Ніва № 41 (2317), 8 кастрычніка 2000 г.

Як у казцы

Аляксей МАРОЗ

Урачыстае адкрыццё новага будынка Пачатковай школы і Гімназіі ў Дубінах адбылося 20 верасня 2000 года з удзелам мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы, падляшскага ваяводы Крыстыны Лукашук, самаўрадавых улад і шматлікіх гасцей, якія дапамаглі пры пабудове школы.

Прыгожа і цудоўна

— Так прыгожа і цудоўна, як у казцы, — цешылася Тамара Крайнік, дырэктар Гімназіі, якая пачне працу ў новым будынку.

Вельмі спадабаўся ён вучням, бацькам і настаўнікам. Прыгожа запраектаваная актавая зала, шырокія калідоры, прасторныя і светлыя кабінеты для навучання і цікавы вонкавы выгляд спадабаліся таксама гасцям, якія прыбылі на свята, якім у Гайнаўскай гміне сталася адкрыццё школьнага будынка. З ліку ўсіх прапаноў гмінныя ўлады выбралі прыязны асяроддзю праект (газавае ацяпленне), прыстасаваны таксама да вучобы калекіх асоб. Да гэтай пары дзеці з Пачатковай школы вучыліся ў двух старых драўляных будынках у Дубінах і Навасадах, пабудаваных яшчэ ў міжваенны перыяд — ацяпляліся яны кафельнымі печкамі. Не было там кухні, сталовай, ні туалетаў — знаходзіліся яны ў асобным будынку. Гімназісты вучыліся ў Пачатковых школах у Дубінах і Арэшкаве, а іхнія настаўнікі ездзілі з адной вёскі ў другую.

Адкрыццё новага будынка пачалося ад урачыстага перарэзання стужкі і асвячэння мітрапалітам Савам школьных памяшканняў. Войт гміны Вольга Рыгаровіч, прывітаўшы гасцей, пазнаёміла прысутных з гісторыяй пабудовы школы, звяртаючы ўвагу на фінансавыя цяжкасці і ахвярнасць мясцовага насельніцтва. Госці выступілі з віншаваннямі, а вучні паказалі артыстычную частку ды падзякавалі войту Вользе Рыгаровіч і іншым дабрачынцам.

Вельмі хуткімі тэмпамі

Пастанову аб пабудове новай школы Рада гміны прыняла яшчэ ў 1995 годзе, але гэтай ідэі не ажыццяўляла, бо не магла разлічваць на частковае фінансаванне інвестыцыі Кураторыяй у Беластоку. Аб інвестыцыйных працах радныя вырашылі ў лістападзе 1998 года, калі паявіліся грошы ў рамках „Кантракту для Белавежскай пушчы”. Краевугольны камень закладзены быў 22 ліпеня 1999 года і тады працы пайшлі хуткімі тэмпамі. Прадпрыемства „Домэкс” будавала вельмі хутка і ўжо пасля трынаццаці месяцаў будынак здало ў карыстанне. Уся інвестыцыя каштавала 5 мільёнаў 400 тысяч злотых. З „Кантракту для Белавежскай пушчы” гміна атрымала 2 мільёны 400 тысяч злотых, 1 мільён 800 тысяч злотых складаў крэдыт, а астатні мільён злотых — уласныя сродкі. 9 тысяч злотых сабраў Грамадскі камітэт пабудовы школы, 20 тысяч злотых паступіла з Кураторыі ў Беластоку на абсталяванне класаў. Гмінныя ўлады вымушаны яшчэ шукаць дадатковыя сродкі, каб заплаціць за будову.

Патрэбныя спонсары

— Звяртаемся да спонсараў з просьбай дапамагчы нашай школе. Без вонкавай дапамогі вельмі доўга яшчэ не абсталюем кухні, — сказала войт Вольга Рыгаровіч. — Можа хаця б абсталяваннем нехта нам дапаможа, заўсёды было б ад чаго пачынаць.

У час выступленняў госці падтрымалі ідэю дапамогі школе, а першыя ахвяравальнікі падарылі школе тэлевізар і два відэамагнітафоны. Патрэбныя яшчэ сродкі на абсталяванне кабінетаў, у якіх стаяць толькі парты і крэслы. Трэба таксама падумаць пра пабудову гімнастычнай залы, бо на калідорах або ў класах цяжка будзе весці заняткі па фізкультуры — дзеля гэтага, аднак, спатрэбіцца ўжо ўрадавая дапамога.

Будуць дзеці ў новай школе

— Не апраўдаліся сумненні, што ў школе не будзе дзяцей, — сказала Вольга Рыгаровіч.

У новым навучальным годзе пачалі заняткі 120 вучняў у Пачатковай школе ды 81 вучань у Гімназіі. Будуць яны займацца ў 13 новых залах, сярод якіх адна чакае абяцаных гімназіям камп’ютэраў. Малодшых дзяцей з 14 навакольных вёсак і пасёлкаў ды старэйшых вучняў з усёй гміны давозяць у школу два новыя аўтобусы, якія ў змозе забраць звыш 50 вучняў. Пасля арганізацыйных змен у гміннай асвеце некаторыя настаўнікі вымушаны працаваць у некалькіх школах. Найбольш настаўнікаў даязджае ў Гімназію, у якой з чатырма аддзеламі працуе 14 педагогаў. У Пачатковай школе з вучнямі працуюць 16 педагогаў, у тым ліку новая настаўніца беларускай мовы Ніна Куптэль, якая раней працавала ў Навакорніне.

— Каля 85% вучняў з Пачатковай школы ходзіць на ўрокі беларускай мовы, — заявіла дырэктар Ніна Валкавыцкая. — Плануем арганізаваць у школе залу рэгіянальнай культуры, у якой памесцім сабраныя намі экспанаты. Будзе там адбывацца, між іншым, навучанне беларускай мове.

У гімназічных класах толькі каля 50% вучняў заявіла ахвоту хадзіць на ўрокі беларускай мовы, але настаўніца Ніна Куптэль, якая паказалася ў Навакорніне як добры педагог, спадзяецца, што колькасць вучняў у будучыні пабольшае.

Мерапрыемства закончылася выступленнем беларускага калектыву, у якім паказаліся Пятро Скепка і Ірыней Пшыходскі — раней яны ігралі ў вядомым калектыве „Дубіны”.