Ніва № 42 (2318), 15 кастрычніка 2000 г.

Гісторыя і навінка

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

Паказалася новая мемуарная кніга Георгія Валкавыцкага „У каменным крузе”. Закранае яна той перыяд біяграфіі аўтара, калі ён знаходзіўся на прымусовых работах ва Усходняй Прусіі. У мяне складваецца ўражанне, што ў Георгія Валкавыцкага каменны круг з’яўляецца сімвалам-сінонімам сведкі гісторыі, як Стоўнхэндж у Англіі, свяцілішча Перуна ў Расіі ці Чортава балота ў Белавежскай пушчы. І загаловак кнігі невыпадковы — аўтар быў сведкам, хай сабе і не надта галоўным, важных гістарычных падзей. Кніга Георгія Валкавыцкага заслугоўвае нашай асаблівай увагі таму, што нам наогул даводзіцца знаёміцца з падзеямі другой сусветнай вайны, але бачанымі вачыма чужых высокапастаўленых вялікадзяржаўных чыноўнікаў. Успаміны нашых простых людзей, загнаных супраць іх волі таталітарнымі рэжымамі ў эпоху самага жудаснага рабаўладальніцтва, толькі ад дзесяці гадоў маюць магчымасць вынесці на свет белы тую праўду, якой яны былі сведкамі — без цэнзарскага ўмяшання. Мне пашчаслівіла запісаць байкавата такіх успамінаў і згаданую кнігу чытаў я як нешта добра ўжо вядомае, аднак „Каменны круг” прыносіць і новыя дэталі.

Георгій Валкавыцкі, які падчас транспарту ў Рэйх перамяніўся з вясковага баўэра ў гарадскога шлёсэра, папаў такім чынам у горад, і то ў самы галоўны — Кёнігсберг. А ў горадзе — не тое, што ў вёсцы — праца адбываецца толькі ў вызначаныя змене гадзіны. Апошні час можна было выкарыстаць для сваіх нявольніцкіх патрэб. Аўтар не змарнаваў таго часу, бываў то тут, то там, назіраў за людзьмі, прымаў актыўны ўдзел у таварыскім жыцці; кніга дае добры агляд таго, што дзеялася ў той час сярод зняволеных усходнікаў, палоненых заходнікаў і стаўленне да гэтага „звышчалавекаў”. Аўтар займальна, а хвілінамі нават вытанчана, не толькі апісвае абставіны, але і ўпрыгожвае тое апісанне сваімі рэфлексіямі.

Ва ўводным слове Георгій Валкавыцкі паведамляе: „Нічога не прыдумаў. Так было”. Як было, гэта найлепш ён ведае, аднак мяне пасля такога зароку здзівіла з’яўленне на старонках кніжкі ягонага alter ego — Сідара Макацёра. Мо з літаратурнага пункту гледжання яго прысутнасць і карысная, аднак ставіць пад сумненне тое „нічога не прыдумаў”.

Аўтар пастаянна карыстаецца назвай Кенігсберг, а такога горада не было ні ў нямецкай, ні ў беларускай мовах, ні нават на общепонятном языке. Сідар на такі закід адказаў бы:

— Я там быў і лепш ведаю!

Да таго ж Георгій Валкавыцкі часта траціць з поля зроку тую ісціну, што кніга адрасуецца галоўным чынам чытачу, а не самому аўтару. А ў кнізе сустракаюцца такія фразы як напр. Дальневосточная, смелее в бой! (стар. 23), якую не вядома да чаго прышыць ці прычапіць. Ёсць і іншыя галаваломкі, напр. каму быў адведзены гонар узяцця сталіцы рэйха?

Надта нядобра, што аўтар пад канец кнігі заняўся ваеннай стратэгіяй — ягоныя вывады прадстаўляюць смехатворную каштоўнасць; не час аднак тут і месца іх аспрэчваць.

Шкада, што аўтар паспешліва канчае сваю кнігу надта энігматычнай згадкай пра „фільтрацыю”; пра яе можна было напісаць больш дэталёва, а не выкручвацца Сідаравым форсам — круцельствы вакол такой крайне экзістэнцыяльнай падзеі наводзяць на думку даволі несімпатычныя падазрэнні.

Дзесяты раздзел „Каменнага круга”, гэта амаль поўнасцю перапісаныя „Краты, пацукі, тхары” з „Белай вязі”. У „Белай вязі” аўтар даводзіць сваю аповесць пра прымусовыя вандроўкі да лагічнага канца — да вяртання на радзіму, згадваючы яшчэ мімаходам і пра наведанне — ужо ў салдацкай форме — сваёй Waggon-Fabrik і стрэчанне там бландзіністай валькірыі... У „Каменным крузе” гэтага няма, затое як чорт з табакеркі выскаквае вайна „нашых” з „нашымі”. І гіганты-дыверсанты! У такім садоме напэўна ж ёсць і нейкі праведны Лот; паўстае тут пытанне: каму Георгій Валкавыцкі адвёў гэтакі фінальны гонар?

У мяне складваецца ўражанне, што Georg Wolkowyki, мо нат несвядома, на заканчэнне „Каменнага круга” падорыў нам новую ў нас, следам за баршчынай і сакрацікамі, літаратурную форму — валкавік; этымалогія ад метада: вали валом.

Чытача можа здзіўляць, што пасля пачатковага захаплення я пералічваю шмат заган. Справа ў тым, што я, як лоцман, асцерагаю чытача „Каменнага круга” перад рыфамі, якія перад ім паставіў аўтар. Думаю, і да гэтага шчыра заахвочваю, што кніга аднак зацікавіць шматлікіх чытачоў, бо яе варта прачытаць і дзеля пашырэння ведаў пра малавядомае мінулае, і дзеля асалоды мастацкім словам Георгія Валкавыцкага.

Георгій Валкавыцкі, У каменным крузе, Беласток 2000 г.

Кнігу можна купіць (7 зл.) або заказаць у рэдакцыі.