Ніва № 37 (2313), 10 верасня 2000 г.

Высокі ўзровень і добрыя ўмовы

Аляксей МАРОЗ

Ліцэісты і гімназісты Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы 1 верасня 2000 года запоўнілі спартыўную залу, сустракаючыся са сваімі настаўнікамі і госцем — павятовым інспектарам асветы Гражынай Дымінскай. Дырэктар Яўген Сачко праінфармаваў пра змены, якія будуць уведзены ў школе ў новым навучальным годзе і вучні разышліся па сваіх залах на сустрэчу з выхавацелямі. Пасля былі яшчэ ўспаміны канікул і сяброўскія размовы.

Расце колькасць вучняў

З кожным годам штораз больш вучняў прыходзіць вучыцца ў Гайнаўскі белліцэй. У гэтым годзе на заняткі ў школе будзе хадзіць 680 вучняў, якія будуць займацца ў 19 аддзелах ліцэя і 4 аддзелах гімназіі. У першыя класы прынялі 128 ліцэістаў і 60 гімназістаў.

— Дваццаць тры аддзелы цяжка будзе памясціць у нашым школьным будынку. Ужо ў мінулым годзе мы пераўтварылі два настаўніцкія кабінеты ў залы для навучання. Сёлета заняткі будзем весці таксама ў чытальнай зале і таму даўжэй будзе працаваць бібліятэка. Хочам, аднак, працаваць на адну змену, — заявіў дырэктар белліцэя Яўген Сачко. — Сёлета больш аддзелаў, бо прынялі мы гімназістаў, але ў наступным годзе не будзе набору ў першы клас ліцэя і колькасць вучняў зменшыцца. Апраўдалася ідэя стварэння Комплексу школ. Пазітыўна ацанілі гэтую пастанову Педсавет і Бацькоўскі камітэт, задаволены самі гімназісты, ліцэісты, можа, менш. Праз 6 гадоў вучобы ў гімназіі і ліцэі будзе можна лепш навучыцца беларускай мове. Гімназісты, якія пасля пойдуць у ліцэй, даўжэй будуць мець непасрэдны кантакт з нашымі настаўнікамі.

Хутка павялічваецца таксама колькасць настаўнікаў у белліцэі. У гэтым годзе працаваць будзе 47 педагогаў, сярод якіх 33 на поўным штаце. Прыняты на працу — на поўны штат — трох выпускнікоў Гайнаўскага белліцэя, двух былых студэнтаў Лінгвістычнага універсітэта ў Мінску, Сняжына Пліс (Пучко) і Юрка Герасімюк, якія будуць працаваць настаўнікамі замежных моў і Аліна Лаўрыновіч, якая стане школьным педагогам.

Высокі ўзровень навучання і добрыя ўмовы вучобы

Паводле рэйтынгу сярэдніх школ, які праводзіў часопіс „Перспектывы”, Гайнаўскі белліцэй заняў 52 месца сярод сярэдніх школ нашай краіны і 4 месца ў Падляшскім ваяводстве, а ў рэйтынгу, які арганізавалі Кураторыя ў Беластоку і „Газета выбарчая”, белліцэісты апынуліся на 12 месцы ў нашым ваяводстве, намнога апярэджваючы ўсе школы ў Гайнаўскім павеце. Самых вялікіх поспехаў дабіліся гайнаўскія белліцэісты ў Алімпіядзе беларускай мовы, у якой 5 вучняў стала лаўрэатамі і 6 фіналістамі, а адна вучаніца змагалася ў цэнтральных элімінацыях Экалагічнай алімпіяды. Вучні перамагалі таксама ў спартыўных і вайсковых спаборніцтвах у маштабе ваяводства і краіны.

У новым школьным будынку добрыя ўмовы вучобы, прасторныя кабінеты, калідоры і новая спартыўная зала. Нядаўна прывезлі ў школу новыя камп’ютэры, а раней у кабінеце замежных моў пастаўлена была гукавая апаратура. Абсталяванне ў прадметных кабінетах і на калідорах дапамаглі выканаць бацькі вучняў, а нацыянальныя сцягі і гербы каля ўвахода ў актавую залу праектаваў і выконваў гайнаўскі мастак Віктар Кабац. Многія вучні карыстаюцца школьнай сталовай, якая прадае таксама абеды для вучняў іншых школ, для людзей звонку і гэтымі паслугамі зарабляе грошы для школы. У час канікулаў перад уваходам у школу праклалі новы тратуар, а зараз вакол школьнага будынка ставяць агароджу. Яшчэ ў гэтым годзе прадбачваецца падключэнне школьнай сістэмы ацяплення да гарадской кацельні. У белліцэі чакаюць таксама пастановы гарадскіх улад у справе будовы крытага басейна, які знаходзіўся б побач спартыўнай залы. Карысталіся б ім таксама вучні іншых школ і жыхары горада.

Праграмныя і арганізацыйныя змены

Белгімназісты вучацца паводле новых праграм навучання. Настаўніца беларускай мовы Аліна Якімюк стварыла аўтарскую праграму, якая абапіраецца на падручніках да сёмага і восьмага класаў былой пачатковай школы. У ліцэі вучні вучацца беларускай мове паводле аўтарскіх праграм, якія кожны настаўнік дастасоўвае да патрабаванняў экзамена на атэстат сталасці і праграмы прадметнай алімпіяды. Зараз настаўніца беларускай мовы Вольга Сянкевіч піша праграму навучання беларускай мовы для будучага трохгадовага ліцэя. Нядаўна настаўнікі беларускай мовы выязджалі на курсы падрыхтоўкі да арганізацыі новага экзамена на атэстат сталасці па беларускай мове, які будзе праведзены ў 2002 годзе. Ужо трэба складаць тэмы да ўнутранага пісьмовага экзамена, якія вучні трэціх класаў будуць браць для распрацоўкі. Новыя стандарты патрэбныя, перад усім, для вонкавага экзамена, які белліцэісты будуць здаваць перад спецыяльнай камісіяй.