Ніва № 33 (2309), 13 жніўня 2000 г.

Дзядзька Пранук

Яўген МІРАНОВІЧ

28 ліпеня адкрыццём могільніка ў Катыні палякі ўшанавалі памяць сваіх афіцэраў, памардаваных саветамі ў 1940 г. Беларусаў-афіцэраў у польскай арміі было няшмат. Улады ІІ Рэчы Паспалітай вялі палітыку, якая абмяжоўвала непалякам доступ да працы ў адміністрацыі, паліцыі і арміі. Таму і сярод расстраляных у Катыні беларусы складалі толькі некалькі дзесяткаў асоб. Былі гэта ў большасці праваслаўныя капеланы і прадстаўнікі інтэлігенцыі каталіцкага веравызнання, якіх, як афіцэраў запасу, мабілізавалі ў верасні 1939 г. Сярод загінуўшых 60 гадоў таму ў Катыні быў беларускі паэт, публіцыст, пісьменнік і палітычны дзеяч Францішак Умястоўскі.

Пра гадавіну смерці Умястоўскага няма, пакуль што, вестак у беларускай прэсе. У савецкі час гэтае прозвішча было ў Беларусі зусім забытае. Пасля 1990 г. некалькі разоў яно прагучала ў публіцыстыцы і літаратурных даведніках. Але пакуль што, веды пра Францішка Умястоўскага вельмі сціплыя нават сярод спецыялістаў па літаратуразнаўстве.

Францішак Умястоўскі быў дваюрадным братам Францішка Аляхновіча, віленскага публіцыста, арганізатара беларускага тэатральнага жыцця, аўтара славутай кнігі У кіпцюрох ГПУ. Умястоўскі нарадзіўся 10 лютага 1882 г. у Вільні. Паходзіў са шляхецкай сям’і. Як большасць маладых людзей шляхецкага паходжання з Беларусі вучыўся ў Пецярбургу. Умястоўскі ў 1900 г. стаў студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута. Там уключыўся ў беларускую дзейнасць. Разам з Вацлавам Іваноўскім арганізаваў Круг беларускай народнай прасветы. Хаця была гэта арганізацыя, якая ставіла сабе за мэту выдаванне кніжак на беларускай мове, вымушана была дзейнічаць нелегальна. Царскія ўлады баяліся ажыўлення беларускай нацыянальнай ідэі і таму выдавецкая дзейнасць маладой беларускай інтэлігенцыі вялася ў канспірацыі. Паэтычны дэбют Умястоўскага адбыўся на старонках брашуры Калядная пісанка, якая паказалася ў Пецярбургу ў снежні 1903 г. Тады ўпершыню падпісаўся ён псеўданімам Дзядзька Пранук. Пасля большасць яго вершаў і апавяданняў, нават калі знікла неабходнасць канспірацыі, была падпісана Прануком. Дарэчы, амаль усе беларускія паэты, пісьменнікі, публіцысты тае эпохі падпісвалі свае творы псеўданімамі. Цікава таксама, што большасць гэтых псеўданімаў звяртала ўвагу чытача на плебейскае паходжанне аўтараў. Беларуская шлахта найчасцей хавала свае прозвішчы. Вацлаў Іваноўскі падпісваўся Антось Дурны або Антось Хатні, Іван Неслухоўскі — Янка Лучына, Іван Луцэвіч — Янка Купала, а Канстанцін Міцкевіч — Якуб Колас.

У 1905 г. Францішак Умястоўскі вярнуўся ў Вільню. Гэты горад пераўтвараўся тады ў цэнтр беларускага нацыянальнага руху. У 1906 г. разам з Іванам і Антонам Луцкевічамі, Казімірам Кастравіцкім і Алаізай Пашкевіч Умястоўскі пачаў выдаваць газету „Наша доля”. З-за крайне левага радыкалізму, прапагандаванага на яе старонках, большасць нумароў „Нашай долі” была канфіскавана. Яе спадкаемцам стала „Наша ніва”, у якой Умястоўскі публікаваў свае апавяданні — „Страх”, „У лесе”, „Доктар ад калтуна”, „На мужыцкі розум”. Гэты шляхціц у сваёй творчасці перш за ўсё ствараў псіхалагічны партрэт беларускага селяніна. Шанаваў прытым мужыцкую мудрасць, жыццё згодна з прынцыпамі натуры, дзе адсутнічала крывадушнасць, здрада, нікчэмнасць. Зразумела, гэта быў свет, аб якім толькі марыў Умястоўскі, а такую „Утопію”, паводле яго, маглі стварыць працавітыя, сумленныя беларускія сяляне.

У 1914 г. Умястоўскі быў мабілізаваны ў царскую армію. Няшмат вядома пра яго вайсковую кар’еру падчас першай сусветнай вайны, але ад 1919 г. ён быў сярод галоўных стваральнікаў беларускіх вайсковых фарміраванняў. У верасні 1920 г. узначаліў Беларускую вайсковую камісію, якая арганізавала беларускае войска. Разам з арміяй Пілсудскага мела яно змагацца з бальшавікамі.

Ваенныя лёсы Умястоўскага былі адлюстраваны ў яго апавяданні „Стася”, апублікаваным у Вільні ў 1921 г. Аднак вайна і палітыка адмоўна паўплывалі на яго творчасць. У дваццатыя гады не паказаліся ўжо літаратурныя творы. Прабаваў займацца публіцыстыкай. У 1927-1928 гадах выдаваў нават у Вільні газету „Беларускі дзень”, але без вялікага поспеху.

У 1929-1939 гадах Умястоўскага амаль не відаць у нацыянальным жыцці беларусаў Віленшчыны. Загінуў як польскі афіцэр, хаця большасць свайго жыцця прысвяціў беларускай справе.