Ніва № 36 (2312), 3 верасня 2000 г.

Адметнасць

Яўген МІРАНОВІЧ

Сёлетняе свята Праабражэння Гасподняга на Святой Гары Грабарцы было вельмі адметнае не толькі таму, што на гэтым месцы з’явілася як ніколі раней многа вернікаў, што адзначаўся юбілейны Двухтысячны год і што трапіла сюды копія цудатворнай іконы Іверскай Божай Маці, падараваная афонскімі манахамі. Хто пастаянна наведвае Грабарку на Спаса, напэўна заўважыў таксама, што ў гэтым годзе не было тут палітыкаў, якія, карыстаючыся нагодай, стараліся, каб заўважыў іх шматлюдны патэнцыяльны электарат. Такім чынам прафанацыя Святой Гары трывала ад часу палітычных пераўтварэнняў у Польшчы, калі з’явіліся свабодныя выбары ў парламент і самаўрады. На шчасце няма праваслаўнага кандыдата на прэзідэнцкі пост і таму праабражэнскае свята магло адбывацца з належнай дастойнасцю. Другая асаблівая адметнасць, пра якую не ўспомнілі сродкі масавай інфармацыі, гэта адсутнасць на святым месцы мілітарыстычных акцэнтаў. У мінулым годзе ўсё паказвала, што Грабарка можа стаць пастаянным месцам вайскова-патрыятычных маніфестацый. Дзякуючы Богу ў гэтым годзе дзень Праабражэння Гасподняга быў сапраўды рэлігійным святам.