Ніва № 49 (2325), 3 снежня 2000 г.

Ліст лідэраў праваслаўных і беларускіх арганізацый,

накіраваны прэзідэнту РП, прэм’ер-міністру, маршалкам Сейма і Сената

Ад імя праваслаўнай грамадскасці Польшчы, у тым ліку шматлікіх нацыянальных меншасцей, звяртаемся з заклікам прыняць неабходныя дзеянні і ініцыятывы з мэтай забеспячэння жыцця ва ўмовах выканання законаў і прынцыпаў талерантнасці ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Польшча і еўрапейскімі стандартамі.

Нашу глыбокую занепакоенасць выклікаюць нарастаючыя праявы неталерантнасці, правакацыі, ксенафобіі, вандалізму і парушэння элементарных прынцыпаў грамадскага сужыцця ў адносінах да меншасці з боку ўлад, палітычнай эліты, прадстаўнікоў Каталіцкага касцёла і некаторых грамадзян. Дзеля праілюстравання нашых балючых праблемаў прыводзім некаторыя красамоўныя факты, якія сведчаць аб якасці грамадскіх суадносін на культурным памежжы ва ўсходнім рэгіёне нашай краіны:

— Некаторыя гісторыкі Рэгіянальнага асяродка студыяў і аховы культурнага асяроддзя ў Беластоку шляхам мэтанакіраванага фальшавання гісторыі Беласточчыны аспрэчваюць, а нават выключаюць ролю Праваслаўя і мясцовых нацыянальных меншасцей у фарміраванні культурнай спадчыны рэгіёна.

— Непакоем напаўняе нас факт пажараў у нявысветленых акалічнасцях на працягу апошніх двух дзесяткаў гадоў старадаўніх цэркваў у Ячне, Крушынянах, Кленіках, Чыжах, на Святой Гары Грабарцы і ў Нарве. Толькі ў двух апошніх выпадках падпальшчыкі былі выяўлены.

— Са згоды рымска-каталіцкіх святароў былі ліквідаваны праваслаўныя крыжы ў вёсках Варонічы і Ферма-Завыкі.

— Распаўсюджванню неталерантных адносін садзейнічаюць некаторыя палітыкі. Новаабраны старшыня падляшскага ЗХН, пасол Сейма Міхал Камінскі заклікаў: „Хочам Польшчы для палякаў... Супольнымі сіламі стварайма каталіцка-нацыянальны рэгіён”.

— Шматкратна сваё адмоўнае стаўленне да беларускай меншасці выказала падляшскі ваявода Крыстына Лукашук, якая сістэматычна адмаўляе беларускім культурным арганізацыям у якой-небудзь дапамозе, а таксама Беларускаму музею, нягледзячы на раней падпісанае трохбаковае пагадненне, якое забавязвае ваяводу падтрымоўваць гэтую ўстанову.

— Ужо некалькі гадоў наша грамадскасць хадайнічае перад уладамі аб дазволе на будову двух помнікаў (у Беластоку і Бельску-Падляшскім), прысвечаных памяці ахвяр узброенага падполля і ахвяр ІІ сусветнай вайны. Грэблівыя адносіны ўлад да абедзвюх ініцыятыў праяўляюцца між іншым у ігнараванні прадбачаных законам тэрмінаў адказаў на запыты і беспадстаўнай адмове выдачы дазволу на пабудову.

— У 1999 г. рашэннем Сейміка Падляшскага ваяводства створаны быў Падляшскі фонд пастаяннай адукацыі. Нягледзячы на тое, што адной з мэт Фонду з’яўляецца культываванне абраднасці і народных святкаванняў, а таксама паглыблянне хрысціянскай рэлігійна-культурнай фармацыі, у § 5 Статута пішацца, што асноўнай формай адукацыйнай дзейнасці Фонду з’яўляецца вядзенне народных каталіцкіх універсітэтаў, выцясняючы такім чынам магчымасць далучэння да Фонду і ўдзелу ў гэтай форме дзейнасці арганізацыям, звязаным з Праваслаўнай царквою, не зважаючы на шматлікія заявы аб далучэнні.

— Дэманстратыўнай формай правакацыі ў адносінах да праваслаўных можна назваць паводзіны самаўрадавых улад Супрасля, якія не дапусцілі адслужыць паніхіду за душы манахаў, астанкі якіх пакояцца ў мясцовых катакомбах (гістарычным месцы манаскіх пахаванняў) у днях 9-10 жніўня 2000 года, хаця ў мінулых гадах такія ўрачыстасці адбываліся без перашкод. Так сама балючай для праваслаўнай грамадскасці справай з’ўяляецца блакіраванне перадачы руін катакомбаў праваслаўнаму манастыру ў Супраслі, якога неад’емнай часткай яны былі і з’яўляюцца цяпер.

— Без водгуку з боку самаўрадавых улад, кураторыі і дырэкцыі беластоцкіх школ застаюцца шмат разоў узніманыя вернікамі і іерархамі Праваслаўнай царквы ініцыятывы і просьбы наконт стварэння магчымасці адпрацаваць дні праваслаўных святкаванняў у публічных школах у іншых тэрмінах, так каб дзеці і моладзь мелі натуральныя ўмовы адзначаць свае святы ў адпаведных тэрмінах (паводле юліянскага календара), хаця такая магчымасць прапанавалася Міністэрствам нацыянальнай адукацыі.

— Абгрунтаваны непакой сярод праваслаўных і заадно абурэнне з боку многіх талерантных рымска-каталіцкіх асяроддзяў, якія прыслухоўваюцца экуменічнаму вучэнню Папы Яна Паўла ІІ, выклікаў ліст ксяндза Яна Вяжбіцкага, накіраваны дырэктару Аддзялення Польскага тэлебачання ў Беластоку. Змест ліста характарызуецца пагардай да Праваслаўнай царквы і яе вернікаў, а таксама беларускай нацыянальнай меншасці і жаданнем поўнага іх адхілення ад сродкаў масавай інфармацыі ў Падляшскім ваяводстве.

— Ужо сем з перапынкамі гадоў у польскім парламенце вядуцца працы над законам аб нацыянальных і этнічных меншасцях, а апошнія 20 месяцаў уяўнай працы над праектам закона створанай Сеймам падкамісіі севдчаць аб адмоўным стаўленні ўлад да законнага ўрэгулявання правоў нацыянальных меншасцей у Польшчы.

— У Падляшскім ваяводстве (між іншым, у Беластоку і Бельску-Падляшскім) часта здараюцца выпадкі дыскрымінацыі грамадзян па нацыянальных і рэлігійных прычынах пры практычных вырашэннях палітыкі працаўладкавання, у тым ліку прадузятых звальненняў з работы асоб, якія належаць да меншасці.

— Урад Рэспублікі Польшча ініцыяваў дзеянні па пашырэнні Белавежскага нацыянальнага парку на ўвесь абшар Белавежскай пушчы. Нягледзячы на тое, што ўрадавыя намеры і планы сустрэліся з рашучым супраціўленнем самаўрадаў і мясцовага насельніцтва (праваслаўных беларусаў), паколькі іх ажыццяўленне давядзе да збяднення жыхароў, міграцыі за хлебам, дэнацыяналізацыі і змены этнічнага характару гэтых зямель, што стаіць у супярэчнасці з законамі Еўрапейскага Саюза, урад не прад’явіў канкрэтнай праграмы ўстаранення шкодных паслядоўнасцей пашырэння.

— Дзеяннем, якое выклікае абгрунтаваную боязь у парушэнні Канстытуцыі, з’яўляецца невыконванне прынцыпу маўчання ў справах рэлігіі (арт. 53/7) у выніку патрабавання выяўлення веравызнання пры запісе дзяцей у самаўрадавыя садкі ў Беластоку.

Прыведзеныя намі прыклады ярка супярэчаць прынцыпам дэмакратычный дзяржавы права, грамадскай справядлівасці, раўнапраўя ды свабоды сумлення і веравызнання, гарантаваным Канстытуцыяй РП ад 2 красавіка 1997 г. і міжнароднымі дагаворамі, ратыфікаванымі нашай краінай.

Ліст падпісалі 14 лідэраў беларускіх і праваслаўных арганізацый