Ніва № 31 (2307), 30 ліпеня 2000 г.

Апальны Мамабук

Віталь ЛУБА

Цяжкія часы насталі для чыноўнікаў беларускага Міністэрства культуры і падначаленых ім устаноў, якія быццам бы разумеюць неабходнасць творчай свабоды, але заадно вымушаны пільна сачыць за тым, каб творцы занадта гэтай свабодай не карысталіся і сваіх крамольных дасягненняў шырокай публіцы не паказвалі. Нядаўна польскія газеты пісалі пра забарону паказу фільма Валерыя Панамарова „На Чорных лядах” (паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава) на фестывалі ў Лагаве-Любушскім. Дарэчы, фільм гэты паўстаў пяць гадоў таму, але да шырокага распаўсюджання не быў дапушчаны, паколькі, на думку чыноўнікаў, убівае клін у беларуска-расійскую дружбу.

Падобны лёс спаткаў п’есу Аляксея Дударава „Прынц Мамабук”, якую ў мінскім тэатры „Вольная сцэна” рэжысіраваў Валеры Мазынскі. Гэтую камедыю Аляксей Дудараў напісаў год таму спецыяльна для калектыву „Вольнай сцэны”.

Фабула п’есы нескладаная. Галава экзатычнай бананавай рэспублікі Трыбудан, кароль Мамабук І, прыбывае з афіцыйным візітам у Бусярось. Вітаць госця ідзе Калюня, які ўдзельнічае ў падобных мерапрыемствах толькі таму, што даюць за гэта выпіць і з’есці. Яго задача простая: махаць сцяжком і крычаць „Мір! Дружба! Трыбудан!” Падчас пабыўкі ў Бусяросі да Мамабука даходзяць чуткі пра хваляванні на родным востраве. Дэманстранты спачатку патрабуюць бананаў, затым ставяць каралю закід, што няма ў яго мужчынскага наследніка. Тым часам перад трыбуданскім пасольствам дэманструе бусяроская грамадзянка Маша, якая патрабуе сустрэцца з каралём Мамабукам. Затым высвятляецца, што Маша шмат гадоў таму дапамагала трыбуданскім партызанам і будучаму каралю давала не толькі ўрокі геаграфіі, ад чаго і нарадзіўся ў яе сын Калюня. Мамабук, узрадаваны, што ў Бусяросі знайшоў мужчынскага наследніка, хоча з прынцам Мамабукам-Калюняй і чарговай жонкай Машай вярнуцца на радзіму, але на аэрадроме даведваецца пра палацовы пераварот у Трыбудане. Застаецца жыць у Бусяросі, дзе засноўвае ферму, на якой разам з Машай і Калюняй вырошчваюць бананы. На канец, пасля чарговага перавароту, Мамабука І зноў запрашаюць узначаліць Трыбудан. У п’есе паказаны дылемы чалавека пры ўладзе, спутанага канстытуцыяй і пратаколам, здзіўленага незадавальненнем грамадства і не разумеючага яго патрабаванняў.

Здавалася б, што нічога крамольнага ў такой камедыі быць не павінна, аднак вылавіць у дыялогах намёкі на сённяшнюю сітуацыю ў рэспубліцы нескладана. Напрыклад, кароль Мамабук пытае ў свайго прыдворнага, Табу, пра мэту прыезду ў Трыбудан. Той адказвае: „Падпісаць мемарандум”. „А патрэбны ён нам?” — дапытваецца кароль. „Не”, — кажа Табу. „А ім?” — зноў пытае Мамабук. „Таксама не”. — „Дык чаму ж мы сюды прыехалі?” — „Бо да іх ніхто не прыязджае”, — удакладняе Табу. Або іншы сюжэт: перад сустрэчай з галавой Бусяросі Мамабук хвалюецца, што не ведае бусяроскай мовы. Табу супакойвае караля: „Старшыня Бусяросі па-бусяроску таксама не ўмее”.

Валеры Мазынскі пачаў рыхтаваць п’есу 1 верасня мінулага года. Мела яна быць пастаўлена да Новага года, але не атрымалася, бо не было грошай.

— Адзін з чыноўнікаў прачытаў п’есу і падняў антымамабукавы шум, знайшоўшы ў ёй антыдзяржаўныя лозунгі, — адзначае рэжысёр і падкрэслівае: — Гэта ж байка! Зыходзячы з гэтага пункту гледжання трэба было б забараніць Крапіву, Лафантэна, любую сатыру. Пакуль жыве сатыра, тады жыве здаровае грамадства.

Калектыў „Вольнай сцэны” не прасіў улад дазволу, бо ж аўтарам п’есы з’яўляецца сам Дудараў, заслужаны драматург, лаўрэат дзяржаўных прэмій. Рыхтаваўся спектакль на баку. Мне давялося ўдзельнічаць у прагоне спектакля 22 чэрвеня г.г. Параўноўваючы вастрыню сатыры ў гэтым спектаклі са з’едлівасцю тэкстаў, якія можна пачуць на сцэнах польскіх тэатраў і кабарэ, гэтая першая з’яўляецца зусім далікатнай. Відаць, польскія палітычныя эліты за апошняе дзесяцігоддзе звыкліся з тым, што знаходзяцца яны пад пільнай увагай грамадства і крытыку ў свой адрас успрымаюць у катэгорыях прафесійнай рызыкі. У Беларусі пра ўладу можна гаварыць толькі добра або маўчаць.

Здача спектакля мела адбыцца 29 чэрвеня. Незадоўга да першага публічнага агляду міністэрскія чыноўнікі загадалі паказаць спектакль адмысловай камісіі, да таго на нейтральным грунце — на сцэне іншага тэатра. Акцёры адмовіліся выступаць на чужой сцэне. Камісія таксама заўпарцілася і прыйсці ў тэатр не пажадала. На другі дзень у міністэрства выклікалі дырэктара тэатра, рэжысёра і аўтара п’есы. Пасля размовы міністр даў згоду на грамадскі прагляд з удзелам прадстаўнікоў ягонага ведамства.

— Вар’яцкі дом, — кажа пасля прагляду Валеры Мазынскі. — Глядач успрыняў спектакль цудоўна, а сінкліт сабраўся і пайшоў, нічога не сказаўшы, хаця мелася быць нейкая размова. Узмахнулі рукой, быццам няма чаго глядзець, і пайшлі.

У палове ліпеня высветлілася, што п’еса ў рэпертуар тэатра ўключана не будзе. Тэарэтычна можа яна ставіцца як антрэпрыза — прыватнае тэатральнае мерапрыемства, але на практыцы гэта можа стаць немагчымым, напрыклад, па той прычыне, што тэатры ці дамы культуры будуць баяцца зняць трупе сцэну. Міністр культуры не палічыў таксама мэтазгодным аднавіць Валерыю Мазынскаму кантракт на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра „Вольная сцэна” на новы тэатральны сезон, які пачынаецца 1 жніўня.