Ніва № 32 (2308), 6 жніўня 2000 г.

Пакутнікі ХХ стагоддзя

а. Рыгор САСНА

У час І сусветнай вайны Краснастоцкі манастыр эвакуіраваўся ў глыб Расіі. На некалькі гадоў прытуліўся ён у Свята-Кацярынскай пустыні пад Масквой. У гэтым жа манастыры пасяліліся 160 манашак з ігуменняй Галенай і клір Краснастоцкага прыхода: а. Яраслаў Савіцкі, дыякан Якуб Феранц; а. Мікалай Семяняка, пазнейшы архіепіскап Феафан, спыніўся ў Маскве.

Палітычныя змены пасля кастрычніцкай рэвалюцыі для большасці бежанцаў аказаліся катастрафічнымі, а для духоўных краснастоцкай царквы — трагічныя. Згаданыя праваслаўныя святары атрымалі пакутную смерць з рук катаў новага бальшавіцкага ладу. А вось фрагменты біяграфій краснастоцкіх духоўных, якія закончылі зямное паломніцтва ў бежанстве.

Айцец Мікалай Семяняка нарадзіўся 6 студзеня 1879 г. у Дзятлаве Слонімскага павета ў сям’і настаўніка. Спачатку вучыўся ў духоўнай школе ў Жыровічах, затым працягваў навуку ў Духоўнай семінарыі ў Вільні. Рукапаложаны ў духоўны сан у 1905 г. У 1905-1911 гадах служыў у Рагожыне і Сідарцы на Сакольшчыне. З 1911 г. працаваў настаўнікам закону Божага ў прытулку Краснастоцкага манастыра. Апрача душпастырска-настаўніцкіх абавязкаў займаўся пісьменствам: напісаў кароткую манаграфію манастыра, а паэтычныя творы публікаваў на старонках, між іншым, „Русского Поломника”. У час І сусветнай вайны эвакуіраваўся ў глыб Расіі. У 1914-1916 гадах выконваў душпастрыскія абавязкі ў Тбілісі і Севастопалі. У 1921 г. разам з сям’ёю (на здымку) пераведзены быў у Маскву, дзе служыў пры царкве св.св. Барыса і Глеба. У 1925 г. быў арыштаваны і сасланы ў Комі. Пасля смерці матушкі а. Мікалай прымае манаства і імя Феафан. У 1930 г. епіскапам мінскім рукапаложаны ў епіскапы, а чатыры гады пазней — у архіепіскапы. У 1935 г. архіепіскап Феафан пераведзены быў у Віцебскую епархію. Там у 1938 г. быў арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турэмнага зняволення без права перапіскі, што абазначала вышэйшую меру пакарання — смерць.

Айцец Яраслаў Савіцкі нарадзіўся 28 сакавіка 1882 г. у Пюхлі Гродзенскага павета ў сям’і святара. У 1903 г. закончыў Духоўную семінарыю ў Вільні. Душпастырскую службу пачынаў у якасці псаломшчыка ў царкве ў Чамярах. 20 лютага 1905 г. быў рукапаложаны ў святарскі сан і працаваў настаўнікам закону Божага ў школе ў вёсцы Перавалока Слонімскага павета. У 1911 г. пераведзены ў манастыр у якасці настаўніка двухкласнай школы ў Краснымстоку. Пазней працаваў настаўнікам чатырохкласнай школы ў Дуброве. У 1913 г. прызначаны настаўнікам царкоўна-настаўніцкай школы пры Краснастоцкім манастыры. У час І сусветнай вайны разам з манастыром эвакуіраваўся ў Расію. Першым прыстанішчам на бежанскім шляху была Масква, а потым Свята-Кацярынская пустыня. У 1919 г. а. Яраслава прызвалі ў Чырвоную Армію, але па прычыне хваробы сэрца пасля двух тыдняў быў вызвалены і вяртаецца ў манастыр, у якім пасялілася матушка з трыма дзяцьмі. У 1929 г. а. Яраслаў падаецца ў вёску Ям, каб несці тамашнім жыхарам душпастырскую паслугу. Аднак па загадзе дзяржаўных улад 27 мая 1930 г. царква была зачынена. Далейшыя лёсы сям’і Савіцкіх да канца не высветлены. Праўдападобна старэйшыя дзеці памагалі ім перажыць складаны час. 25 лістапада 1937 г. а. Яраслава (на ніжнім здымку) арыштавалі. Ягоны лёс быў невядомы да 1995 г., калі ў архівах НКВД былі знойдзены дакументы, з якіх вынікае, што „асобай тройкай” быў прыгавораны за „антисоветскую агитацию и клеветнические измышления против руководителей и правительства”. Пакутную смерць атрымаў у дзень св. Кацярыны з 7 на 8 снежня 1937 г. у Бутаве, непадалёк манастыра св. Кацярыны і пахаваны быў ў брацкай магіле, разам з астатнімі асуджанымі. Руская Праваслаўная Царква намерваецца кананізаваць пакутніка.

Дыякан Якуб Феранц нарадзіўся ў 1885 г. у вёсцы Барок каля Гродна. Пасля заканчэння двухкласнай школы ў Тараканах працаваў настаўнікам закону Божага ў Кобрынскім і Сакольскім паветах. У 1903 г. вучыў у Вярхлессі, а год пазней — у Шудзялаве. Пасля двух гадоў настаўніцкай працы здаў экзамен на псаломшчыка і 27 чэрвеня 1907 г. атрымаў прызначэнне да Шудзялаўскага прыхода. Рукапаложаны ў дыяканы 6 жніўня 1912 г. і год пазней пераведзены быў у Краснастоцкі прыход. У час І сусветнай вайны эвакуіраваўся ў Расію. Спыніўся паблізу манастыра св. Кацярыны. Прызваны ў армію, служыў у Падольску — 14 км ад Свята-Кацярынскай пустыні, у якой жыла матушка Анна (дзявочае прозвішча Здрадоўская) з чацвёркай дзяцей. Пасля вайны пасяліўся паблізу манастыра, па-суседску з а. Яраславам Савіцкім. Дыякан Якуб меў прыгожы голас і гаварылі аб ім, што „пел как Шаляпин”. Уся сям’я Феранцаў мела музычныя здольнасці: паасобныя яе члены ігралі на скрыпцы, акардэоне, мандаліне і гітары, ствараючы своеасаблівы аркестр. Госцем Феранцаў бываў вядомы саліст (бас) Бальшога тэатра Максім Дармідонтавіч Міхайлаў. Пасля ліквідацыі манастыра св. Кацярыны з сям’ёй Феранцаў жыў старац Панцеляймон, якога забілі энкавэдзісты. Дыякан Якуб купіў дом непадалёк манастыра за грошы, дасланыя яму братам з Амерыкі. Гэтая здзелка паслужыла падставай арышту ў 1936 г. Дыякан Феранц пачаткова сядзеў у Бутырскай турме, недалёка манастыра (матушцы ўдалося раз з ім пабачыцца), аднак неадкладна быў высланы ў Караганду. У лагеры працаваў бухгалтарам, што дало яму магчымасць выслаць пару лістоў сям’і. Пасланая яму ў 1937 г. пачка вярнулася з прыпіскай „адресат умер”.

Прадставілі мы тры біяграмы духоўных з Беласточчыны, падзяліўшых лёс тысяч бежанцаў, якія невядома з якой мэтай (гісторыя па сённяшні дзень шукае адназначнага адказу на гэтае пытанне) уцякалі ад „чужых” да „сваіх” і пры жыцці трапілі ў пекла. Рэпрэсіям з боку бальшавіцкай улады з году ў год падвяргаліся штораз іншыя грамадскія групоўкі, аднак духавенства трактавалася асабліва жорстка — са звярынай нянавісцю.

Рэпрэсіі ў адносінах да духавенства ўзмоцніліся ў 1937 г. Бежанцы, якія не вярнуліся на радзіму, папоўнілі лік пакутнікаў, пацярпеўшых за веру. У Расіі было закрытых або разбураных 8 тысяч храмаў, ліквідаваных 70 епархій, расстраляных 400 епіскапаў, тысячы святароў і мільёны вернікаў.

На заканчэнне варта прывесці словы Лідзіі Аляксееўны Галаўковай, аўтаркі манаграфіі „Остави нам долги наша”, прысвечанай манастырам у Краснымстоку, Гродне і Свята-Кацярынскай пустыні ў Ярмоліне каля Масквы — месц цесна звязаных з бежанствам і гісторыяй Праваслаўнай Царквы: „Так новые хозяева распорядились со старинной Екатеринской пустыню, с ею святынями, старцами и с беженцами из-под Гродна (Красностокский монастырь), искавшими спасения и защиты от врагов в соседней великой России”.