Ніва № 43 (2319), 22 кастрычніка 2000 г.

Хто перамог пакажа час

Зміцер КІСЕЛЬ

Яшчэ напярэдадні выбараў стала зразумела, што вертыкаль выканае загад „бацькі” і забяспечыць яўку людзей на выбарчыя ўчасткі. Але спосабы, як гэта рабілася, на будучых прэзідэнцкіх выбарах зробяць Лукашэнку дрэнную паслугу. Людзей гналі на выбары пад прымусам. Абураліся нават тыя, хто і так пайшоў бы галасаваць. Ад страху перад вышэйшым начальствам кіраўнікі меншага рангу зусім згубілі галаву. Дырэктары прадпрыемстваў на планёрках, замест вырашэння вытворчых пытанняў, займаліся выбарамі. Як распавёў мне супрацоўнік аднаго з гродзенскіх прадпрыемстваў, усім быў аддадзены загад у панядзелак 16 кастрычніка дакласці, ці галасаваў. Калі не, пішы заяву на звальненне па асабістым жаданні. Можна было проста схлусіць. Аднак па неафіцыйных звестках, старшыня гродзенскага выканкама Пашкевіч сабраў адмысловую нараду, дзе сказаў, што ў выпадку правалу выбараў у Гродне па асобных раёнах будзе брацца выбарка дакументаў і вылічацца тыя, хто не прагаласаваў. Да такіх людзей, калі яны працуюць на дзяржаўным прадпрыемстве, будуць прымацца карныя меры, нават да звальнення з працы. Магчыма, гэта звесткі недакладныя, але на людзей яны дзейнічаюць. Ад страху згубіць працу яны ішлі галасаваць. За каго, уладам не важна, галоўнае, каб выбары адбыліся.

У выніку рэжым быццам бы дамогся свайго. Па афіцыйных даных па краіне ўдзел у выбарах прынялі каля 60% выбаршчыкаў. Найбольшая актыўнасць была ў Гродзенскай вобласці — 67%. Але назіраецца дзіўная заканамернасць. З першага тура былі абраны 20 былых дэпутатаў, якія найбольш набліжаны да Лукашэнкі. За некаторых прагаласавала ажно 80% выбаршчыкаў. У больш за 10 акругах выбары не адбыліся. Там балатаваліся непатрэбныя для ўлад дюдзі. У тым ліку і старшыня сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч. У большасці акруг, хутчэй за ўсё там, дзе кандыдаты не прадстаўляюць для Лукашэнкі вялікага значэння, 29 кастрычніка адбудзецца другі тур галасавання.

Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі ўжо гавораць пра скрышальную паразу апазіцыі. Аднак такія выбары можна назваць перамогай апазіцыі. Летам падчас прэзідэнцкіх выбараў прымусовыя выбаршчыкі могуць пайсці галасаваць добраахвотна. Тады ў Лукашэнкі не будзе шанцаў. Зразумела, калі з выбараў зноў не зробяць фарс.