Ніва № 37 (2313), 10 верасня 2000 г.

Беларускім дзецям расійскія падручнікі

Зміцер КІСЕЛЬ

Напярэдадні новага навучальнага года ў Гродне на плошчы Леніна, насупраць гарадскога выканаўчага камітэта распачаў сваю працу так званы школьны базар. У расстаўленых перад велізарным помнікам правадыру камуністаў Леніну гандлёвых палатках прадаюцца сшыткі, дзённікі, атласы, падручнікі, карацей усё, што патрэбна, каб дзіця было гатова да пачатку навучальнага года. Толькі ёсць адна акалічнасць — бацькам, якія жадаюць, каб іх дзеці вучыліся на роднай мове на гэтым базары няма чаго рабіць. Усё разлічана на рускамоўнае навучанне. На вокладках сшыткаў і дзённікаў прыгожыя каляровыя выявы расійскіх поп-зорак або кінаакцёраў. Праўда, у адной з палатак акрамя расійскіх рэкламуюцца і амерыканскія зоркі, галоўныя героі фільма „Тытанік”. Асаблівым попытам карыстаюцца геаграфічныя, гістарычныя атласы і контурныя карты. Гандляры, а гэта ў асноўным супрацоўнікі дзяржаўных гандлёвых прадпрыемстваў і вайсковага гандлю, прапаноўваюць разнастайны выбар гэтага тавару. Але ўсе атласы рускамоўныя, больш таго — яны зроблены ў Расіі. Як сведчыць надпіс на вокладках, распрацоўшчык — Федэральная служба геадэзіі і картаграфіі Расіі. А з гістарычных атласаў можна даведацца, што Расія існавала ўжо ў ІХ-ХІІ стагоддзях, але на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Як настаўнікі змогуць растлумачыць дзецям пра Полацкае княства, пра яго барацьбу за незалежнасць з дапамогай такіх картаў па гісторыі?

На паліцах разнастайны выбар „Буквароў” і „Азбук” для першакласнікаў. Па іх гродзенскія дзеці павінны навучыцца чытаць. Зыходзячы з асартыменту гэтых першых дзіцячых кніжак чытаць яны будуць вучыцца па-руску. Па сістэме распрацаванай у Маскве. Усе азбукі і буквары надрукаваны рознымі расійскімі фірмамі і рэкамендаваны да ўжытку Міністэрствам адукацыі Расійскай Федэрацыі. Ёсць дапаможнікі для настаўнікаў. Зборнік хатніх заданняў па-рускай мове, алгебры і геаметрыі. Дапаможнікаў для навучання па-беларуску няма. Убачыўшы на адной з паліц беларускі дзённік, які сваёй кардоннай вокладкай, нейкага шэра-блакітнага колеру рэзка выдзяляецца сярод каляровых расійскіх дзённікаў, успамінаеш, што знаходзішся не ў Тамбове, а ў Гродне. Нейкую сувязь з беларускасцю падтрымліваюць і дапаможнікі па беларускай літаратуры для тых, хто паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, але экзамены туды ўжо даўно скончыліся. Навошта гэтыя дапаможнікі прадаюцца перад 1 вераснем, невядома. Ёсць у продажы падручнік па гісторыі Беларусі, як адзначана на вокладцы, са старажытнага да нашага часу. Напісаны ён па-руску двума выкладчыкамі Гродзенскага універсітэта Іванам Коўкелем і Эдмундам Ярмусікам. Спадар Коўкель вядомы спецыяліст па выкрыцці беларускіх нацыяналістаў, такіх як Ларыса Геніюш, Янка Купала, браты Луцкевічы. Яго малодшы калега займаецца тым жа ды вывучаў яшчэ дзейнасць савецкага камсамола. Магчыма абодва аўтары найшлі і ў старажытных часах беларускіх нацыяналістаў, але камсамольцаў там напэўна не было.

Пашпацыраваўшы па школьным базары, робіцца зразумела, чаму ў Гродне не засталося ніводнай беларускай школы, хаця ж згодна вынікам афіцыйнага перапісу большасць жыхароў Гродзеншчыны назвалі сябе беларускамоўнымі. У бацькоў няма выбару. Яны ж не могуць самі друкаваць школьныя падручнікі. Беларускасць зараз у Беларусі можа захавацца толькі дзякуючы выхаванню ў сям’і.