Ніва № 43 (2319), 22 кастрычніка 2000 г.

Астаўся толькі Лукашэнка

Яўген МІРАНОВІЧ

Выбары прэзідэнта Польшчы паказалі, што ніводнаму палітыку нельга, нават калі мае ён падтрымку Каталіцкага касцёла, ігнараваць грамадства. Большасць тых, што аддалі свой голас за Аляксандра Кваснеўскага, так у сапраўднасці галасавала супраць Мар’яна Кшаклеўскага. Несумненна, найбольшым саюзнікам Кваснеўскага быў салідарніцкі ўрад, які рэалізаваў славутыя рэформы, што прывялі да роспачы вялікую частку грамадства. Так ці інакш, польскае грамадства ў дэмакратычным галасаванні выказалася за нейкую форму сацыялізму, супраць карупцыі і разбэшчанасці некампетэнтнага чыноўніцтва. Што з гэтага атрымаецца — невядома. За пару месяцаў сацыялісты, ці інакш посткамуністы, маюць вялікі шанц усю ўладу сканцэнтраваць у сваіх руках і адмяніць на доўгія гады адмоўнае ўспрыманне іх лагера як сілы, за якой цягнецца цень таталітарнага кіравання Народнай Польшчай.

На поўдні Еўропы сербы адназначна выказаліся супраць дыктатуры Мілошавіча. Стары камуністычны апаратчык, прайграўшы тры войны, трымаўся крэсла аж да межаў смешнасці. Толькі тады, калі генералы дэманстратыўна адмовіліся абараняць таталітарную ўладу свайго галоўнакамандуючага, Мілошавіч прызнаўся, што прайграў выбары. Не мяшалі яму нават шматтысячныя дэманстрацыі на вуліцах Бялграда. Праўдападобна, калі б меў ён адданыя сабе вайсковыя фарміраванні, уладу яшчэ не пакінуў бы. У недэмакратычнай сістэме ніхто не зважае на волю народа. Сербскаму дыктатару доўгія гады спрыяла шчасце. У мінулым годзе яго ўладу паратавалі амерыканцы разам з натаўскімі саюзнікамі, пачынаючы агрэсію супраць Сербіі. Сёлета выразна было відаць, што надаеў ён амаль усім сербам, калі нават палітычная паліцыя не рабіла нічога падчас захопу парламента і будынка тэлебачання прыхільнікамі Войслава Каштуніцы.

У Еўропе толькі ў Беларусі пратрываў рэжым, які яшчэ адкрыта можа сабе дазволіць на ігнараванне грамадства. Лукашэнка, аднак, мае вялікіх саюзнікаў у выглядзе расійскага палітычнага кіраўніцтва. Становішча расіян можна зразумець. Лукашэнка дае ім поўную гарантыю забеспячэння іх палітычных, вайсковых і гаспадарчых інтарэсаў. Дэмакратычна выбраныя ўлады былі б залежныя толькі ад волі народа. Таму 15 кастрычніка замест парламенцкіх выбараў адбыўся чарговы палітычны фарс, у выніку чаго будзе створана атрапа заканадаўчага органа. У Беларусі югаслаўскі варыянт палітычных змен немагчымы, таму што няма там ні свае арміі, ні свае палітычнай паліцыі. Палкоўнікі і генералы, якія кіруюць сілавымі структурамі Беларусі, выконваюць загады Масквы, а згодна з тамашняй традыцыяй змагання за ўладу няма такіх ахвяр, якіх нельга было б кінуць для патрэб расійскіх дзяржаўных інтарэсаў.

Мала таксама праўдападобнае, што расіяне калі-небудзь прымусяць Лукашэнку прытрымоўвацца дэмакратычных правіл змагання за ўладу. Сёння вельмі выразна відаць, што ён не ў змозе існаваць ва ўмовах дэмакратыі. Можна сабе ўявіць Лукашэнку на месцы Кваснеўскага на плошчы каля палаца Браніцкіх у Беластоку, калі насупраць прэзідэнта стаіць натоўп і крычыць: „П’яніца, вон з нашага горада!” Ні інтэлектуальна, ні псіхічна Лукашэнка не падрыхтаваны дзейнічаць у такіх умовах. Гледачам мінскага тэлебачання сваімі паводзінамі можа ён напамінаць чалавека з еўрапейскай феадальнай эліты, напрыклад, караля Францыі Луі ХІV, які паўтараў: „Дзяржава — гэта я”.

Расіяне маглі б яшчэ падмяніць Лукашэнку нейкім іншым палітыкам, які ва ўмовах дэмакратыі гарантаваў бы стабільнасць іх палітычным інтарэсам. Апрача Зянона Пазьняка, большасць апазіцыйных палітыкаў гатова супрацоўнічаць з Масквою і весці палітыку з улікам яе інтарэсаў. Але ад часу, калі ў лістападзе 1996 г. Віктар Чарнамырдзін назначыў кіраўніком рэспублікі Лукашэнку замест Шарэцкага, відаць, што расійскі ўрад не хоча гуляць у дэмакратыю ў Беларусі. Таму, хаця ў Беларусі астаўся адзіны недэмакратычны рэжым у Еўропе, не відаць ніякіх прадпасылак на змену сітуацыі. Нельга таксама забываць, што беларускі дыктатар мае за сабой падтрымку вялікай часткі грамадства і пакуль што не выйдуць, як у Бялградзе, сотні тысяч людзей на вуліцы Мінска пратэставаць супраць дыктатуры.