Ніва № 32 (2308), 6 жніўня 2000 г.

Акт незалежнасці Беларусі

Мы, дэлегаты Усебеларускага з’езда, паўнамоцныя прадстаўнікі народа Беларусі,

— усведамляючы адказнасць за будучыню краіны;

— напамінаючы, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца дзяржавай-заснавальніцай Арганізацыі аб’яднаных нацый;

— грунтуючыся на прынцыпах і нормах міжнароднага і нацыянальнага права,

ЗАЯЎЛЯЕМ:

Беларускі народ мае тысячагадовую гісторыю сваёй дзяржаўнасці: ад Полацкага княства, Вялікага княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі да сучаснай Рэспублікі Беларусь. Прынятая Вярхоўным Саветам 27 ліпеня 1990 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце сцвярджае яго дзеля галоўнай мэты — свабоднага развіцця і дабрабыту, годнага жыцця кожнага грамадзяніна Беларусі. Яна абвяшчае незалежнасць краіны ў вонкавых дачыненнях, вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады, дзеючай на падставе правамоцных законаў. Любыя дзеянні супраць суверэнітэту Беларусі і нацыянальнай дзяржаўнасці недапушчальныя і павінны карацца як найвялікшае злачынства.

Дзяржаўны суверэнітэт быў замацаваны ў Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 года. Паводле яе Беларусь увайшла ў свет як нейтральная, мірная і бяз’ядзерная дзяржава.

Незалежнасць Беларусі з’яўляецца набыткам не толькі сённяшняга пакалення, але і нашых продкаў і належыць нашчадкам. Суверэнітэт краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэнні дзяржаўных асоб і органаў, нават праз рэферэндум.

Сёння незалежнасць Беларусі знаходзіцца пад пагрозай. Рэальнай небяспекай стаў дагавор аб стварэнні так званай саюзнай дзяржавы з Расіяй, падпісаны 8 снежня 1999 года прадстаўнікамі беларускіх уладаў, чыя легітымнасць не прызнаецца ў большасці краінаў свету. Мы — за добрыя, раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі свету, і асабліва з суседзямі: Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй. Але мы не жадаем станавіцца рэгіёнам іншай дзяржавы. Мы не дазволім ліквідаваць нашу незалежнасць і абмежаваць наш суверэнітэт, знішчыць нашу краіну.

Незалежнасць — гэта натуральнае права ўсяго народа, кожнага грамадзяніна. Толькі яна і толькі дзяржаўны суверэнітэт адкрываюць шлях нашай краіне ў еўрапейскую і міжнародную дэмакратычную супольнасць.

Мы, дэлегаты Усебеларускага з’езда,

СВЕДЧЫМ

Богам і гісторыяй дадзенае нашаму народу права мець сваю незалежную дзяржаву з яе адвечнымі сімваламі — бел-чырвона-белым сцягам і гербам „Пагоня”;

АБВЯШЧАЕМ

дзяржаўны суверэнітэт неад’емнай каштоўнасцю беларускага народа;

ПРЫЗНАЕМ

не маючымі законнай сілы любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне суверэнітэту Беларусі;

ЗАКЛІКАЕМ

усіх грамадзян Беларусі і ўсіх суайчыннікаў за мяжой згуртавацца вакол ідэй Акта незалежнасці Беларусі, бараніць незалежнасць Айчыны;

парламенты і ўрады дэмакратычных дзяржаваў, міжнародныя арганізацыі і сусветную грамадскасць забяспечыць гарантыі суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

Жыве Беларусь!

Прынята Усебеларускім з’ездам 29 ліпеня 2000 года ў Мінску

Паводле SANA (Свойскае агенцтва навінаў і аргументаў), 30.07.2000 г.