Ніва № 42 (2318), 15 кастрычніка 2000 г.

Гаварыць адным голасам

Размова з паслом Сейма Рэчы Паспалітай Сяргеем ПЛЕВАМ.

У апошні час многа шуму ў Польшчы выклікаў праект закона аб раздзяржаўленні кватэр і зямлі, г.зв. ustawa uwlaszczeniowa. Вам, спадар пасол, як члену сеймавай Камісіі п.с. будаўніцтва, да таго ж сялянскага роду, гэтая праблема вельмі блізкая. Ваша партыя, Саюз левых дэмакратаў, была супраць праекта. Чаму?

— У гэтай справе м.інш. сёння (26 верасня — А. В.) у мяне пабывалі двое наведвальнікаў, якія хацелі пераканаць мяне, што прэзідэнт няправільна налажыў вета на праект новага закона. Я пераканаў тых людзей, што калі б прэзідэнт не наклаў на згаданы праект вета, тады пакрыўдзіў бы тых бедных людзей, якія дабіваюцца засвоення кватэр. Закон той — аб раздзяржаўленні — патрэбны і неабходны, але не ў такой форме, якую прыняў Сейм. Пра заганнасць таго праекта сведчыць хаця б тое, што Сенат да звыш трыццаці артыкулаў унёс больш за шэсцьдзесят паправак, значыць — на кожны артыкул па дзве ў сярэднім папраўкі, якія самыя такім чынам той праект перакрэслілі. Далей — праект закона парушае канстытуцыю, м.інш. таму, што ўваходзіць на прыватную ўласнасць. Кааператыўны закон у 1-м артыкуле гаворыць, што маёмасць кааператыва з’яўляецца прыватнай уласнасцю яго членаў. Засвойвальны закон, так яго назавем, уваходзіць у кааператыўную сферу, значыць, у прыватную ўласнасць, што абсалютна нязгодна з канстытуцыяй. Праект закона няроўна ставіцца да суб’ектаў, якіх чакае раздзяржаўленне. У выпадку перадачы на ўласнасць камунальных кватэр — яны рознай велічыні, рознай вартасці, і рознага тэхнічнага стану. Штукай лічыцца кватэра сумнявальнага стандарту, і такой жа штукай лічыцца кватэра высокага стандарту. Калі б прапанаваны закон акрэсліваў вартасць, на якую грамадзянін мае права, было б разумна, але той закон такой вартасці не акрэслівае. Уявім сабе многасямейны камунальны будынак, якога жыхары атрымаюць права ўласнасці на кватэры ў ім. Яны ў першую чаргу будуць вымушаны ўтрымоўваць той будынак, а акрамя таго неаднаразова са сваіх пенсіянерскіх сродкаў праводзіць рамонты ў тых будынках; сёння гэта абавязак камунальнай адміністрацыі. Да таго ж яшчэ — гэта будзе іх уласная нерухомасць; урад добра падумаў, бо ад уласнай нерухомасці бярэцца падатак — тыя людзі атрымалі б дадатковую павіннасць. А яшчэ ж многія жыхары выкупілі кватэры на ўласнасць ці то ад камунальных устаноў, ці ад кааператываў. Праект закона гаворыць, што тым людзям належацца прыватызацыйныя талоны, але не акрэслівае іх вартасці. Ніхто не ўмее сказаць, які той талон будзе і на якія мэты можна будзе яго скарыстаць. Нейкія два тыдні таму пасол Блехарчык бараніў закон па радыё; на жаль, яму не ўдалося высветліць згаданых мною сумненняў.

Гэтак справа выглядае ў агульнасці. Можна было б уваходзіць у дэталі, але хіба не ў тым справа.

— Чаму тады АВС і ПСЛ за такім законам?

— АВС разглядае гэты закон як выбарчую каўбасу — наконт гэтага не маю ніякіх сумненняў. Затое зусім незразумелыя адносіны да яго ПСЛ. Праўдападобна АВС падвёў ПСЛ пад дурнога хату, бо АВС меўся галасаваць за нулявым падаткам на дабаўленую вартасць (ПДВ) у сельскай гаспадарцы; тое галасаванне некалькі разоў адтэрміноўвалася, а наканец АВС загаласаваў за большы ад нуля падатак ПДВ у сельскай гаспадарцы, з чаго ПСЛ вельмі незадаволены. Але так сталася, бо спярша адбылося галасаванне закона аб раздзяржаўленні...

— Раней многа шуму было вакол люстрацыі. Гамана прыціхла, сышла на другі план, але ж працэс адбываецца. Кранае ён і паслоў Сейма. Ці Вам нешта вядома пра люстрацыйныя справы прадстаўнікоў нашага тутэйшага электарату?

— Я тэмай люстрацыі асабліва не займаўся — не цікавіць яна мяне асабіста. Здаецца мне, што люстрацыйны закон, як і многія фарсіраваныя законы, з’яўляецца справай не так практычнай, як палітычнай і, як ведаем са сродкаў масавай інфармацыі, ён больш ударыў па сённяшняй кааліцыі, чым апазіцыі. Маю сур’ёзныя засцярогі да таго закона хаця б і таму, што справы разглядаюцца неаб’ектыўна, адбываецца валакіта дзеля таго, каб даць нейкую сенсацыю публіцы.

— Тры гады таму, пасля парламенцкіх выбараў, Вы гаварылі, што ад нашага электарату мог бы быць яшчэ адзін пасол. Ці ёсць нейкія зрухі ў гэтым напрамку?

— Так. Паводле мяне — нас замала. Таксама, беручы пад увагу апініі Цэнтра даследавання грамадскай думкі (Centrum Badania Opinii Publicznej — А. В.), наш электарат будзе настолькі моцны, што ў будучых выбарах са старога Беластоцкага ваяводства будзе нас прынамсі чатырох, а мо нават пецярых. Лічу, што ў гэтым скліканні, сыходзячы нават з самога пераліку галасоў, магло нас быць прынамсі на аднаго больш. Замнога было галасоў несапраўдных. Няма стопрацэнтнай упэўненасці, а нават цяжка каго-небудзь падазраваць, аднак званілі да мяне два выбаршчыкі, якія галасавалі на мяне ў сваім выбарчым участку, дзе паводле пратакола тамашняй выбарчай камісіі я не атрымаў ніводнага голаса. Меркавалі мы, што з гэтай справай зрабіць, ці вярэдзіць яе, аднак пакінулі яе ў спакоі не з увагі на палітычны, а на практычны яе бок, бо высвятлялася б гэтая справа і забірала б час прынамсі палову кадэнцыі. Будзем змагацца, галоўным чынам прасіць наш электарат, каб масава пайшоў на выбары. А калі людзі пойдуць масава, тады будуць намнога большыя шансы павялічыць лік нашых паслоў. Маем таксама шанс на аднаго сенатара.

— Як Вы бачыце абставіны ў нашым тут беларускім руху?

— Сёння абставіны ў беларускай меншасці незадавальняючыя, таму што не яднаюць дзеянняў, людзей і руху, а ў многіх выпадках — дзеляць. Аднак здаецца мне, што апошнія ініцыятывы аптымістычныя, бо сустрэліся паслы Беластоцкай зямлі — спадар Сычэўскі і я — з, спярша, гаспадарчымі дзеячамі беларускай нацыянальнасці, пасля з раднымі і гаспадарчымі дзеячамі, а трэцяя сустрэча была з рэдактарамі беларускіх сродкаў масавай інфармацыі. Мы там узгоднілі пэўныя меры, пра дэталі якіх яшчэ гаварыць зарана, бо працэс фарміруецца. Справа ў тым, каб тыя арганізацыі, незалежна ад іх колькасці, — і беларускія, і праваслаўныя, кацілі каляску ў адным напрамку, бо калі будуць цягнуць у розныя бакі, то з таго смяяцца будзе ксёндз Вяжбіцкі і яму падобныя. У нашай, адносна невялікай грамадскасці няма адзінства і гэтую грамадскасць вельмі лёгка расчляніць. Паводле мяне, беларускі рух, нягледзячы на палітычныя разыходжанні, павінен у знамянальных пытаннях — беларускасці, праваслаўя, сродкаў на аб’екты беларускай культуры — гаварыць адным голасам. І тады будзе поспех.

Мне здаецца, што вядуць да гэтага нармальныя, сяброўскія, мірныя размовы.

— А як у тым усім Вы, спадар пасол, бачыце нашу „Ніву”?

— Па-мойму, „Ніва” павінна адыграць у гэтым галоўную ролю. „Ніва” ж — найстарэйшы беларускі тыднёвік, чытаюць яе і ў школах. Па-мойму, крыху замала нашага грамадства купляе яе ў малых мястэчках і вёсках. Мяркую, што з прычыны нястачы грошай, бо людзі нямнога прэсы купляюць, а найчасцей слухаюць радыё і аглядаюць тэлебачанне. Таксама і з распаўсюджваннем нешта не ў парадку — не ўсюды „Ніву” магчыма купіць; можа кіёскі з-за нейкай аглядкі не бяруць яе. Паводле майго меркавання, „Ніва”, павінна супрацоўнічаць з „Czasopisem”, які нядаўна адзначаў юбілей, і з „Przegladem Prawoslawnym” — гэты тэрцэт павінен узаемна дапаўняцца.

Калі згадка пра праграмы, добра было б, калі б „Ніва” падтрымала мае дзеянні — думаю, што і радныя таксама пойдуць у тым напрамку. Справа ў тым, што праграмы тэле- і радыёперадач, адрасаваныя нацыянальным меншасцям, перадаюцца ў той самы час. Я адначасна, калі перадаюцца беларускія праграмы, уключаю радыёпрыёмнік у кухні і тэлевізар у пакоі, і так падслухваю, ці падацца да радыёпрыёмніка, ці да тэлевізара; па-мойму — гэта непаразуменне. Я асабіста гутарыў з дырэктарам Беластоцкага тэлебачання, — абяцаў ён размову з прэзасам Польскага радыёвяшчання — пра перамяшчэнне гэтых праграм прынамсі на паўгадзіны, каб яны на сябе не находзілі. А іх публіка на нашай тэрыторыі даволі вялікая. Калі б зварот „Нівы” пасадзейнічаў у гэтай справе, быў бы я вельмі ўдзячны.

— Што Вы, спадар пасол, хочаце сказаць нашым чытачам ад сябе?

— Я захоплены грамадскасцю Гайнаўкі, яе культурнымі і спакойнымі паводзінамі ў час сустрэчы з прэзідэнтам Кваснеўскім. Гэта не Беласток, дзе прыйшло некалькі нажаўнікоў дзеля парушэння спакою.

Я хачу заахвоціць наша беларускае грамадства да чытання „Нівы” і іншых часопісаў, якія выходзяць на беларускай, або на беларускай і польскай мовах. Калі не хапае ім на пакупку прэсы, то хай абменьваюцца між сабою. Акрамя таго хачу перадаць сардэчныя пажаданні і прывітанні, бо ж беларуская грамадскасць на нашай тэрыторыі складае ў большасці і мой электарат, дзякуючы якому выконваю пасольскія абавязкі.

— Дзякую за размову.

Гутарыў Аляксандр ВЯРБІЦКІ