Ніва № 51 (2327), 17 снежня 2000 г.

Грошы на канкрэтныя інвестыцыі

Аляксей МАРОЗ

Грамадскі камітэт пабудовы Музея і асяродка беларускай культуры ў Гайнаўцы атрымаў ад Польска-Швейцарскай камісіі злотавых сродкаў з Варшавы 550 тысяч злотых на завяршэнне пабудовы выставачнага будынка „Ц”. Пра выдаткаванне атрыманых сродкаў, завяршальныя будаўнічыя працы і планы на будучыню запытаў я намесніка старшыні Грамадскага камітэта пабудовы музея Яна ХІЛІМАНЮКА.

— Ці хопіць грошай на завяршэнне будовы Музея?

— Грошы ад Польска-Швейцарскай камісіі можам выдаткаваць толькі на канкрэтныя інвестыцыйныя працы, згодна з дамовай, якую падпісалі мы з Фондам супрацоўніцтва з Варшавы, які з’яўляецца прадстаўніком Камісіі злотавых сродкаў. Да канца чэрвеня будучага года мусім атынкаваць будынак „Ц” звонку, на што атрымаем 129 889 зл. Да канца гэтага года павінны мы пракласці электраўстаноўку (на што павінны атрымаць 277 267 зл.). У гэтым годзе трэба ўстанавіць сігналізацыю ад пажару (перададуць на гэта 55 937 зл.) і гукавы сігнал (за 52 697 зл.). Разам перададуць нам не больш чым 550 тысяч злотых. Аднак на завяршэнне будовы музея трэба будзе яшчэ выдаткаваць 650 тысяч злотых. Грошы патрэбны на завяршэнне будовы будынкаў „А” і „Б” ды ўпарадкаванне плошчы вакол іх. Многа было клопатаў, пакуль прыдзялілі нам грошы. Мусілі мы даказаць камісіі, што музей нам патрэбны для захавання матэрыяльнай спадчыны беларускай культуры, якая з’яўляецца часткай польскай культуры на ўсходніх крэсах. Хаця пачалі мы хадайцніцтва ў сакавіку гэтага года, то толькі 24 кастрычніка падпісалі дамову на іх атрыманне. Усе працы выконваць будзе Бельскае будаўнічае прадпрыемства „Унібуд БЭП” і іх падрадчыкі.

— Паявіліся закіды, што апошнім часам будаўнічыя работы спыніліся.

— Ад 1997 года, калі атрымалі мы з бюджэтнага рэзерву 400 тысяч злотых, не было больш дзяржаўнай датацыі. Будаўнічыя працы вялі мы за сродкі ад арэнды памяшканняў, найму начлежных пакояў, са складчын і ахвяраванняў. За гэтыя грошы, памерам каля 110 тысяч злотых, якія сабралі за апошнія тры гады і выручку ад продажу дубовых фрэзаў памалявалі мы выставачныя залы і калідоры, палажылі грэс у 5 залах і на калідорах (каля 650 м2), а таксама на бакавой лесвіцы. Працы гэтыя выконвалі нашы працаўнікі, што выдатна панізіла кошт работ. 27 верасня гэтага года беларусы з Амерыкі праз пасрэдніцтва Міколы Прускага, выдаўца часопіса „Беларускі дайджэст” і беларускага бізнесмена, пражываючага ў Польшчы, перадалі нам 39 600 злотых. За гэтыя сродкі і 10 тысяч злотых, якія перадало нам Гайнаўскае стараства, абліцавалі мы галоўную лесвіцу мармурам, які ў нас быў у запасе. Хаця мармур клала нанятае намі прадпрыемства, некаторыя працы выконвалі нашы работнікі, што панізіла кошт работ.

— У гэтым годзе плануеце закончыць усе аддзелачныя працы ў выставачных залах. Калі можна спадзявацца першых выставак?

— На арганізацыю ўсіх пастаянных выставак трэба будзе расходаваць 250 тысяч злотых. Нядаўна звярнуліся мы ў Маршалкоўскую ўстанову, Гайнаўскае стараства і Раду горада Гайнаўкі з прапановай выдзеліць нам сродкі на арганізацыю выставак. Плануем ужо ад 15 студзеня пачаць арганізаваць пастаянныя экспазіцыі, а працу гэтую думаем закончыць да 15 верасня 2001 года.

— На што хочаце выдаткаваць так вялікія сродкі?

— Многія экспанаты, якіх нам не хапае, трэба будзе купляць ад людзей. Нельга спадзявацца, каб людзі бясплатна аддавалі макаты, абрусы, сурвэткі ці больш вартасныя прадметы. Трэба будзе рабіць стэлажы, стэнды, плаціць столярам, этнографам і мастакам.

— Антоні Масевіч з Музея сельскай гаспадаркі ў Цеханоўцы прасіў прыехаць забраць частку экспанатаў былога Белавежскага музея. Ці ездзілі Вы туды?

— Ездзіў я ў Цеханавецкі музей і бачыў гэтыя экспанаты, якія знаходзяцца ў беларускай хаце і ў музейных складах. Даведаўся я там, што можна іх вярнуць такім шляхам, якім яны былі перададзены. На жаль, ніхто не забіраў экспанатаў з Белавежскага музея, толькі яны былі перададзены ў Акруговы музей у Беластоку на ўласнасць, а адтуль трапілі ў Цехановец. Каб вярнуць тыя экспанаты, якія не знаходзяцца ў беларускай хаце, мусім мець згоду Акруговага музея ў Беластоку або Міністэрства культуры.

— А якія ў Вас канкрэтныя планы наконт арганізавання экспазіцый?

— Пастаянныя экспазіцыі будуць ладзіцца ў пяці залах. У шостай плануем арганізаваць камерцыйныя выстаўкі з магчымасцю продажу прац. На пастаянных выстаўках плануем паказваць, між іншым, архітэктуру, апрацоўку зямлі, жывёлагадоўлю, кухню, выкананне вопраткі, прылад для працы на полі. Будзем рыхтаваць абрадныя сцэнкі і выстаўку, прысвечаную рэлігійнаму жыццю на Падляшшы, асабліва праваслаўю.

— Хто будзе праектаваць выстаўкі?

— Галоўным праектантам будзе мастак з Мінска Эдуард Агуновіч. Прадбачваем, што нашы этнографы і мастакі таксама будуць арганізаваць экспазіцыі.

— Калі плануеце арганізаваць агульны сход членаў Грамадскага камітэта пабудовы Музея?

— У канцы студзеня 2001 года адбудзецца пленарнае пасяджэнне Камітэта пабудовы Музея, якое павінна вырашыць аб даце агульнага схода членаў Грамадскага камітэта.

— Дзякую за размову.