Ніва № 31 (2307), 30 ліпеня 2000 г.

Тамара Саланевіч (1938-2000)

Памерла Тамара Саланевіч — выдатны тэлежурналіст і рэжысёр, праграмны дырэктар Беластоцкага аддзела Польскага тэлебачання.

Тамара Саланевіч нарадзілася ў Нараўцы. Закончыла паланістыку і журналістыку на Варшаўскім універсітэце. З 1971 года працавала ў Польскім тэлебачанні ў рэдакцыях інфармацыі, рэпартажу Першай праграмы, грамадскай і дакументальнага фільма.

Узнагароджана на многіх фестывалях у Польшчы і за мяжою. У багатай калекцыі Яе ўзнагарод былі, між іншым: Залаты Ляйконік і Гран-пры Фестывалю кароткіх фільмаў у Кракаве, галоўная ўзнагарода фільмавага фестывалю ў Монтэ-Карла, Пры-футура ў Берліне, узнагароды старшыні Польскага тэлебачання і Асацыяцыі польскіх журналістаў, міжнародная ўзнагарода крытыкі, фільмавая ўзнагарода „Салідарнасці” ў 1981 годзе, шмат узнагарод журналісцкіх арганізацый і творчых асацыяцый.

Найчасцей здымала фільмы пра Беласточчыну. Як ніхто іншы паказала зубра, караля Белавежскай пушчы, у фільме „Матачнік”. Але галоўным Яе героем былі людзі — жыхары беларускіх вёсак усходняй Беласточчыны. Паказвала побыт і абрады беларускіх сялян у даваеннай Польшчы (мастацкі фільм „Крэсавая балада”), ахвярнае паломніцтва на Святую Гару Грабарку („Жэртва”) і заліванне вадой Семяноўскага вадасховішча вёсак у вярхоўях Нарвы („Ці чуеш як плача зямля?”).

Два гады таму вярнулася з Варшавы ў Беласток і стала праграмным дырэктарам наймалодшага аддзялення Польскага тэлебачання. Дзякуючы Яе працы з малодшымі журналістамі ў Польшчы сталі гаварыць пра беластоцкую школу тэлевізійнага рэпартажу.

Адышла ад нас выдатная беларуска.