Ніва № 28 (2304), 9 ліпеня 2000 г.

Таварыства сяброў Нарваўскай зямлі

Аляксандр МАКСІМЮК

24 і 25 чэрвеня г.г. прайшлі першыя Дні Нарвы. Склаліся на іх канцэрты вакальна-інструментальных ды фальклорных калектываў з Беласточчыны і Беларусі, выстаўкі фатаграфій, карцін, твораў народнага мастацтва ды спаборніцтвы. А ўсё гэта адбывалася пад адкрытым небам, на прыгожай пляцоўцы ля ракі Нарвы — направа каля моста, калі ўязджаць у Нарву ад Трасцянкі. Святкаванні прыцягнулі натоўпы нараўлян.

Дадатковай мэтай, якую паставілі сабе арганізатары Дзён Нарвы — самаўрад і мясцовы асяродак культуры — было заснаванне Таварыства сяброў Нарваўскай зямлі (у польскім варыянце Towarzystwo Przyjaciol Ziemi Narwianskiej). Мэта гэтая была дасягнута. Удзельнікі канферэнцыі, на якой войт Якуб Садоўскі прадставіў інфармацыю пра гміну Нарву і мястэчка ды выйшаў з прапановай стварыць Таварыства, пагадзіліся, што такая група прыхільнікаў Нарвы патрэбная. Супольна была сфармулявана агульная мэта арганізацыі — дзеянне ў карысць усебаковага прагрэсу мястэчка і гміны. Удзельнікі вырашылі таксама, што Таварыству трэба прыдаць юрыдычны кшталт у выглядзе асацыяцыі (stowarzyszenia). Дзеля гэтага быў створаны ўстаноўчы камітэт з мэтай апрацоўкі статута ды іншых неабходных для рэгістрацыі дакументаў. Само фармальнае заснаванне Таварыства сяброў Нарваўскай зямлі адбудзецца ў асобным тэрміне.

Нарваўская гміна па плошчы належыць да найбольшых на Беласточчыне (242 кв. км), але жыве ў ёй цяпер толькі каля 5 тыс. насельніцтва, адна трэцяя якога — жыхары мястэчка. З гэтай гміны паходзяць, між іншым, епіскап Беластоцка-Гданьскі Іакаў і вядомы нашым чытачам сацыёлаг Андрэй Садоўскі.