Ніва № 50 (2326), 10 снежня 2000 г.

Гродзенскія лялечнікі ў Беластоку

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

26 і 27 лістапада гасцявала ў Беластоку трупа Гродзенскага лялечнага тэатра, якая ў першы дзень паказала два спектаклі дарослым гледачам, а ў другі дзень — два спектаклі дзецям.

Першы спектакль гродзенскія лялечнікі паказалі на сцэне Лялечнага факультэта Тэатральнай акадэміі; была гэта „Трагедыя пра Макбет”. Глядзельная зала была набіта бітком, галоўным чынам моладдзю. Пастаноўка Шэкспіравай драмы ў лялечным выкананні сустрэлася з захапленнем публікі, пра што сведчылі не толькі працяглыя апладысменты, але і нейкая неахвота гледачоў развітвацца пасля з залай, з тым высокім настроем, які стварылі сваёй ігрой гродзенскія мастакі.

Другую пастаноўку, „Тутэйшых” Янкі Купалы, гродзенскія лялечнікі паказалі на сцэне беластоцкага Лялечнага тэатра. Тут таксама спектакль прайшоў з аншлагам і таксама большасць публікі складала моладзь. І на другі дзень, на „Незвычайны цырк”, таксама чакаў натоўп дзетвары.

Пра дзейнасць тэатра я размаўляў з рэжысёрам „Трагедыі пра Макбет” Алегам Жугждам. Гродзенскі лялечны тэатр пачаў сваю дзейнасць дваццаць гадоў таму; 3 лістапада г.г. адзначалі юбілей. За той час тэатр паставіў каля пяцідзесяці спектакляў, у асноўным лялечных. Некалькі спектакляў ставілі без лялек, каб акцёры маглі папрактыкавацца ў прафесіі, падтрымаць сваю драматургічную форму.

Тэатр прапанаваў гледачам галоўным чынам сусветную класіку для дзяцей і творы беларускіх драматургаў. Спектаклі адрасаваныя дарослым сталі ставіць дзесяць гадоў таму. Першым былі згаданыя „Тутэйшыя”, а пасля м.інш. „Стрыптыз” і „Караль” Мрожка і „Як здароўе” Галубка. У бліжэйшых планах прадбачваюцца пастаноўкі — зноў Шэкспіра — „Сну летняй ночы” і — зноў Янкі Купалы — „Сну на кургане”.

Тэатр шмат гастраляваў, раней — па еўрапейскай тэрыторыі Савецкага Саюза. Цяпер асталася Беларусь; гродзенцы часта мяняюцца з іншымі абласнымі тэатрамі. Нядаўна выступалі з „Трагедыяй пра Макбет” на фестывалі ў Торуні. На фестывалі ў Сувалках паказалі спектакль „Прыхадзень” Макса Эйроля і з гэтай жа п’есай ездзілі ў Францыю па запрашэнні аўтара.

Спектаклі тэатра прыцягваюць публіку. Апошнім часам глядач звярнуўся да тэатра, спектаклі праходзяць з аншлагам, усе білеты раскупляюцца загадзя. Прыходзяць маладыя людзі, у асноўным студэнты, аднак ёсць і людзі сталага ўзросту — тое калятэатральнае асяроддзе, якое цікавіцца падзеямі.

Паколькі абодва прывезеныя ў Беласток спектаклі — „Трагедыя пра Макбет” пра захоп улады і „Тутэйшыя” пра абыякавасць да роднага — пастаянна для Беларусі актуальныя, асабліва ж сёння, падпытаў я Алега Жугжду пра ягоны „Макбет”.

У Беластоку паказаў ён толькі пятнаццатую пастаноўку гэтай трагедыі. Першая задума паставіць яе на сцэне з’явілася нейкіх дванаццаць гадоў таму, яшчэ ў Магілёве. І ўсё паяўляліся сумненні: ці не занадта? Але ж у свеце нічога не мяняецца — усё тыя ж метады трымання гэтай улады. А сама п’еса была быццам праклята: у знаёмых рэжысёраў, якія адважыліся паставіць „Трагедыю пра Макбет”, нешта „атрымлівалася”. Вось і сужонству Жугждаў давялося пакінуць Магілёў і перабрацца са сваім спектаклем у Гродна.

— Гэтая п’еса — сказаў Алег Жугжда — раскрывае сутнасць людзей, з якімі маеш справу, яна дапамагае разабрацца ў абставінах. Мы, аднак, вельмі гэты спектакль любім; нездарма адзін акцёр прыязджае на яго да нас з Магілёва менавіта. А „Трагедыя пра Макбет” стала лепшым спектаклем года ў Беларусі сярод лялечных тэатраў. У Беларусі наглядаецца пэўная спецыфіка: у Польшчы спектакль гэты жывейшы, больш кантакту з гледачом, а ў Беларусі суправаджае яго жудаснае маўчанне...

Спадар Алег Жугжда пабываў у Беластоку ўпершыню, аднак спадзяецца з’явіцца тут яшчэ не адзін раз. Вядуцца вось размовы з кіраўніцтвам Лялечнага тэатра ў Беластоку. Мастацкі кіраўнік беластоцкага тэатра Войцех Шэляхоўскі хоча запрасіць спадара Жугжду ў наш горад, каб зрабіць сумесную пастаноўку, а пасля ставіць яе і ў Гродне, і ў Беластоку. Абы толькі грошы былі.