Ніва № 45 (2321), 5 лістапада 2000 г.

Рэфлексіі з побыту ў Беларусі

Наталля ГЕРАСІМЮК

Маю добрага сябра, англічаніна. Пазнаёміліся мы тры гады таму, калі ён ўпершыю завітаў у наш Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы. Некалькі слоў пра яго. Завуць Алістар Рабальяці, закончыў універсітэт у Оксфардзе, піша доктарскую дысертацыю пра нацыянальныя меншасці ў Польшчы. У Гайнаўку завітаў у пошуках матэрыялу да сваёй працы. Тады мы пазнаёміліся і пасябравалі.

Напісанне ягонай працы завяршаецца. Маім заданнем было дапамагчы сабраць і апрацаваць інфармацыю пра беларускую нацыянальную меншасць. Каб Алістар больш поўна і дакладна зразумеў беларусаў, іх культуру і гісторыю, вырашыла я забраць яго ў падарожжа па Беларусі.

Даволі доўга трывалі ўсе фармальнасці. Аказваецца, што ён, грамадзянін Велікабрытаніі, які мае магчымасць ездзіць па цэлым свеце без ніякіх віз, ваўчэраў, часам нават без пашпарта, у незалежную і вольную Беларусь не можа ўехаць без запрашэння і візы. Яшчэ больш незразумелым для яго было тое, што каб беларусу паехаць куды-небудзь за мяжу, трэба мець шэраг дазволаў, як з турмы.

Але мяжа за намі. Мы ў Беларусі, у вольнай краіне за калючым дротам.

Першы дзень нашага побыту прысвяцілі Камянеччыне, адкуль я родам. Пабывалі ў Белавежскай пушчы, наведалі Камянецкую Вежу, якая вось ужо каторы год закрыта для наведвальнікаў, ідзе рэстаўрацыя, якая невядома калі скончыцца, бо ў дзяржавы няма грошай на такую дробязь, як ахова помнікаў.

Другі дзень прысвяцілі мы Брэсту. Алістара цікавіла ўсё: гісторыя, архітэктура, цэрквы, музеі, крамы. На жаль, ва ўсім горадзе мы не маглі знайсці паштовак з Брэстам. Затое не бракавала адкрытак з сабакамі і катамі. Найбольшым атракцыёнам для майго сябра былі паштоўкі з партрэтам прэзідэнта. Купіў іх адразу некалькі штук, каб пасля адорваць сяброў.

Увечары таго ж дня вырушылі мы ў накірунку Наваградка. Ад сябровак я ведала, што там арганізуецца рыцарскі турнір. Падумалася, што варта паехаць паглядзець.

Што ж, рыцарскі турнір — гэта свая, асобная, гісторыя.

Запланавана свята было на два дні. У першы дзень была прэзентацыя рыцарскіх ордэнаў, было некалькі „бітваў”, і, як пісалася ў праграме, павінна было адбыцца рыцарскае вяселле.

Апавяду ўсё па парадку.

На цэнтральнай плошчы Наваградка было малалюдна і вельмі спакойна, і, хаця ў горадзе больш за 30 тысяч насельніцтва, мясцовых жыхароў амаль не было. Ды і тыя, што былі, трапілі сюды зусім выпадкова. Жыхары ўвогуле не ведалі, што гарадскія ўлады штосьці арганізуюць. Ва ўсім горадзе не было ні адной афішы, ні адной аб’явы. На плошчы перад падмосткамі стаяла міліцыя, якой была вялікая колькасць. На аднаго простага смяротніка прыпадала 4-5 міліцыянераў. Цяжка было растлумачыць Алістару чаму гэта так.

Прыкрым было тое, што не знайшоўся ніхто, каб прывітаць удзельнікаў і гасцей турніру па-беларуску. Выпадала б, здаецца, на беларускай зямлі хоць час ад часу карыстацца гэтай мовай. Усюды гучала руская мова, а вядучы ўвогуле меў такую лексіку, што мне было сорамна перад маім сябрам.

Пасля прэзентацыі ўсе пайшлі на Замкавую Гару. У рове рыцары заканчвалі будаваць загароды, таму што арганізатары не паспелі гэтага зрабіць на час.

У касцёл на шлюбную цырымонію нас не пусцілі. Там стаяў кардон міліцыі і пускаў толькі асобы, якія мелі спецыяльны пропуск ад мэра горада. Мы такіх пропускаў не мелі, іх нідзе не прадавалі, і нас адштурхвалі ўбок, сказаўшы ўздагон некалькі „пяшчотных” слоў.

Заказвалі спаборніцтвы рыцараў на конях. Чакаць прыйшлося больш за дзве гадзіны, пакуль арганізатары прыгатуюць месца, рыцары аб’ездзяць коней, якія былі зусім не прыгатаваны да такога выступлення. Спёка была страшэнная. Тысячы людзей (чутка ўжо абляцела горад) сядзелі пад сонцам, без ніякай надзеі на цень і чакалі пачатку спаборніцтваў. Чакалі доўга, а дачакаўшыся былі расчараваны. Не варта было наражаць здароўе для абы-якога відовішча.

Пасля няўдалых конных спаборніцтваў аб’явілі, што будзе „бугурт”, гэта значыць — біцца будуць. І зноў вядучы выказаўся не надта вышуканай лексікай, звяртаючыся да рыцараў і гледачоў. Мой сябра дамагаўся, каб я ператлумачыла ўсё, што было сказана. Гэтай просьбай ён паставіў мяне ў тупік. Спаслалася я на тое, што крыху не дачуваю і не ўсё зразумела.

На рыцараў нам больш не хацелася глядзець. Пайшлі зведаць горад. Усюды было шмат міліцыянераў, але на нашы пытанні як прайсці туды і туды, дзе знаходзіцца тое і тое, яны толькі паціскалі плячыма і гаварылі, што не ведаюць, бо не тутэйшыя. Сагналі міліцыяю з усёй Гродзенскай вобласці. І навошта?

Сярод рыцараў былі мае знаёмыя з Полацка. Аказваецца, усе рыцары прыехалі на турнір на ўласны кошт, самі прыгатавалі сабе месца бітвы, самі павінны былі шукаць, дзе можна пасілкавацца (зразумела за свае грошы), а мала таго, то яшчэ павінны былі застрахаваць сваё здароўе за ўласныя сродкі.

Насоўваецца пытанне: для каго арганізатары рабілі гэтае „свята”?

Для рыцараў, каб яны маглі спаткацца, памяняцца досведам, умацаваць традыцыю? Мяркуючы па адносінах да галоўных удзельнікаў — не!

Для гасцей, каб пазабавіць іх, прыцягнуць турыстаў? Таксама не, бо на ўласнай скуры адчулі мы непатрэбнасць гасцей у гэтай імпрэзе.

Для сябе, каб у плане культурных мерапрыемстваў паставіць тлустую „птушку” ў рубрыцы „выкананне”, ды пабавіцца самім? Рашуча так!

Прызнаюся, што задума была някепскай, з шырокім размахам, але арганізацыя і выкананне прымушаюць пажадаць многа лепшага. Склалася ўражанне, што ўсе сілы былі скіраваны на напісанне праекта — на выкананне не засталося нічога.

Заставацца ў Наваградку яшчэ адзін дзень мы не мелі ніякай ахвоты. Каб не мае сябры, то і адзін дзень побыту ў гэтым горадзе быў бы жудасны (маю на ўвазе Наваградак у час турніру).

Дарогу ў Брэст мы правялі ў глыбокай цішыні. На развітанне спытала Алістара пра яго ўражанні ад Беларусі. Пытала і баялася пачуць нешта прыкрае, што пасля будзе балючай ранай ныць у душы.

Адказ быў такі (цытую даслоўна): „Вельмі прыгожая краіна, шмат лясоў і азёр. Па прыгажосці няма ёй роўных. Добрыя дарогі. І... надта цярплівы народ”.

І ўсё! Нічога больш дадаць нельга. У гэтым кароткім рэзюме сабрана ўся праўда пра Беларусь і берарусаў.

Так мы выглядаем у вачах іншаземцаў.