Ніва № 41 (2317), 8 кастрычніка 2000 г.

Інфармацыя Генконсульства РБ у Беластоку

15 кастрычніка 2000 года ў Рэспубліцы Беларусь адбудуцца выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Згодна з рашэннем Цэнтральнай выбарчай камісіі і адпаведна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, грамадзяне Рэспублікі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту на дзень правядзення галасавання, могуць прыняць удзел у выбарах. Згодна з беларускай канстытуцыяй выбары з’яўляюцца свабоднымі і ўсеагульнымі.

На сённяшні дзень у сядзібе Генеральнага Консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку створаны выбарчы ўчастак. Прыпомнім сабе: Консульства знаходзіцца па вуліцы Варыньскага 4; кантактныя тэлефон у Беластоку: 744 55 01 і тэлефакс: 744 66 61. Усе зацікаўленыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, таксама як грамадзяне Польшчы, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, якія хацелі б больш даведацца пра развіццё выбарчай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, атрымаць актуальную інфармацыю, а таксама азнаёміцца з прынятым Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, а праз некаторы час і са спіскамі выбаршчыкаў, могуць звяртацца ў Консульства.

Дадаткова інфармуем, што ў выбарах могуць прымаць удзел не толькі тыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі т.зв. Беластоцкай консульскай акругі, — Падляшскае, Вармінска-Мазурскае і Люблінскае ваяводствы, — але таксама тыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца ў Польшчы часова, прыехалі ў Польшчу з турыстычнымі мэтамі ці ў госці. Запрашаем да ўдзелу ў выбарах таксама студэнтаў — грамадзян Рэспублікі Беларусь а таксама выкладчыкаў з Беларусі, якія вучацца або працуюць на тэрыторыі Беластоцкай консульскай акругі.

На сённяшні дзень на тэхнічным пасяджэнні, якое адбылося 30 жніўня г.г. у Вене (Аўстрыя), было прынята рашэнне аб магчымасці накіравання ў Рэспубліку Беларусь міжнародных назіральнікаў за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі. Кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь было ініцыявана і ўнесена ў Выбарчы кодэкс і нарматыўныя дакументы, якія рэгулююць правядзенне выбараў у Рэспубліцы Беларусь, шэраг паправак, устаноўлены т.зв. перыяд даверу ў Рэспубліцы Беларусь. На рэгулярнай аснове праводзяцца сустрэчы прадстаўнікоў урада Рэспублікі Беларусь з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса, які акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь. Падчас гэтых сустрэч даводзіцца інфармацыя аб паслядоўных канструктыўных дзеянных кіраўніцтва дзяржавы па забеспячэнню свабодных і агульнапрызнаных выбараў у Палату прадстаўнікоў беларускага парламента.

Дадаткова інфармуем, што ўсе кандыдаты ў дэпутаты маюць аднолькавыя магчымасці па правядзенню перадвыбарчай кампаніі, г.зн. усім кандыдатам, незалежна ад якой партыі яны выступаюць, прадстаўляецца час у дзяржаўных і недзяржаўных электронных сродках масавай інфармацыі, а таксама ў друкаваных медыях. Усе міжнародныя назіральнікі, якія хацелі б прысутнічаць на парламенцкіх выбарах, у тым ліку прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, дзеля таго, каб асвятляць правядзенне выбараў, могуць звярнуцца ў Цэнтральную выбарчую камісію Рэспублікі Беларусь або праз адпаведнае дыпламатычнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь дзеля атрымання пасведчанняў ці адпаведнай прэс-акрэдытацыі. Гэтыя дакументы дадуць магчымасць назіраць у рамках сваёй кампетэнцыі за ходам выбараў.

11 верасня г.г. было прынята рашэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з якім у склад Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў уключаны з правам дарадчага голасу прадстаўнікі беларускіх палітычных партый, якія выставілі сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на маючых адбыцца выбарах. Пастанаўленнем „Аб стварэнні пры Цэнтральным выбарчым камітэце Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Назіральнага савета па інфармацыйных спрэчках, якія могуць узнікаць пры правядзенні выбарчых кампаній і рэферэндумаў” створана структура, да абавязкаў якой належыць захаванне законнасці ў сферы дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі. Назіральны савет надзяляецца правам разглядаць спрэчкі, якія ўзнікаюць пры выкарыстанні сродкаў масавай інфармацыі ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення выбараў. У склад Савета ўвайшлі вопытныя юрысты, журналісты і грамадскія дзеячы. Пасяджэнні Савета з’яўляюцца адкрытымі, рашэнні прымаюцца адкрытым галасаваннем простай большасцю галасоў. Гэты крок кіраўніцтва беларускай дзяржавы ў чарговы раз сведчыць аб намеры стварыць роўныя магчымасці ўсім кандыдатам у дэпутаты.

25 верасня 2000 года