Ніва № 50 (2326), 10 снежня 2000 г.

Арлянскай даўніны дакументаванне

Віталь ЛУБА

24 лістапада г.г. у арлянскай школе было шматлюдна і святочна. Прычынай гэтаму стала падвядзенне вынікаў конкурсу „Наш клас”, пераможцам якога стала мясцовая Пачатковая школа. Конкурс арганізавалі Беларускі саюз і рэдакцыя „Нівы”, а персанальна над ходам конкурсу сачыла рэдактар „Зоркі” Ганна Кандрацюк-Свярубская. Спонсарамі конкурсу былі Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь і Польскі фонд дзяцей і моладзі.

У Орлю прыехалі арганізатары і спонсары конкурсу, настаўнікі беларускай мовы і дырэктары школ з Гайнаўшчыны і Бельшчыны. Апрача арлянскіх дзяцей і настаўнікаў у мерапрыемстве ўдзельнічалі войт гміны, старшыня бацькоўскага камітэта і бацькі вучняў.

Мэтай конкурсу была папулярызацыя беларускай мовы і рэгіянальнай тэматыкі. З ліку чатырох школ, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, яго правілы найлепш выканала Пачатковая школа ў Орлі. Пры вялікай ангажаванасці настаўніц беларускай мовы Галіны Трашчотка і Яўгеніі Тхарэўскай, дырэктар школы Яўгеніі Васілюк, вучняў і іх бацькоў паўстаў клас-музей з мноствам экспанатаў беларускай матэрыяльнай культуры. Знаходзяцца ў ім прылады, якімі ў штодзённым жыцці карысталіся сяляне, абсталяванне вясковай хаты, дэкаратыўная вышыўка. У школе працуе яшчэ клас-кабінет беларускай мовы. Урокі, у залежнасці ад тэматыкі, праводзяцца ў кабінеце або класе-музеі. Настаўнікі далей працуюць над дакументаваннем даўніны. Апрача збору экспанатаў запісваюць яны на відэастужку саматужнікаў пры рабоце і іхнія расказы. Такім чынам паўсталі ўжо сюжэты аб працы каваля, печніка, майстра па звальванні валёнкаў, вышывальшчыцы. У планах — запісанне ўсіх старадаўніх прафесій, якія прападаюць на нашых вачах, не вытрымаўшы саперніцтва з сучаснай тэхнікай.

Старшыня Цэнтра грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь Марцін Рэмбач адзначыў каштоўнасць такіх ініцыятыў у працэсе адукацыі маладога пакалення, а старшыня Беларускага саюза Яўген Вапа падкрэсліў іх значэнне ў станаўленні нацыянальнай самасвядомасці. Прыемным момантам было ўручэнне пераможцу конкурсу віншавальнай граматы беластоцкага куратара асветы. Ад яго імя дырэктара школы павіншавала старшы візітатар Ядвіга Пятровіч.

Грашовыя ўзнагароды атрымалі таксама школы і настаўнікі, якія апынуліся на далейшых месцах. Гімназія на базе Пачатковай школы № 3 у Бельску-Падляшскім (настаўніца Валянціна Бабулевіч) і Комплекс школ у Нарве (настаўніца Ніна Абрамюк) занялі раўнапраўнае другое месца, а Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы (настаўніца Аліна Якімюк) — трэцяе. Дырэкцыя школы ў Орлі ў сваю чаргу ўзнагародзіла дыпломамі 24 бацькоў і 6 настаўнікаў, якія пасадзейнічалі стварэнню класа-музея.

Пасля афіцыйнай часткі адбылася аўтарская сустрэча Віктара Шведа. Паэт чытаў вершы з трох найноўшых паэтычных зборнікаў: „Выбраныя вершы” па-беларуску і пераклады на польскую мову — „Lata wiatr skrzydlaty”, „Grzech nie smiech”. Завяршылася мерапрыемства мастацкай часткай у выкананні мясцовых вучняў і кабарэ „Куль” з Бельскага беларускага ліцэя. Выступленне ліцэістаў спадабалася ўсім, асабліва малечам, якія заходзіліся ад смеху пасля кожнага нумара юных артыстаў (глядзіце фатаграфіі на 7 старонцы).