Ніва № 49 (2325), 3 снежня 2000 г.

Пратэст праваслаўных і беларусаў

Яўген МІРАНОВІЧ

Ад 18 лістапада беластоцкія сродкі масавай інфармацыі займаюцца справай пратэсту супраць дыскрымінацыі праваслаўных і беларусаў Беласточчыны, які напісалі прэзідэнту РП, прэм’ер-міністру, маршалкам Сейма і Сената прадстаўнікі праваслаўных і беларускіх арганізацый. Пакуль змест дакумента не быў вядомы, таму каментаваць яго пачалі палітыкі, якія маюць вельмі дакладна акрэслены пункт гледжання на справу меншасцей. Міхал Камінскі, пасол Хрысціянска-нацыянальнай злучнасці (ЗХН) у размове з журналістам „Радыя Беласток” выступленне праваслаўных і беларускіх дзеячаў назваў рэалізацыяй палітыкі Лукашэнкі, а прэс-сакратар падляшскага ваяводы Тамаш Сурыновіч пратэст назваў дэмагогіяй, пазбаўленай якіх-небудзь канкрэтаў.

Пад пратэстам побач вядомых дзеячаў беластоцкай арганізацыі Саюза левых дэмакратаў — Сяргея Плевы, Яна Сычэўскага, Яўгена Чыквіна, Аляксандра Чужа падпісаліся праваслаўныя актывісты Антон Мірановіч, Ян Зенюк і Яраслаў Матвяюк, а таксама старшыня Беларускага Саюза ў Рэчы Паспалітай Яўген Вапа. Такім чынам праваслаўнае і беларускае асяроддзе выступіла адным блокам. Правым партыям, дамінуючым на Беласточчыне, гэты пратэст праўдападобна аблегчыць мабілізацыю каталіцкага электарату. Няма сумнення, што выступленне будзе паказвацца як перадвыбарчая гульня Саюза левых дэмакратаў і атаясамліваць посткамуністаў з праваслаўнымі і беларусамі. Пратэст, хаця і слушны, аднак, здаецца, зроблены ў неадпаведным часе.

Праваслаўныя і беларусы ва ўспомненым дакуменце пратэстуюць супраць фальшавання гісторыі Беласточчыны, знішчання сімвалаў праваслаўя, нацыяналістычнай дэмагогіі мясцовых каталіцкіх палітыкаў, дыскрымінацыйнай палітыкі падляшскага ваяводы Крыстыны Лукашук, забароны ўшанавання памяці памардаваных беларусаў нацыяналістычным падполлем, правакацыйным паводзінам самаўрадавых улад падчас рэлігійных набажэнстваў у Супрасльскай лаўры.

Пакуль што пратэст праваслаўных і беларусаў выклікаў толькі раздражненасць беластоцкіх суперпатрыётаў. Як гэтыя настроі будуць выкарыстаны ўладамі пабачым неўзабаве.