Ніва № 30 (2306), 23 ліпеня 2000 г.

Шлях да ўзаемнасці вядзе праз Белавежу

Ніна БАРШЧЭЎСКАЯ

15-16 чэрвеня адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя „Шлях да ўзаемнасці”. Гэты шлях прывёў сёлета ўдзельнікаў штогадовай канферэнцыі ў Белавежу. Была гэта ўжо восьмая сустрэча. Варта прыгадаць, што ідэя канферэнцыі нарадзілася ў 1992 годзе ў Кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта.

Прыемна заўважыць, што з году ў год расце зацікаўленне канферэнцыяй. Прыбывае таксама ахвотных выступіць у якасці суарганізатараў. Да сталых арганізатараў „Шляху да ўзаемнасці”, такіх як: згаданая ўжо Кафедра беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта, Польскае беларусазнаўчае таварыства, Навукова-асветны цэнтр імя Францішка Скарыны, Польскі інстытут у Мінску, сёлета далучыліся Польскае навуковае таварыства ў Беларусі ды Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны ў Лондане.

Канферэнцыю „Шлях да ўзаемнасці” адкрыў загадчык Кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта і адначасова старшыня Польскага беларусазнаўчага таварыства Аляксандр Баршчэўскі, які, гаворачы аб мэтах канферэнцыі, заўважыў м.інш., што апрача тэм, прысвечаных польска-беларускім сувязям і канфліктам у гісторыі ды літаратуры, ужо чарговы раз удзельнікі канферэнцыі засяроджваюць сваю ўвагу таксама на беларускім літаратурным, культурным і публіцыстычным жыцці ў эміграцыі, пра што не так даўно нельга яшчэ было гаварыць у Беларусі.

З прывітаннямі і пажаданнямі плённай працы звярнуліся да ўдзельнікаў канферэнцыі: міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь В. Стражаў, што было перададзена ў вуснай форме дырэктарам Навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны ў Мінску Л. Уладыкоўскай-Канаплянік, і дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Цэзары Карпінскі, які ў дасланым лісце выявіў спадзяванне, што гэтая сустрэча будзе чарговым крокам у галіне даследавання спадчыны абодвух народаў — польскага і беларускага. Канферэнцыю наведаў дэкан факультэта Прыкладной лінгвістыкі і ўсходнеславянскіх філалогій Варшаўскага універсітэта праф. д-р габ. Антоні Сэмчук, які горача прывітаў усіх удзельнікаў канферэнцыі, пажадаў добрага навуковага плёну і падкрэсліў, што не толькі эмацыянальна, але таксама па меры магчымасцей фінансава падтрымлівае такія навуковыя ініцыятывы Кафедры беларускай філалогіі, як канферэнцыя „Шлях да ўзаемнасці”, якія добра служаць сужыццю і супрацоўніцтву двух суседніх дзяржаў — Польшчы і Беларусі.

Беручы пад увагу факт, што канферэнцыя праходзіла на Гайнаўшчыне, арганізатары мэтанакіраваным палічылі азнаямленне прысутных з гісторыяй гэтай зямлі ды з сённяшнімі яе праблемамі, пра што распавялі: войт Белавежы Станіслаў Куявяк ды бурмістр горада Гайнаўкі Анатоль Ахрыцюк. Пра ліцэі ў Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы, у якіх выкладаецца беларуская літаратура і мова, расказала дырэктар бельскага ліцэя Зінаіда Навіцкая.

На канферэнцыю прыехалі шматлікія даследчыкі з розных навуковых асяродкаў і розных гарадоў Беларусі ды Польшчы: з Гродна, Мінска, Магілёва, Гомеля, Любліна, Вроцлава, Варшавы. У час двухдзённай сустрэчы абмяркоўваліся гістарычныя, культурна-літаратурныя і моўныя пытанні.

Паляк, беларус, ліцвін ці літовец, а можа летувіс? — значыць, як праходзіла эвалюцыя крытэрыяў нацыянальна-культурнай прыналежнасці на працягу двух апошніх стагоддзяў — гэтую праблему пастараўся высветліць Рышард Радзік, які звярнуў увагу прысутных на тое, што нельга сённяшніх крытэрыяў нацыянальнай прыналежнасці пераносіць на мінулыя стагоддзі. Лёсы экс-паўстанцаў і рэвалюцыянераў першай паловы XIX ст. у святле царскага маніфеста 1856 г. прадставіў Язэп Янушкевіч. А. Радаман акунуўся яшчэ глыбей у мінуўшчыну і расказаў пра земскіх ваяводскіх ураднікаў польскага паходжання ў II палове XVI ст. Беларускай культуры: уплывам XVIII i XIX ст. ды фарміраванню самабытнасці было прысвечана выступленне В. Салеева. З польскімі культурна-асветнымі ўстановамі і працай між польскага насельніцтва на самым усходзе БССР на абшарах Калінінскай акругі ў гадах 1924-1927 пазнаёміў прысутных І. Пушкін. Ігар Жук задумоўваўся, у якой ступені памежны стоўб з’яўляецца перашкодай у сужыцці суседніх народаў. Пра польска-беларускія ўзаемадачыненні ў галіне культуры, літаратуры і публіцыстыкі гаварылі В. Каранеўская, Л. Кулажанка ды І. Тамільчык. Пра цяжкасці, з якімі змагаецца сённяшняя Беларусь, распавёў Сяргей Габрусевіч.

Беларускай эміграцыйнай праблематыцы былі прысвечаны такія тэмы, як: Уладзімір Жылка — перакладчык Бруна Ясеньскага (Л. Сінькова), Беларускае эміграцыйнае літаратурнае згуртаванне „Шыпшына” (А. Баршчэўскі) і эміграцыйная газета „Бацькаўшчына” пра адукацыйную сістэму БССР (Н. Баршчэўская). Тут варта выказаць словы вялікай удзячнасці Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане і яе дырэктару а. Аляксандру Надсану, што так беражліва захоўвае ў бібліятэчных фондах багатую пісьмовую спадчыну беларускага эміграцыйнага жыцця, ды нястомнаму ініцыятару і выдаўцу ўсё новых і новых эміграцыйных матэрыялаў і дакументаў Вітаўту Кіпелю — дырэктару Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку.

Вялікую ўвагу ўдзельнікі канферэнцыі засяродзілі на творчасці класікаў беларускай літаратуры і іх сувязях з Польшчай. Пра польскія крыніцы купалаўскага натхнення гаварыла Ірына Багдановіч. „Новую зямлю” Якуба Коласа чытаў па-польску перакладчык гэтай паэмы Часлаў Сэнюх. Элементы паэтыкі ў прозе Васіля Быкава знайшоў Тамаш Вельг. Тып беларуса ў „Паляўнічых акварэльках з Палесся” Янкі Лучыны прадставіла Любоў Уладыкоўская-Канаплянік. Пра сувязі Янкі Брыля з Польшчай расказала Надзея Панасюк. Творчасць Максіма Танка ў вачах палякаў ахарактарызавала Віялета Родак. Постаць Аляксандра Юношы-Гзоўскага — забытага пісьменніка і журналіста Беларусі, Расіі і Польшчы прыгадаў Віталь Скалабан.

Былі таксама рэфераты, прысвечаныя пісьменнікам з Літаратурнага аб’яднання „Белавежа”. Пра Беласточчыну ў творчасці „белавежцаў” гаварыў Ян Жамойцін, а Ала Брадзіхіна — пра антычныя матывы ў лірыцы кахання Алеся Барскага.

З беларускім фальклорам Гомельшчыны пазнаёміла прысутных Валянціна Новак.

Мовазнаўчай праблематыцы прысвяцілі свае выступленні: І. Яшкін (Мясцовыя геаграфічныя назвы былой Гродзенскай губерні. Матэрыялы Рускага геаграфічнага таварыства — 1837 г.), Міхал Саевіч (Аддзеяслоўныя назоўнікі з фармантам -ач са значэннем суб’екта дзеяння ў наднарвенскіх беларускіх гаворках Беласточчыны), Альберт Барташэвіч (Канвергенцыйныя працэсы ў сучаснай беларускай мове).

Хочацца адзначыць, што ўдзельнікі канферэнцыі правялі два дні не толькі за сталом дыскусій у Белавежскім доме культуры, але знайшлі час таксама на бліжэйшае азнаямленне з рэгіёнам і беларускай культурай: наведалі слаўную гайнаўскую царкву і Беларускі музей у Гайнаўцы, а цэлы вечар у чацвер правялі ў Гайнаўскім доме культуры, дырэктарам якога з’яўляецца Мікалай Бушко. Тут сустрэліся з беларускай песняй у выкананні калектыва беларускай песні пры Гайнаўскім доме культуры, пра дзейнасць якога распавёў М. Бушко, а пазней гасцей чакаў багаты пачастунак. Варта заўважыць, што тады спявалі не толькі харысты, але таксама ўдзельнікі VIII Міжнароднай навуковай канферэнцыі „Шлях да ўзаемнасці”.

Польскія і беларускія арганізатары канферэнцыі пастанавілі, што ІХ яе выпуск будзе праведзены ў Беларусі. Было ўзгоднена таксама, што трэці том матэрыялаў канферэнцыі „Шлях да ўзаемнасці” будзе выдадзены пры выкарыстанні друкарскай базы Навукова-асветнага Цэнтра імя Ф. Скарыны і Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Падсумоўваючы, усе ўдзельнікі канферэнцыі падкрэслівалі, што VIII выпуск „Шляху да ўзаемнасці” быў сур’ёзным укладам у ідэю польска-беларускага збліжэння і дэкларавалі гатоўнасць прыняць удзел у чарговых навуковых сустрэчах.