Ніва № 45 (2321), 5 лістапада 2000 г.

Канферэнцыя аб нацмешасцях

Юрыдычны статус нацыянальных меншасцей у Польшчы ў святле агульнай канвенцыі Савета Еўропы аб ахове нацыянальных меншасцей быў тэмай канферэнцыі, якая адбылася ў Сейме ў днях 23-24 кастрычніка г.г. Канвенцыю СЕ Польшча падпісала 1 лютага 1995 года. 27 красавіка 2000 года Сейм упаўнаважыў прэзідэнта ратыфікаваць яе (не здзейснілася яшчэ гэта). Дакумент Савета Еўропы шчыльна звязаны з Еўрапейскай хартыяй правоў чалавека і, у адпаведнасці з ім, ахова нацыянальных меншасцей, іх правоў і свабод не з’яўляецца выключнай кампетэнцыяй асобнай дзяржавы, але складае інтэгральную частку міжнароднай аховы правоў чалавека. У прэамбуле канвенцыі адзначаецца, што „бурныя падзеі ў еўрапейскай гісторыі даказалі, што ахова нацыянальных меншасцей неабходная для стабілізацыі, дэмакратычнай бяспекі і міру на кантыненце”. Да гэтай пары канвенцыю ратыфікавалі 32 краіны.

„Юрыдычны статус меншасці ў Польшчы поўнасцю адпавядае агульнай канвенцыі Савета Еўропы аб ахове нацыянальных меншасцей. Адпаведныя правілы аб ахове нацыянальных меншасцей запісаны ў канстытуцыі і шэрагу законаў, напрыклад, у законе аб згуртаваннях, самаўрадзе, асвеце, радыёвяшчанні і тэлебачанні, — сказаў старшыня сеймавай Камісіі нацыянальных меншасцей Яцэк Курань. — Іншая справа, гэта самаадчуванне. У многіх месцах да меншасцей ставяцца варожа, паводле прынцыпу: вы не ў сябе. Трэба памятаць, што адносіны большасці да меншасці ў прынцыпе заўсёды дрэнныя”. Паводле прамоўцы, варожасць у адносінах да меншасцей узгадоўваецца ў „супольных малых айчынах” — месцах, дзе разам жывуць большасць і меншасць. Часта нацыянальныя меншасці прадстаўляюць сабою поўную культурную адрозненасць, зусім іншае бачанне свету. У Польшчы тычыцца гэта ромаў (цыганоў), якія звычайна ўспрымаюцца як жабрацкі, брыдкі і кепскі народ.

Станіслаў Станкевіч з Цэнтральнай рады ромаў у Польшчы гаварыў, што ўлады не рэагуюць на выпадкі дыскрымінацыі ромскіх дзяцей у школах, на падпалы цыганскіх дамоў. Ромы не выступаюць супраць інтэграцыі, яны хочуць толькі стабілізацыі, аднак дзеля гэтага трэба стварыць такую сітуацыю, у якой будуць адчуваць сябе бяспечнымі.

Ян Сычэўскі — старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства заўважыў, што калі на польскіх мерапрыемствах у Беларусі ўдзельнічаюць прадстаўнікі дзяржаўных улад, то ў Польшчы на беларускія ўрачыстасці не прыходзяць нават мясцовыя чыноўнікі.

Галіна Датнер з Саюза яўрэйскіх канфесійных гмін адзначыла, што яўрэі — асаблівая меншасць: ні тэрытарыяльная, ні моўная. Польскія яўрэі самі спрачаюцца наконт таго, ці яны — канфесійная меншасць, а іх галоўная мэта — ахова памяці і ахова грамадскай атмасферы.

Браніслаў Макоўскі з Супольнасці літоўцаў у Польшчы тлумачыў, што на цяперашні кшталт адносін паміж палякамі і літоўцамі паўплывала гісторыя. Калісьці былі ў нас супольныя манархі, гаварыў, але ўжо ў міжваенны перыяд палякі глядзелі на літоўцаў як на бунтаўшчыкоў. Цяпер палякі адвучыліся заўважаць меншасці, а іх патрабаванні ўспрымаюць паводле прынцыпу: мы вам даем грошы, а вы яшчэ наракаеце?

Агульная выснова двухдзённай канферэцыі ў Варшаве наступная: юрыдычны статус нацыянальных меншасцей у Польшчы, а таксама польскае заканадаўства ў галіне аховы іх правоў поўнасцю адпавядаюць еўрапейскім стандартам, аднак у лакальных грамадскасцях здараюцца выпадкі ўзаемнай варожасці.

Паводле ПАП