацней. Але там гэтымі айчынамі трэба падзяліцца: з літоўцамі, беларусамі, украінцамі, славакамі, немцамі. А мы, палякі, адчуваем выключнае права на Бацькаўшчыну. Далёка нам яшчэ да зразумення ідэі супольнай айчыны. Сказаў старшыня Камісіі нацыянальных меншасцей Сейма Яцэк КУРАНЬ.

Унія вольнасці запрасіла прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей і журналістаў на 25 лістапада ў Сейм, каб абмеркаваць праект Закона аб нацыянальных меншасцях.

Спробы юрыдычнага ўпарадкавання жыцця грамадзян няпольскай нацыянальнасці вядуцца ад дэмакратычных перамен 1989 года. Ужо ў г.зв. кантрактным Сейме (Польская аб’яднаная рабочая партыя і яе саюзнікі мелі гарантаваныя 65% месцаў, „Салідарнасць” змагалася за 35%) была створана Камісія па справах нацыянальных меншасцей. Нязменны яе кіраўнік, незалежна ад канфігурацыі парламента — Яцэк Курань.

Першы праект Закона аб нацыянальных меншасцях запрапанавала парламентарыям Хельсінская камітэт абароны правоў чалавека ў 1993 годзе. Але Сейм заўсёды меў важнейшыя праблемы на галаве: а то выбары (парламенцкія, самаўрадавыя, прэзідэнцкія), а то прыватызацыя або рэпрыватызацыя, а то рэформы (адміністрацыйная, страховачная, аховы здароўя), а то канкардат або дэлегалізацыя абортаў. Нацыянальныя меншасці гэта ўсяго 2-3% насельніцтва Польшчы і ўлада іх галасамі не выбіраецца.

Здавалася, што працы над Законам аб нацыянальных меншасцях пойдуць новымі тэмпамі пасля таго, як у верасні 1998 года праект быў перададзены маршалку Сейма і пастаўлены ім на парадак дэбатаў. Галоўнае заданне закона — адназначнае накрэсленне правоў і абавязкаў асоб прыналежных да меншасцей, а таксама дапасаванне грамадскіх і культурных правоў да падпісаных Польшчай міжнародных дамоў і канвенцый. Да найважнейшых спраў, якія патрабуюць яснай рэгуляцыі трэба залічыць права на ўжыванне роднай мовы, як у прыватным, так і публічным жыцці, у тым ліку і ў кантактах з органамі ўлады. Закон удакладняў бы існуючыя запісы адносна навучання роднай мовы і на роднай мове згодна з польскай адукацыйнай сістэмай. У праекце закона ёсць запіс пра абавязак дзяржавы дафінансоўваць культурныя ініцыятывы меншасцей, якія спрыяюць захаванню іх нацыянальнай тоеснасці.

Першае чытанне праекта на форуме Сейма мела месца ў сакавіку 1999 года, пасля чаго была створана падкамісія, якая павінна была нанесці папраўкі. Зараз будуць два гады „інтэнсіўнай” працы гэтай спецпадкамісіі. За гэты час дайшла яна, паводле пасла Генрыка Кроля, да другога пункта прапанаванага закона.

— Парадокс заключаецца ў тым, — гаварыў на сустрэчы Генрык Кроль, пасол нямецкага кола, — што „Салідарнасць”, якая адваявала дэмакратычныя свабоды ў Польшчы, мае цяпер такіх прадстаўнікоў у парламенце, якія не разумеюць, што такое грамадзянская супольнасць. Большасць не мае волі прыняць Закон аб нацыянальных меншасцях.

Які ўзровень разумення права, краёвага і міжнароднага, рэпрэзентуюць тыя, хто стварае законы, сведчаць кур’ёзныя выказванні паслоў пра залежнасць становішча нацыянальных меншасцей у Польшчы ад таго, як трактуюць этнічных палякаў іншыя дзяржавы (маецца тут на ўвазе перш-наперш Усход і постсавецкія рэспублікі). Такая фабрыкацыя заложнікаў сваіх грамадзян ад палітыкі іншых краін — у дэмакратычным свеце недапушчальная, кампраметуючая. Аднак не хочуць гэтага разумець высакародныя (іх меркаванне пра саміх сябе) абаронцы польскасці на крэсах.

Як і не хочуць заўважаць, што Еўрапейскі саюз, членам якога Польшча намагаецца стаць, у справе аховы правоў нацыянальных меншасцей мае вельмі высокія нормы. Прэзідэнт Аляксандр Кваснеўскі толькі ў лістападзе падпісаў Агульную канвецыю абароны правоў нацыянальных меншасцей ад 1993 года, а ўжо ў чэрвені гэтага года была прынята Дырэктыва Савета Еўропы, якая забавязвае кандыдатаў у Еўрасаюз да 2003 года дапасаваць свае ўнутраныя законы аб нацыянальных меншасцях да еўрасаюзных норм. Міністэрствы ўнутраных спраў штогоду будуць даваць справаздачу не толькі з таго, ці няма ў паасобных дзяржавах дыскрымінацыі, але ці меншасці добра там сябе адчуваюць.

* * *

Прысутныя 25 лістапада ў Сейме прадстаўнікі нацыянальных меншасцей наогул станоўча ацанілі прадстаўлены ім праект закона. Найбольш засцярог выклікала прапанова стварэння цэнтральнага Упраўлення па справах нацыянальных меншасцей як часткі ўрада.

— Такая ўстанова не была б адвакатам меншасцей, а бягучай палітыкі той ці іншай кааліцыі ў адносінах да меншасцей, — казаў прафесар Анджэй Жэплінскі з Хельсінскага камітэта. — Гэта павінен быць цэнтральны орган Рэчы Паспалітай, але незалежны ад урада. Узначальваць яго павінен прадстаўнік меншасці, а дарадчыкамі павінны быць спецыялісты з міністэрстваў: унутраных спраў і адміністрацыі, культуры і нацыянальнай спадчыны, адукацыі.

Хаця ў праекце, які цяпер у Сейме, зніклі пэўныя прапановы з 1993 года (між іншым, абавязак навучання палякаў пра меншасці ці стварэнне курыяў для меншасных паслоў), прафесар Жэплінскі назваў яго добрым: „Шкада толькі, што схаваны ён глыбока пад сукном”.