Ніва № 33 (2309), 13 жніўня 2000 г.

З надзеяй на будучыню

Зміцер КІСЕЛЬ

2 жніўня ў Гродне адбыўся „круглы стол” на тэму „Мясцовае самакіраванне на Беларусі: традыцыі і сучаснасць, досвед іншых краін, перспектывы рэфармавання”. Гэта мерапрыемства стала падсумаваннем працы над сумесным праектам Гродзенскага абласнога аддзялення Фонду імя Льва Сапегі і беластоцкага Цэнтра грамадзянскай адукацыі „Польшча-Беларусь”. Праект пачаў дзейнічаць напрыканцы мінулага года. За гэты час адбыўся шэраг семінараў у розных раённых цэнтрах Гродзеншчыны, а менавіта ў Гродне, Ваўкавыску, Лідзе, Наваградку, Слоніме. Актывісты грамадскіх арганізацый амаль з усіх куткоў Прынёманскага краю змаглі ўдасканаліць свае веды пра сістэму мясцовага самакіравання. Яны знаёміліся як з тэорыяй, так і практыкай. Выкладчыкамі на семінарах былі не толькі навукоўцы, а і былыя дэпутаты мясцовых органаў самакіравання, час дэпутацтва якіх прыпаў на першую палову 90-х гадоў, калі адбывалася адносная дэмакратызацыя беларускага грамадства. Па словах старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Фонду імя Льва Сапегі Уладзіміра Хільмановіча, азнаямленне актыўных грамадскіх дзеячаў з інстытутам мясцовага самакіравання надзвычай важнае. У сучаснага беларускага грамадства вельмі мала вопыту самакіравання. Некалькі гадоў дэмакратычнай „адлігі” пачалі забывацца, а маладыя людзі, якім па 20 гадоў, нават не ведаюць, што на практыцы азначае мясцовае самакіраванне. Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі, роля самаўрадаў знізілася да нуля. Але старшыня фонду лічыць, што задача ўдзельнікаў праекта — выпрацаваць канцэпцыю дзеянняў на будучыню. Палітычная сітуацыя ў Беларусі неўзабаве можа і павінна змяніцца да лепшага. Удзельнікі семінараў, якія адбыліся згодна праекту з’яўляюцца патэнцыйнымі дэпутатамі мясцовых органаў самакіравання. Асабліва карысна, што праца ідзе сумесна з Цэнтрам „Польшча-Беларусь”. Беларусы з усходняга боку дзяржаўнай мяжы могуць даведацца, як працуюць беларусы ў самаўрадах Польшчы. Выканаўчы дырэктар Цэнтра „Польшча-Беларусь” Яўген Вапа лічыць, што праца над праектам — добры прыклад супрацоўніцтва сумежных раёнаў Беласточчыны і Гродзеншчыны, калі дзейнасць ажыццяўляецца не праз Мінск і Варшаву, а непасрэдна па-суседску.

Менавіта для таго, каб акрэсліць планы наступных дзеянняў на „круглы стол” 2 жніўня з розных раёнаў Гродзеншчыны прыехалі найбольш актыўныя ўдзельнікі мінулых семінараў, выкладчыкі. Перад імі выступіў сябра прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання Сямён Домаш, які расказаў пра палітычную сітуацыю ў краіне. Пра гістарычныя традыцыі мясцовага самакіравання ў Беларусі распавёў доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. Пра свой вопыт працы ў Гродзенскім савеце народных дэпутатаў на пачатку 90-х гадоў расказала выкладчык Гродзенскага універсітэта Таццяна Маліноўская. Каардынатар праграм Фонду імя Льва Сапегі з Мінска Андрэй Завадскі зрабіў параўнальны аналіз асноў самакіравання ў Беларусі і Расіі. Сваімі ўражаннямі ад наведвання органаў самакіравання Нямеччыны падзяліўся старшыня Ваўкавыскага гарсавета ў 1990-1996 гадах Мікалай Кавальчук. Аднак, галоўным на „круглым стале” быў абмен думкамі падчас дыскусій. Было вырашана распрацаваць дакументы аб будучай сістэме самакіравання ў Беларусі. Таксама плануецца, што восенню найбольш актыўныя ўдзельнікі семінараў наведаюць Беласточчыну, каб азнаёміцца з працай самаўрадаў Польшчы.