Ніва № 45 (2321), 5 лістапада 2000 г.


Адышла ад нас Галіна Русак —

актыўны ўдзельнік грамадскага і культурнага жыцця беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах Амерыкі

Мікола ВАЎРАНЮК

Галіна Русак нарадзілася ў Заходняй Беларусі перад ІІ сусветнай вайной. У 1944 годзе разам з сям’ёю (яе родны брат Усевалад Родзька быў кіраўніком Саюза беларускай моладзі), уцякаючы ад бальшавікоў, апынулася ў Нямеччыне. Пасля вайны жыла ў лагерах для перамешчаных асоб (па-англійску: displaced persons, ад чаго пайшла паўсюдна выкарыстоўваная абрэвіятура ды-пі). Вучылася ў Марбургу, а затым у Лювенскім універсітэце ў Бельгіі. У ЗША пераехала ў 1949 годзе. Ступень магістра гуманітарных навук атрымала ў прэстыжным універсітэце Ратгерс у Нью-Брансвіку, штат Нью-Джэрсі. З гэтым універсітэтам звязала сваё прафесійнае жыццё — стала дырэктарам бібліятэкі на аддзяленні мастацтвазнаўства.

Была членам арганізацыйнага камітэта вялікіх беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі напрыканцы сямідзесятых, якія вітаў сам прэзідэнт ЗША і якія далі штуршок маладому пакаленню амерыканскіх беларусаў падтрымліваць культуру продкаў. Была сябрам Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў у Нью-Джэрсі. Праявіла сябе як цікавы, арыгінальны мастак-жывапісец. Найбольш характэрныя матывы ў яе творчасці — старажытны геаметрычны ўзор і яго пераапрацоўкі ў беларускім народным мастацтве, а таксама пейзажы. Галіна Русак пісала: „Моц і цудадзейнасьць Прыроды істотна ўплывала на станаўленьне майго сьветапогляду. Маё разуменьне жыцьцёвых каштоўнасьцяў сфармавалася на падставе непасрэднае сувязі зь фізычным атачэньнем, а таксама пад узьдзеяньнем міфаў і легэндаў, бабуліных песень і казак, праз адметную ролю знакаў і сымболяў, што адвеку выкарыстоўваюцца жанчынамі ў ткацтве, вышыўцы, ганчарстве”.

Удзельнічала ў шэрагу выставак супольна з іншымі беларуска-амерыканскімі мастакамі. Паказвала свае карціны ў многіх галерэях Нью-Йорка. У 1992 годзе мастацтва Галіны Русак прэзентаваў Нацыянальны музей Беларусі ў Мінску. Выстаўка мела загаловак „Вяртанне”.

Сама спадарыня Галіна наведала Беларусь у пачатку дзевяностых, карыстаючыся кароткім перыядам свабоды, дэмакратызацыі і звароту да нацыянальных каштоўнасцей у Мінску. Любоў да роднай зямлі прышчэплівала ўсё жыццё, разам з мужам Васілём, дочкам, а затым унукам. Найбольшай радасцю дзедкам было чуць з вуснаў унукаў беларускую мову.

У доме Галіны і Васіля Русакоў у Сомерсэт панавала сардэчная атмасфера. Гасціннасць гаспадароў зведалі многія людзі з Беларусі і Беласточчыны, якія апынуліся ў Амерыцы ў пошуках працы, навукі, ці лепшага жыцця. Як адзін з іх, яднаюся ў болю з Вамі, спадар Васіль, з вамі, Ната і Люда ды з вашымі сем’ямі.