Ніва № 36 (2312), 3 верасня 2000 г.
З Афона на ГрабаркуПаўліна ШАФРАНПраваслаўная царква ў Польшчы святкаванні 2000-годдзя хрысціянства сумясціла са святам Праабражэння Гасподняга, якое адзначалася на Святой Гары Грабарцы 18 і 19 жніўня г.г. Па ініцыятыве мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы 2000-гадовы юбілей быў спалучаны з атрыманнем копіі цудатворнай іконы Іверскай Божай Маці — дару манахаў са Святой Гары Афон для Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.Ікона Іверскай Божай Маці знаходзіцца ў Іверскім манастыры на Афоне. Паводле традыцыі, Божая Маці разам з апосталамі падалася прапаведаваць навуку свайго Сына ў Ібэрыю, якая разам з Калхідай складалі старажытную Грузію. Аднак, калі Багародзіца плыла ў госці да Лазара, на моры пачалася навальніца, якая лодку скіравала на Афонскі паўвостраў, дзе жылі паклоннікі бога Апалона. Там Багародзіца расказала пра свайго Сына і Ягоную навуку. Ахрысціла Яна новых хрысціян і пасля блаславенства сказала, што з гэтага месца будзе разыходзіцца па ўсім свеце вера і навука Сына Божага. Першыя інфармацыі пра ікону паходзяць з першай паловы IX стагоддзя — з часоў іканаборства. Пачаткова ікона знаходзілася ў царкве багатай удавы ў горадзе Нікея ў Ібэрыі (цяпер Ізнік у Турцыі). Жанчына з сынам выпрасілі ў іканаборцаў некалькі гадзін часу на сабранне патрэбных для выкупу грошай. Выходзячы, адзін з іх у злосці, убіў у ікону Божай Маці кап’ё. Тады здарыўся цуд — з іконы паплыла кроў. Удава, каб захаваць найдаражэйшую сэрцу ікону ад спалення, разам з сынам занесла яе над мора. Там, пасля шматгадзіннай малітвы, апусціла ікону на ваду. Сталася непраўдападобнае: ікона не патанула, і пачала плысці на захад. Прайшло многа гадоў. Удава памерла, а сын стаў манахам на Святой Гары Афон. Там расказаў ён манаскай браціі пра цудоўную ікону. Аднойчы манахі пабачылі на моры вялікі стоўб агню — ад вады да неба — пасярэдзіне якога была ікона Божай Маці. Ніхто пачаткова не мог падысці да іконы. Калі пачыналі падыходзіць да яе манахі — ікона хавалася ў ваду. Ікону ўдалося ўзяць грузінскаму манаху-аскету Гаўрыілу, якому Багародзіца аб’явілася ў сне. Гэта ён, ідучы па вадзе, прынёс ікону ў манастырскую царкву. Там 3 дні і 3 ночы манахі маліліся, дзякуючы Богу за цудоўны дар. Аднак Божая Маці не згадзілася, каб Яе ікона стаяла ў царкве і сама выбрала сабе месца — у манастырскай браме. Манахі яшчэ некалькі разоў пераносілі ікону ў царкву. Багародзіца сказала ў сне Гаўрыілу, што гэта Яе ікона будзе сцерагчы манастыры і ўсю гару Афон, а не манахі Яе ікону. З гэтай пары ікона Божай Маці знаходзіцца ў каплічцы каля брамы. Ад месца, у якім знаходзіцца ікона, называюць яе па-грэчаску Портаітыса, Брамніца — ахоўніца брамы. Паводле манахаў, калі ікона Іверскай Божай Маці знікне са Святой Гары Афон, тады наступіць канец свету. Іверская ікона Божай Маці вядомая шматлікімі цудамі. Калі манастыру пагражаў голад, Багародзіца з’явілася ў сне настаяцелю манастыра і напоўніла калоссі збожжам, а пустыя свірны маслам і агароднінай. Многа разоў ратавала манахаў ад пажараў і эпідэмій. У 1854 годзе манахі вымушаны былі ўцякаць з Афона ад наезду ворагаў. З сарака тысяч засталася толькі тысяча. Багародзіца памагла і ў гэтым выпадку. Ворагі не наехалі манастыроў. Брамніца з’яўляецца адной з найбольш вядомых і шанаваных ікон у Праваслаўнай царкве ва ўсім свеце, а найбольш — у Расіі, дзе першыя копіі трапілі ў XVII стагоддзі, пры цары Аляксею Міхайлавічу і патрыярху Нікане, які заказаў копію на Афоне. Копія іконы Іверскай Божай Маці напісана манахамі скіта св. Мікалая Буразеры. 15 жніўня копія разам з афонскімі манахамі прыляцела ў Варшаву. А 13 гадзіне гэтага ж дня была яна ўнесена ў сталічную кафедру св. Марыі Магдаліны. 16 жніўня пасля Літургіі каля 18 гадзіны ікону прывіталі манахі Яблачынскага мужчынскага манастыра. На другі дзень, у чацвер, у мясцовасці Турна-Малая на Бугу цудатворную ікону прывіталі духоўныя і паломнікі, якія перанеслі яе да аддаленых на 10 кіламетраў Сямятыч, у царкву св.св. Пятра і Паўла. Адтуль 18 жніўня, напярэдадні Спаса, пасля Літургіі, якая пачалася а 9 гадзіне і ў якой удзельнічалі прадстаўнікі Польскай, Беларускай і Украінскай Праваслаўнай царквы, паломнікі з Беластока, Сямятыч і навакольных вёсак занеслі копію іконы на Святую Гару Грабарку. Там, а 17 гадзіне ля падножжа гары, пры крыніцы ад імя ўсіх паломнікаў і ўсіх праваслаўных хрысціян іконе пакланіліся Яго Блажэнства, першаіерарх Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы мітрапаліт Сава і ігумення манастыра. У гэтым годзе свята Спаса прыцягнула ўвагу шматлікіх вернікаў. Паводле арганізатараў, на Святой Гары Грабарцы маліліся каля 50 тысяч людзей. Большую частку складалі маладыя паломнікі з Падляшскага ваяводства. Большасць з іх паломнічалі з Беластока, Бельска, Гайнаўкі, Сямятыч. Некаторыя з іх ішлі на Святую Гару ўпершыню. Першы дзень паломніцтва для некаторых быў свайго роду баявым хрышчэннем не толькі для цела, асабліва для ног, не прызвычаеных да доўгага маршу, але і для душы. Аднак усе цяжкасці мінулі з хвілінай прыходу на Святую Гару. „Нават ногі перасталі балець, — сказаў адзін з паломнікаў з Бельска Давід Вакулеўскі. — Варта было пайсці. Такога спакою душы, з аднаго боку, пакоры і сілы з другога, нельга адчуць у іншым месцы як на Грабарцы”. |