Ніва № 30 (2306), 23 ліпеня 2000 г.

Нарваўскае Купалле

Паўліна ШАФРАН

Купалле — свята, якое адзначаюць многія беларусы, 7 ліпеня адбылося ў Нарве, дзякуючы Звязу беларускай моладзі. Аднак гэтае Купалле не можна параўнаць з папярэднім ці тым, якое адбылося пяць дзён раней у Белавежы. Несапраўдная інфармацыя пра гадзіну, а якой меліся пачацца выступленні, праблемы з тэхнічным афармленнем канцэрта давялі да таго, што людзі чакалі бяздзейна дзве гадзіны ад 1900 да 2100. Вялікай нечаканасцю для старэйшай публікі былі форма гэтага свята і музыка, якую прадставілі арганізатары. Ад пажылых гледачоў можна было пачуць, што не спадзяваліся яны „цяжкай” музыкі — року. Частка гэтай публікі пасля гадзіны пакінула канцэрт.

Большасць удзельнікаў ЗБМаўскага Купалля складалі маладыя людзі, якія ў сваю чаргу, былі захоплены музыкай такіх гуртоў як „Княжыч”, „Крыві”, „Праект З”. Гэта яны атрымалі гарачыя апладысменты і заахвоцілі да танцаў моладзь. Вядучы Купалле Аляксандр Памідораў сам таксама спяваў.

Пасля 23 гадзіны ўсе ўдзельнікі святкаванняў сабраліся над ракой. Пад спеў гурту „Княжыч”, які заваяваў сэрцы слухачоў сваім натуральным спевам без акампанементу інструментаў, дзяўчаты пусцілі на ваду вянкі. Не зважаючы на холад і нізкую тэмпературу вады некаторыя юнакі, не распранаючыся, ускоквалі ў Нарву і лавілі вянкі. Узнагародай для іх было піва. Згодна з Купальскай традыцыяй, каб ачысціць душу і цела, апрача пускання вянкоў на ваду, трэба было пераскочыць вогнішча. Аднак да гэтага ахвотных не было. Таксама ніхто не шукаў папараць-кветку, бо і дзе яе знойдзеш? У рачных кустах?

Купалле прыцягнула ўвагу людзей з розных рэгіёнаў Польшчы. Апрача бельскага бурмістра, які прабываў тут з сям’ёй інкогніта і настаўнікаў з бельскага белліцэя, можна было спаткаць людзей з Варшавы, Кракава, Вроцлава. Былі прадстаўнікі беластоцкага тэлебачання, радыёвяшчання, фотарэпарцёры і журналісты. Адзін з пажылых жыхароў Нарвы сёлетняе Купалле падсумаваў так: „Гэта не свята для нас, звычайных, старэйшых людзей. Задзівілі і паразілі нас у гэтым годзе арганізатары. Каб мы ведалі, што гэта так будзе выглядаць, ніхто з нас не даў бы на гэта згоды. То ж яны нават нармальна не спяваюць, а крычаць толькі, захавацца не ўмеюць”. Аднак іншай думкі прытрымоўваюцца маладыя людзі, якія былі ў захапленні ад канцэрта. На ўвагу заслугоўвае таксама факт забеспячэння арганізатарамі парадку. Дзякуючы гэтаму не дайшло да непрыемных інцыдэнтаў.

Купальскія гулянні трывалі доўга. Пры вогнішчах найбольш стойкія маладыя людзі гулялі яшчэ да 5 гадзіны раніцы, а некаторыя яшчэ і ў суботу.