Ніва № 29 (2305), 16 ліпеня 2000 г.

Шурдыстан

Яўген МІРАНОВІЧ

Сярод мінскай інтэлігенцыі з’явілася новая назва Беларусі — Шурдыстан. Унутраная палітычная сістэма, метады кіравання дзяржавай і ўрадавая прапаганда ўчынілі Беларусь падобную да такіх краін як Кіргізстан, Узбекістан, Туркменістан. Лукашэнкаўскі рэжым, дэманстратыўна адкідаючы рэфармаванне дзяржавы паводле еўрапейскай традыцыі, вярнуў краіну на шлях, які вядзе ў напрамку азіяцкага феадалізму. Калі, аднак, улічыць факт, што савецкі камунізм быў самай дасканалай формай увасаблення феадалізму, тады тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, не з’яўляецца нічым новым. Беларускім элітам не ўдалося вырваць свае краіны з зоны патрыярхальнай улады, недэмакратычных метадаў вырашэння палітычных і грамадскіх праблем і пастаяннага страху грамадзян перад уладай.

Беларусь знаходзіцца ў вельмі важным стратэгічным рэгіёне Еўропы. Расія, патраціўшы кантроль над Сярэдняй Еўропай, Украінай і Прыбалтыкай, без Беларусі вярнулася б на захадзе да межаў ХVII стагоддзя. Таму ўсё, што ў галіне палітыкі ці эканомікі дзеецца ў гэтай рэспубліцы, адбываецца пад кантролем Масквы. Шмат пра гэта пішацца ў апазіцыйнай прэсе. Апошнім часам вялікі рэзананс выклікаў артыкул Віктара Клінко ў „Народнай Волі” (28.06.2000 г.), азагалоўлены О белорусской Красной Шапочке и серых волках. Не вядома кім з’яўляецца аўтар артыкула, але са зместу публікацыі вынікае, што вельмі дакладна арыентуецца ў рэаліях улады так у Расіі, як і ў Беларусі.

Клінко, паказваючы механізмы сучаснай расійскай палітыкі ў адносінах да Беларусі, звяртае ўвагу на яе паслядоўнасць. Асноўныя элементы гэтай палітыкі не мяняюцца ад часоў Кацярыны ІІ, калі Беларусь упершыню апынулася ў расійскай зоне ўплываў. Царскія, а пасля бальшавіцкія ўлады зыходзілі з погляду, што інтарэсы імперыі на беларускіх землях найлепш забяспечваюць расійскае чыноўніцтва, расійская школа і расійская Царква. У Беларусі, нават у савецкі час, мясцовыя камуністычныя эліты ніколі не здамінавалі вышэйшых органаў улады. У час, калі І сакратаром Камуністычнай партыі Беларусі стаў Пётр Машэраў, „мясцовыя” занялі каля паловы месцаў у эшалонах вышэйшай улады. Хаця Машэраў быў цалкам адданы палітыцы саветызацыі беларускага грамадства, вельмі выразна цягнуў да ўлады камуністаў беларускага паходжання. Акалічнасці яго смерці па сённяшні дзень не цалкам ясныя. Не ўсім хочацца верыць, што шэф камуністычнай партыі мог так сабе загінуць на дарозе ў аўтамабільнай катастрофе. Пасля хаця Масква пасылала на пост І сакратара КПБ беларусаў — Слюнькова, Малафеева — але ўсе яны былі пазбаўлены палітычных амбіцый, гатовыя некрытычна выконваць стаўленыя ім загады. У Беларусі не хапіла свайго Бразаўскаса ці Шэварднадзэ — камуністычнага палітыка, які мог правесці краіну да незалежнасці.

Упершыню беларусы пачалі дамінаваць у апараце ўлады ў Беларусі пасля развалу Савецкага Саюза. Але трывала гэта не надта доўга. У 1993 г. расійскія спецслужбы пачалі рэалізаваць планы вяртання рэспублікі пад маскоўскую „апеку”. Ва ўрадзе Вячаслава Кебіча ўжо тады было шмат расійскіх дарадчыкаў, якія, аднак, выплылі на кіраўнічыя крэслы пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Расійскія спецслужбы, зрабіўшы стаўку на Лукашэнку, кіраваліся тымі самымі прынцыпамі, што і савецкае кіраўніцтва, пасылаючы ў Мінск Слюнькова ці Малафеева. Лукашэнка не меў ніякага вопыту, таму лёгка было ім кіраваць, весці ўнутраную і знешнюю палітыку Беларусі ў пажаданым Масквой напрамку. Без праблемы ліквідавалася беларускае школьніцтва, таксама без праблемы расіяне ўзначалілі ўсе найважнейшыя ўстановы дзяржаўнага кіравання.

У знешняй палітыцы расійскія ўлады прытрымліваліся прынцыпу кампраметацыі самога інстытута беларускай дзяржаўнасці. З аднаго боку вяло гэта да ізаляцыі Беларусі і адсутнасці альтэрнатыўнай палітыкі. Адзіным выхадам для Мінска стала прарасійская палітыка. З другога боку грамадзяне Беларусі пераставалі адчуваць эмацыянальную сувязь са сваёй дзяржавай. Такім чынам ад некалькіх гадоў расійскія спецслужбы рыхтуюць беларусаў да ліквідацыі нават сімвалічнай незалежнасці.

У Маскве тэрыторыя Беларусі разглядаецца як частка Расійскай Федэрацыі. Некаторыя расійскія геапалітыкі, — піша Клінко, — прапануюць перадаць Гродна Польшчы і атрымаць узамен калідор у Калінінград. Расія такім чынам хоча забяспечыць не толькі свае інтарэсы на захадзе, але таксама пазбыцца найменш лаяльнага каталіцкага насельніцтва Гродзеншчыны. Пастаяннай практыкай царскай адміністрацыі было замацоўванне падзелаў сярод беларусаў на праваслаўных і католікаў. Гэтых апошніх прынцыпова называлі палякамі. Сёння, спадзеючыся, што „інтэграцыя” можа выклікаць супрацьстаянне з боку католікаў, расіяне гатовы іх аддаць Польшчы ў замен за праславуты ўжо калідор. Маскоўскі гандаль беларускімі землямі мае даволі вялікую традыцыю. У саракавых гадах Сталін некалькі разоў мяняў межы Беларусі, у залежнасці ад актуальных палітычных патрэб. Сёння Масква, відаць, мала ўжо звяртае ўвагу на Лукашэнку. Ён у сапраўднасці выканаў сваю работу, але ўсё яшчэ патрэбны расійскім спецслужбам для прыкрыцця дзейнасці палкоўнікаў і генералаў, кантралюючых усе зоны дзяржаўнага і палітычнага жыцця Беларусі. Прэзідэнт стаў іх заложнікам.

Інтэграцыю Клінко прапануе назваць ціхай акупацыяй, што больш адпавядала б рэальнаму стану Беларусі. У сапраўднасці такі варыянт палітыкі расіянам удалося рэалізаваць толькі ў Беларусі. Спроба „інтэграцыі” Грузіі закончылася правалам. Шэварднадзэ аказаўся палітыкам, які не пабаяўся чэкістаў Прымакова. Нават спроба забойства прэзідэнта Грузіі не адмяніла яго курсу на незалежнасць. У Беларусі пастаянна знішчаліся палітыкі, якія неслі рэальную пагрозу для расійскага панавання. Як першы загінуў бясследна былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка. У таямнічы спосаб адышоў у вечнасць Генадзь Карпенка. Міхаіл Чыгір акампраметаваны нейкімі крымінальнымі справамі. Здаецца толькі, што ў Маскве ніхто не ўспрымае ўсур’ёз „дэмакратычнай апазіцыі”. Яе існаванне стварае добрую заслону для расійскага панавання. Маючы кантроль над сродкамі масавай інфармацыі, можна ёю палохаць так беларускае грамадства, як і самога Лукашэнку, а Захаду даказваць, што цэнзура і праследаванне дысідэнтаў — гэта ўнутраныя справы Беларусі. Так, дарэчы, справа выглядае ў еўрапейскіх сродках масавай інфармацыі.

Паводле Клінко, Лукашэнка мае яшчэ шанц абараніць сябе і Беларусь ад „апекі” расійскіх інтэгратараў. Павінен ён толькі адклікацца да волі беларускага народу, які састаўляе амаль 80 працэнтаў насельніцтва Беларусі і зусім не хоча быць часткай расійскай імперыі. Але ведаючы рэальнасць палітычнага жыцця ў Беларусі, баязлівасць і інтэлектуальны стан прэзідэнта, гэта зусім немагчымае.