Ніва № 45 (2321), 5 лістапада 2000 г.

Змаганне за Беларусь

Яўген МІРАНОВІЧ

Канферэнцыя, арганізаваная 20-21 верасня ў Беластоку Беларускім гістарычным таварыствам, мела на мэце асвятліць працэс змагання за беларускую дзяржаўнасць у ХХ стагоддзі. Як падкрэслівалі гісторыкі з Беларусі, у іх, на Бацькаўшчыне, публічнае разважанне на такую тэму пакуль што немагчымае. Улады, якія прадстаўляюць антынезалежніцкую і постсавецкую плынь беларускай палітыкі, не зацікаўлены ў высвятленні ўсіх працэсаў, якія спадарожнічалі пабудове сучаснай дзяржаўнасці і грамадства. Прапанаваная студэнтам і моладзі гісторыя надалей падтрымлівае савецкую міфалогію, дзе ўсё беларускае называецца нацыяналістычным, буржуазным, калабарацыянісцкім, а сапраўднай айчынай беларусаў у ХХ стагоддзі лічыцца толькі Савецкі Саюз.

Слухаючы даклады калег з Мінска, Брэста, Гомеля, Гродна відаць колькі працы ўкладваюць яны, каб з архіваў выцягнуць тыя факты, аб якіх савецкая гістарыяграфія ніколі не згадвала. Праблемай, аднак, застаецца іх абагульненне. Як заўважыў прафесар Эмануіл Іофе з Мінска, большасць вучоных пералічвае нейкія дэталі, некаторыя ўжо добравядомыя, не выцягваючы з іх ніякіх высноў. Сучасная беларуская гістарыяграфія напамінае такім чынам дзіцячую ўкладанку з тысячы элементаў. Гульня заключаецца, аднак, у тым, каб элементы спалучыць з сабой у належным парадку і атрымаць вобраз. Сёння галоўнай праблемай беларускіх гісторыкаў павінна быць менавіта ўпарадкаванне ўжо вядомых фактаў, акрэсленне іх іерархіі і выпрацоўка высноў.

Гісторыя — гэта навука, якая павінна вучыць грамадзян мыслення ў катэгорыях нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў, паказваць, якія палітычныя памылкі прыводзлі да пакут і няволі, але таксама дапамагаць адкрываць шляхі да свабоды і дабрабыту. Пакуль што, аднак, абагульненнем фактаў і іх інтэрпрэтацыяй займаюцца найчасцей гісторыкі савецкай арыентацыі і робяць гэтае паводле старых выпрабаваных узораў. На жаль, малодшае пакаленне не выпрацавала яшчэ сваёй метадалогіі, сваіх тэрмінаў для ахарактарызавання паасобных палітычных ці грамадскіх з’яў. Змагарамі за Беларусь называюцца тады, напрыклад, чэкісты, якія ў час нямецкай акупацыі расстрэльвалі настаўнікаў беларускіх школ, дзеячаў культуры. Іх ахвяры тым часам называюцца калабарацыяністамі. Гэта вынік пануючай дзесяцігоддзямі адукацыйнай сістэмы, якая не дазваляе адарвацца ад старых схемаў. Дарэчы, літаратура таксама надалей вучыць думаць савецкімі катэгорыямі. Толькі нешматлікім інтэлектуалам, напрыклад, Васілю Быкаву, удалося адарвацца ад расійска-савецкай традыцыі бачання свету.

З беластоцкай канферэнцыі варта, аднак, адзначыць дасягненні некалькіх гісторыкаў, якія прадставілі новыя тэзісы наконт дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі. Андрэй Кіштымаў даказаў, што гаспадарка Беларусі яшчэ да І сусветнай вайны мела ўсе прыкметы, дазваляючыя на самастойнасць. Праблемай, аднак, было тое, што не існавала беларуская грамадская эліта, якая магла б фармуляваць пастулат незалежнасці. Фінансавыя і палітычныя эліты ў Беларусі былі небеларускай нацыянальнай арыентацыі. Таму і патрабаванне дзяржаўнасці і незалежнасці не было ў іх інтарэсе. Станіслаў Рудовіч заявіў нават, што апрача элітаў рускай нацыянальнасці, таксама палякі, як і яўрэі, да І сусветнай вайны расійскую дзяржаўнасць бачылі гарантам іх высокай сацыяльнай пазіцыі і грамадскай стабільнасці. Парушэннем гэтай стабільнасці маглі ў будучыні быць зацікаўлены толькі беларусы. І сапраўды, маладая беларуская інтэлігенцыя адкідала існуючы як палітычны, так і грамадскі парадак, дамагаючыся радыкальных змен.

Хаця першай беларускай незалежнай дзяржаўнасці — БНР — было прысвечана некалькі вуступленняў, у якіх паказваліся новыя факты, аднак не было акрэслена ў якой ступені гэтая дзяржаўнасць была рэальна існуючым утварэннем, а наколькі ідэяй, дэманстрацыяй волі беларускай інтэлігенцыі. Таксама нічога новага не ўдалося пачуць наконт станаўлення беларускай савецкай дзяржаўнасці. Перш за ўсё далей невядома, па якіх прычынах бальшавіцкае кіраўніцтва стварала наперамен, раз літоўска-беларускую, раз літоўскую і беларускую рэспублікі. Гэтыя ўтварэнні ўзнікалі або без удзелу беларусаў, або пры іх сімвалічнай прысутнасці. Нішто не прымушала бальшавікоў да гэтых гульняў, як толькі факт існавання Беларускай Народнай Рэспублікі. Але няма пакуль што ніякіх доказаў, што савецкая дзяржаўнасць мела быць альтэрнатывай для БНР.

Цалкам новы метадалагічны падыход да даследавання гісторыі прадэманстраваў малады гісторык з Гродна Сяргей Токць. Хаця гаварыў ён пра свядомасць сялянскага грамадства ў міжваенны перыяд на прыкладзе толькі аднае Бярштанскай гміны Гродзенскага павета, аднак паказаў усе фактары, якія маглі ўплываць на гэты працэс на тэрыторыі ўсяе Заходняй Беларусі. Перш за ўсё актыўнасць вясковай эліты — дзеячаў Таварыства беларускай школы, Беларускай сялянска-работніцкай грамады — накіроўвалася ў напрамку мабілізацыі грамадства да змагання за Беларусь, беларускасць, нацыянальныя інтарэсы. Справы сацыяльнага характару былі на другім плане. Дзейнасць КПЗБ разбурала рух нацыянальнага характару, выклікала рэпрэсіі з боку польскай паліцыі. Дзейнасць камуністаў мела ўсе прыкметы правакацыі. Выдатна спрыяла рэпрэсіўнай дзейнасці ўлад. У трыццатыя гады, калі стомленыя рэпрэсіямі палякаў дзеячы ТБШ здаліся, пачаўся рэлігійны ўздым. У тым самым часе пражываючая побач літоўская грамадскасць перажывала пастаянны ўздым нацыянальнай актыўнасці. Слухаючы даклад Токця шмат чаго падобнага можна дашукацца ў гісторыі беларусаў Беласточчыны апошніх дзесяцігоддзяў. Хаця метады ўздзеяння ўлад на беларусаў памяняліся, аднак рэакцыі нашай грамадскасці асталіся амаль такія ж.

Анатоль Вялікі з Мінска вельмі лагічна даказаў, што БССР не была ніякім суб’ектам міжнароднага права. Усе вышэйшыя чыноўнікі Міністэрства замежных спраў рэспублікі назначаліся Сакратарыятам або Палітычным бюро ЦК КПСС. Ніхто ў Мінску не займаў ніякіх палітычных пастоў без бласлаўлення маскоўскага партыйнага кіраўніцтва. Анатоль Вялікі заўважыў нават, што называць І сакратара Камуністычнай партыі Беларусі Пятра Машэрава „слаўным сынам беларускага народа” з’яўляецца вялікім недаразуменнем. Перш за ўсё — заявіў дакладчык — быў ён „вялікім сынам Камуністычнай партыі Савецкага Саюза”.

Віктар Астрога паказаў як адраджэнне дзяржаўнасці паўплывала на стаўленне да нацыянальнай ідэі беларусаў-афіцэраў савецкай арміі. Суполкі беларускіх вайскоўцаў узнікалі ў шматлікіх гарнізонах на тэрыторыі Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы. Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў у Казахстане, кіраванае падпалкоўнікам Станіславам Суднікам, выдавала нават свой часопіс „Рокаш”, карысталася беларускай нацыянальнай сімволікай. Суднік разам з палкоўнікам Цверскага гарнізона Вікенціем Чорным прабавалі зацікавіць найвышэйшыя ўлады незалежнай Беларусі справай стварэння нацыянальнай арміі. Спікер парламента Станіслаў Шушкевіч адказаў ім аднак, што ў вайсковых справах не мае ніякай арыентацыі, а прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч заявіў, што яго гэта не цікавіць. Стаўленне найвышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва да вайсковай праблемы таксама паказвае, чаму краіна павярнула ў мінулае, калі ўсе народы Сярэдняй і Усходняй Еўропы пачалі шукаць лепшай будучыні.