Ніва № 32 (2308), 6 жніўня 2000 г.

Апазіцыя па-беларуску

Яўген МІРАНОВІЧ

Нядаўна ў Беластоку адзін з лідэраў аб’яднанай беларускай апазіцыі заявіў: „Мы не змагаемся за ўладу, а толькі за дэмакратыю. Мы не хочам адхіліць Лукашэнку ад улады, а толькі каб прывярнуў ён дэмакратыю”. Пра такую апазіцыю мог бы марыць кожны дыктатар, а нават дэмакрат, якому пэўная частка цела хутка прырастае да крэсла.

Я заўважыў, што калі нехта звяртае ўвагу апазіцыйным палітыкам з Мінска, што яны страшэнна раз’яднаныя і не маюць выразных канцэпцый як пераканаць да сваіх рацый грамадства, пераняць уладу і што далей рабіць з дзяржавай, тыя найчасцей абураюцца. Гавораць пра нейкія кангрэсы, камісіі, супольныя праграмы. На простае пытанне: „Ці лібералы і камуністы маюць ужо супольную гаспадарчую стратэгію”, ліберал, не задумоўваючыся, адказаў: „Так”. Гэта абазначае, што або лібералы не з’яўляюцца там лібераламі, або камуністы камуністамі. Пытанне: „Як дэмакратычная апазіцыя мае намер дэрусіфікаваць краіну” выклікае здзіўленне. Усе праблемы нацыянальнага характару вырашыць мае нейкая магічная дэмакратыя.

Самая моцная беларуская апазіцыйная арганізацыя — Беларускі народны фронт „Адраджэньне” — пасля доўгатрывалай ціхай вайны за кіраванне паміж прыхільнікамі Зянона Пазьняка і Вінцука Вячоркі, раскалолася на дзве партыі. Абедзве — паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь — з’яўляюцца легітымнымі. Такім чынам канфлікт паміж імі непазбежны. Пра дзейнасць партыі, якую ўзначальвае Вячорка, шмат можна прачытаць у апазіцыйнай прэсе. Пра акцыі, якія праводзяць прыхільнікі Пазьняка, увогуле няма звестак. Цяжка сказаць пра грамадскія ўплывы аднае і другой арганізацыі, але Пазьняк, хаця прабывае на эміграцыі, даволі вядомы ў Беларусі палітык. Таму дзіўна, што ў незалежных сродках масавай інфармацыі прамоўчваецца чалавек, які ў свой час быў галоўным ініцыятарам адраджэння беларускага нацыянальнага руху. Здаецца, што гэта прынцыпы інфармацыі, з якімі „дэмакратычная апазіцыя” ад некалькіх гадоў рашуча змагаецца.

Па прычыне абмежавання доступу да сродкаў масавай інфармацыі Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ (афіцыйная назва) Зянона Пазьняка пачала шукаць кантактаў з грамадствам праз пасрэдніцтва адозваў і бюлетэня „Беларуская Салідарнасьць”. Гэтая літаратура, хаця выдаецца ксераграфічнай тэхнікай, прадстаўляе сапраўды незалежны пункт гледжання так ад Усходу, як і ад Захаду. Гэта даволі важнае па той прычыне, што некрытычнае падлізніцтва заходнім пратэктарам толькі замацоўвае прамаскоўскую арыентацыю. Дэманстранты, якія вясной неслі транспаранты з лозунгамі на англійскай мове ў сапраўднасці падтрымкі для сябе шукалі не сярод беларусаў, але ў заходніх пасольствах, што толькі адпіхала ад апазіцыі патэнцыяльных яе прыхільнікаў.

У першым нумары бюлетэня „Беларуская Салідарнасьць” ад чэрвеня г.г., Пазьняк яшчэ раз звяртаецца з заклікам да беларусаў падаваць заявы на грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі, дзяржавы, якая юрыдычна існуе ўжо 82 гады. Лідэр БНФ усе формы ўлады ў Беларусі ў перыядзе ад 25 сакавіка 1918 г. да ліпеня 1990 г. называе акупацыяй Бацькаўшчыны. Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі, у выніку парушэння заканадаўства незалежнай Беларусі чужой агентурай, асноўнай задачай народа стала абарона суверэнітэту Беларусі. Пагроза затраты беларускай дзяржаўнасці павялічылася пасля таго, калі прэзідэнтам Расіі стаў палкоўнік Федэральнай службы бяспекі Уладзімір Пуцін, — піша ў звароце да беларускага народа Пазьняк. У іншым звароце „Пра Ўсебеларускі Зьезд” заклікае да ўдзельніцтва і падтрымкі нацыянальнага з’езду, які планаваўся ў Мінску на 29 ліпеня. Адмоўна Пазьняк ацаніў дзейнасць Кангрэса дэмакратычных сіл, якія — як піша — „дагаджаючы сваім інтарэсам, неаднаразова спрабавалі разбурыць Народны Фронт, цяпер намерыліся дэмаралізаваць беларускую інтэлігенцыю”.

Лёс беларускага нацыянальнага руху ў Беларусі амаль такі, як на Беласточчыне. Пасля паражэння на чарговых выбарах пачаўся час унутраных войнаў, падазрэнняў, пошукаў вінаватых пройгрышу, сябры пераўтвараліся ў заядлых ворагаў, расколам на штораз меншыя групы не было канца, па дарозе прапала ўся ідэйнасць. Сёння, калі трох чалавек гуртуецца дзеля нейкай нацыянальнай справы, тады ўжо можна гаварыць пра натоўп, але без ніякай надзеі, што астануцца яны лаяльнымі да сябе даўжэй чым пару месяцаў. Часам людзей гуртуе нейкі супольны прыватны бізнес, які найчасцей скрываецца за шыльдай нацыянальнай дзейнасці. Адраджэнская місія маладой беларускай інтэлігенцыі на Беласточчыне, якая пачалася ў васьмідзесятыя гады, закончылася поўным правалам. У Беларусі ўсё прайшло з паругадовым спазненнем. Тут, аднак, мы з’яўляемся невялікай нацыянальнай меншасцю, там змаганне ішло за народ і дзяржаву.

Пазьняка, як палітыка, можна абвінавачваць у шмат якіх памылках, як чалавека ў мяккасці, аднак нельга яму адмовіць прынцыповасці ў нацыянальных справах. Яго прынцып: перш за ўсё стаць гаспадаром у сваім доме — незалежнай Беларусі — а пасля вырашыць, які ўнутраны парадак там навесці, не змяніўся ад канца васьмідзесятых гадоў. Дэмакратыя і рыначная эканоміка ў Беларусі, як расійскай губерні, ці з дазволу маскоўскіх чыноўнікаў, яго не цікавіць. Таму добра, што актывізаваў сваю дзейнасць палітычны цэнтр нацыянальнай і незалежніцкай арыентацыі. Можа гэта ажывіць таксама канкурэнцыю. Актывізацыя беларускіх элітаў патрэбная сёння як ніколі раней.