Ніва № 30 (2306), 23 ліпеня 2000 г.

Рэінкарнацыя вёскі

Яўген МІРАНОВІЧ

Здавалася, што там, дзе былі беларускія вёскі, праз пару гадоў астануцца толькі кусты і рэшткі комінаў. Яшчэ нядаўна той, хто навучыўся чытаць і пісаць, уцякаў у горад быццам бы яго мясцовасць мела заліць Семяноўскае вадасховішча. На вёсках аставаліся амаль выключна пенсіянеры, п’яніцы і жыццёвыя няўдачнікі. Не прыпынілі псіхозу ўцёкаў у горад нават спрыяльныя эканамічныя ўмовы для сельскай гаспадаркі, якія з’явіліся ў сямідзесятыя гады.

Эканамічны заняпад сельскай гаспадаркі ў дзевяностыя гады толькі ў нязначнай ступені закрануў беларускую вёску, таму што яна ўжо як грамадска-гаспадарчая з’ява проста перастала існаваць. Пенсіянеры, на шчасце, даволі рэгулярна атрымліваюць свае месячныя платы, і хаця яны адносна мізэрныя, аднак у існуючых рэаліях дазваляюць іх атрымальнікам захаваць вышэйшы сацыяльны ўзровень за той, які мелі яны тады, калі былі гаспадарамі. Дзякуючы пенсіям на вёсцы людзі маюць нейкія грошы, якія дазваляюць на праіснаванне дробным гандлярам харчовымі прадуктамі. Даволі спакойна і годна адыходзіць у нябыт традыцыйная беларуская вёска з яе карэннымі жыхарамі.

Новай з’явай у краявідзе нашай вёскі ў апошнія гады стала масавае аднаўлянне старых хатаў. Аднаўляюцца яны за кошт прывезенага з Беластока і іншых гарадоў Польшчы капіталу. Найчасцей новымі ўладальнікамі вясковых будынкаў становяцца дзеці тых людзей, якія так панічна ўцякалі з вёскі. Але ў некаторых мясцовасцях хаты купляюць зусім новыя людзі, ствараючы ў іх камфартабельныя ўмовы для летняга сямейнага адпачынку. Сёлета двухтыднёвая пабыўка ў марскім ці мазурскім курорце каштуе паўтары тысячы злотых ад чалавека. Тым часам у беларускай вёсцы можна за дзесяць тысяч зл. набыць хату, якая астанецца на вечнасць. Таму ў Заблудаўскай гміне, напрыклад, амаль зніклі хаты, якія пуставалі, пакінутыя людзьмі, і чакалі пакуль час вырашыць іх канчатковы лёс. „Нашы людзі” ў гарадах, пабачыўшы, што вакол уласнікамі панадворкаў, лугоў, лясоў становяцца прыезджыя „беластоцкія паны”, хутка пачалі ісці іх следам.

Аднаўленне вясковай архітэктуры ідзе, аднак, паводле перыферыйнай беластоцкай моды. Традыцыйную цэментную чарапіцу заступае бляха, а пластмасавы сайдынг прыкрывае старыя брусы. З’явіліся таксама новыя агароджы. Старыя штыкеціны, зробленыя дыскавай пілой, заступаюць штораз часцей гладка шліфаваныя і маляваныя дошчачкі на невысокім падмурку.

Але не толькі старыя будынкі мяняюць вонкавы выгляд. Унутры новыя ўладальнікі стараюцца абавязкова паставіць ванну і унітаз. Не ўяўляюць ужо яны сабе як можна жыць без санітарнага абсталявання. Іх продкам не прыйшло нават у галаву, што ў хаце можна пабудаваць нешта, што заступіць нужнік.

У пэўным сэнсе можна заўважыць нешта накшталт спаборніцтва ў галіне эстэтычнага забеспячэння акружэння дамоў. Тут вельмі выразна відаць, што грошы выкарыстоўваюцца больш рацыянальна. Мяняецца таксама вясковы фальклор. Зрэдку цяпер можна сустрэць на вёсцы п’янага мужыка ў гумовых ботах. Часцей тут пачуеш пах печанага мяса на г.зв. грылях. Нават „новыя беларусы” прадукты з грыля запіваюць півам. І, зразумела, нават пасля піва не пачуеш ад іх беларускай мовы. Пажылыя вяскоўцы стараюцца таксама прыстасавацца да новай культуралагічнай з’явы. Сваім дзецям адказваюць на мове „цывілізацыі”. „Новыя беларусы” не маюць ніякай ідэі, апрача ідэі свайго прыватнага інтарэсу, а ўсё што перашкаджае рабіць кар’еру, зарабляць грошы бесцырымонна адкідаюць. Беларускасць для іх гэта нейкі экзатычны Лукашэнка і яго краіна, бэгэкатоўскі фэст і ўспамін пра традыцыю продкаў, якая дакучліва напамінае ім пра іншасць і прымушае пастаянна хаваць яе, так як тыя старыя брусы пад сайдынгам.