Ніва № 50 (2326), 10 снежня 2000 г.

Хмары над садком

Аляксандр МАКСІМЮК

Над Самаўрадавым садком № 14 у Беластоку, у якім ад пяці гадоў працуюць два беларускія аддзелы, у апошнія месяцы навісла безнадзейная атмасфера. Прычынай гэтаму паслужыў конкурс на дырэктара садка. У мінулыя гады Ева Шыманская была адзіным кандыдатам на гэты пост. У палове чэрвеня 2000 г. сваю заяву падала яшчэ настаўніца беларускай мовы Аліна Ваўранюк. Конкурс з назвы стаў рэальным спаборніцтвам. З гэтага часу намаганні Е. Шыманскай пайшлі не так на працу ў садку, у якім і так мала калі яна прысутнічала, як на захаванне пасады. Калі абставіны прымушаюць чалавека насуперак яго волі нечым пазаймацца, становіцца ён састрэсаваным або зласлівым. У даным выпадку нагрузка стрэсу зганялася на два беларускія аддзелы ў садку, працаваць у якіх у канцы канцоў засталіся дзве настаўніцы. Пры дзвюх зменах павінна працаваць іх там чатыры. Але дырэктар не квапілася каго-небудзь прымаць. Адно месца ў беларускіх аддзелах Е. Шыманская пакінула сабе — на выпадак, калі б усё-такі дырэктарам не стала. Другое месца, гэта магчыма, прагандлявала за дадатковы голас падтрымкі на конкурсе. Такая страхоўка з боку Е. Шыманскай была небеспадстаўнай — калі конкурсная камісія параўнала дакументы кандыдатак, Е. Шыманская з’явілася побач А. Ваўранюк як беластоцкае сутарэнне побач нью-йоркскага хмарачоса. Але Беласток гэта не Нью-Йорк, тут пра пасаду вырашае ўсё на свеце — акрамя кампетэнтнасці чалавека. Таму ніхто не дурыў сабе галаву аргументамі ці канцэпцыямі — не яны рашаюць конкурс, а галасы камісіі. Конкурс цягнуўся ад паловы чэрвеня да паловы кастрычніка, перакрочыўшы ўсе вызначаныя рэгламентам тэрміны ды межы звычайнай прыстойнасці. У гэты час абедзве кандыдаткі ды іхнія штабы зрабілі хатнія працы на выдатна, бо конкурс закончыўся нічыёй — галасы камісіі расклаліся 4:4.

Сказаць, што гэткім чынам дырэктарства ў садку апынулася пад пагрозай не цалкам адпавядае праўдзе. Гэтыя два беларускія аддзелы стварылі-выхадзілі самі бацькі і такім чынам дырэктарамі там адчувае сябе, лёгка лічыўшы, палова гэтых жа бацькоў. Для настаўніц у беларускіх аддзелах сітуацыя гэтая часамі дурная, а часамі прыкрая, бо працаваць даводзіцца пад абстрэлам прэтэнзій з боку дзесятка-двух дырэктараў-бацькоў плюс таго аднаго штатнага. Цяпер тая праца асабліва невыносная, бо настаўніц толькі дзве — яны не ў змозе апекавацца дзвюма групамі, дык дзеткамі часткова апякуюцца настаўніцы з польскіх груп, а часткова і дапаможны персанал або кухаркі.

Дарэчы, хто ўжо не прабаваў праводзіць сваю палітыку ў гэтым садку, хто не спрабаваў там „падырэктарстваваць”? Нават бухгалтар садка Марыя Паўлючук, як выявілася, сунула пальчыкі паміж футрыну і дзверы, спрабуючы паціху ўладкаваць на свабодны штат настаўніцы сваю стаўленіцу. Гэта і быў той момант, які цалкам угнявіў бацькоў, з якімі ніхто ў персанальных справах не параіўся. Віцэ-прэзідэнту Беластока Марку Казлоўскаму быў накіраваны Бацькоўскім камітэтам ліст-пратэст, у выніку якога была ўрэшце назначана дырэктар — ад студзеня 2001 г. А што ў снежні, нехта запытае. У снежні, дарагія мае, пытанне беларускіх аддзелаў, мабыць, само вырашыцца па думцы ўлад Беластока, г.зн. беларусы знікнуць з гэтай планеты.

Складаецца невясёлая, але ж сапраўдная карціна — Кураторыя не курыруе, дырэктар не кіруе, самаўрад і прэзідэнт не вырашаюць. Праўда, усе яны часамі прыгадваюць, за што бяруць грошы — вельмі рэдка аднак, неахвотна і, як прынцып, пад прымусам. Адно што добра выходзіць гэтай кампаніі, гэта гладкія словы пра талерантнасць і любоў.