Ніва № 50 (2326), 10 снежня 2000 г.

Другі конкурс на малыя гранты

Віталь ЛУБА

Другая эдыцыя конкурсу на малыя гранты, арганізаванага Цэнтрам грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь, пачалася 29 лістапада г.г. У гэты дзень у беластоцкай кавярні „Фама” сабраліся аўтары праектаў, якія атрымалі фінансавую падтрымку Цэнтра.

— Мінулагодні бюджэт конкурсу складаў 105 тысяч зл., за якія 16 арганізацый зрэалізавалі 28 праектаў, — сказаў старшыня Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь Марцін Рэмбач. — Станоўчая ацэнка плёну конкурсу паўплывала на павелічэнне бюджэту другога выпуску гэтага мерапрыемства. Цяпер Фонд Форда прызначыў на гэтую мэту 180 тысяч зл.

Плёнам першай эдыцыі конкурсу сталі шэраг адукацыйных, навуковых і гістарычных кніг ды адукацыйных праектаў для дзяцей і моладзі, якія знаёмілі іх з беларускай культурай, мовай ды гісторыяй Беласточчыны. Арганізатары адзначылі намаганні бацькоўскага камітэта пры Самаўрадавым садку № 14 у Беластоку, якога праект „Ад абраднасці да тоеснасці” дазволіў разбудзіць ангажаванасць дзяцей і бацькоў у прапагандаванне культурнай адкрытасці. Малыя гранты дазволілі выдаваць лакальныя газеткі, якія закранаюць польска-беларускія справы („Бельскі Гостінэць”, „Гайнаўская панарама”). У Гайнаўцы ўзнік грамадзянскі форум, які намагаецца вывесці лакальныя праблемы з зачараванага кола польска-беларускіх канфліктаў.

На другі конкурс прыйшлі праекты з новых асяроддзяў. Гэта доказ, што ініцыятыва пашыраецца. Арганізатары конкурсу атрымалі 60 прапаноў, на якіх рэалізацыю спатрэбілася б 350 тысяч зл. Канчаткова падтрымку атрымалі 43 праекты 33 арганізацый. Арганізатараў цешыць тое, што пабольшала праектаў, якія будуць выконвацца польскімі і беларускімі сіламі. Напрыклад, такую ініцыятыву праявілі Падляшскі лакальны універсітэт, Еўрапейскае згуртаванне моладзі, Агульнаадукацыйны ліцэй № 10 у Беластоку, Таварыства ў карысць эстэтычнай адукацыі, Маладыя дэмакраты, Таварыства „Карткі”. Падтрымку арганізатараў конкурсу атрымалі адукацыйна-асветныя праекты, накіраваныя да дзяцей і моладзі, а таксама праекты, якіх мэтай з’яўляецца ўзмацненне адкрытага грамадства на дыферэнцыраванай па нацыянальным прызнаку тэрыторыі. Таму будзе працягвацца дзейнасць гайнаўскага форуму ці праграма „Ад абраднасці да тоеснасці”.

Праграмны дырэктар Цэнтра Яўген Вапа адзначыў, што адной з мэт конкурсу з’яўляецца навучэнне дзеячаў як шукаць спонсараў для сваіх праектаў. З гэтай мэтай Еўрапейскае згуртаванне моладзі будзе праводзіць курсы па здабыванні фінансавых сродкаў на асветныя і культурныя мерапрыемствы. Важным, на думку арганізатараў, з’яўляецца яшчэ тое, што конкурс выклікаў працэс аб’ядноўвання людзей для рэалізацыі супольных праектаў. Арганізатары вылучалі тыя праекты, якіх рэалізацыя будзе бачная ў польска-беларускім асяроддзі, напрыклад, выстаўка „Бельск на старой паштоўцы”, якую сарганізуюць Музей у Бельску і Беларускае гістарычнае таварыства.

Намеснік старшыні Праграмнай рады Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь Сакрат Яновіч падкрэсліў, што конкурс на малыя гранты паказвае як невялікімі сродкамі можна рабіць вялікія справы.

Сустрэча атрымальнікаў грантаў закончылася прэзентацыяй паасобных праектаў, якія будуць выконвацца на сродкі Фонду Форда.