Ніва № 34 (2310), 20 жніўня 2000 г.

У гонар хрысціянкі, паэткі, патрыёткі

Зміцер КІСЕЛЬ

9 жніўня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння славутай беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Напярэдадні гэтай даты 6 жніўня ў царкве ў мястэчку Зэльва была асвечана мемарыяльная дошка ў гонар гэтай славутай жанчыны, якая была ўсталявана ў храме. Тое, што Праваслаўная царква так ушанавала памяць Ларысы Геніюш, справа невыпадковая. Паэтка ўсё жыццё была шчырай хрысціянкай. Нават у самыя змрочныя для Царквы часы, калі і сама Ларыса Геніюш была пад няспынным наглядам КДБ, яна адкрыта, не хаваючыся малілася Богу. У апошнія гады стала традыцыяй, што на дзень нараджэння паэткі ў Зэльву з Гродна прыязджаюць беларускамоўныя святары, каб адслужыць паніхіду па славутай беларусцы. Сёлета маліцца па Ларысе Геніюш і яе шматпакутнай сям’і, а таксама асвяціць мемарыяльную дошку прыехаў святар гродзенскага Пакроўскага сабора а. Анатоль. На ўрачыстасць прыехалі прадстаўнікі розных палітычных і грамадскіх арганізацый, творчай інтэлігенцыі з Гродна, Ваўкавыска, Cлоніма, Мінска. Прыйшло шмат зэльвенцаў. Айцец Анатоль адзначыў, што Царква ў першую чаргу шануе Ларысу Геніюш як шчырую хрысціянку. Перад асвячэннем дошкі святар сказаў, што ў зэльвенскай царкве паэтка малілася, тут яе адпявалі і праводзілі ў апошні шлях, зараз памяць аб ёй застанецца ў царкве назаўсёды.

Адразу пасля асвячэння дошкі людзі пайшлі да магілы Ларысы і Янкі Геніюшаў (на здымку). Зноў была адслужана паніхіда, ускладзены кветкі. З кароткімі прамовамі выступілі паэты, навукоўцы, якія былі знаёмыя з паэткай і моладзь, якая вучылася патрыятызму на яе творах. Мерапрыемства скончылася святочным канцэртам у мясцовым доме культуры, у час якога распачаўся збор подпісаў пад заявай да зэльвенскіх улад з просьбай прысвоіць вуліцы, на якой жыла паэтка, імя Ларысы Геніюш, а таксама ўсталяваць у Зэльве помнік гэтай надзвычайнай жанчыне.