Ніва № 28 (2304), 9 ліпеня 2000 г.

Камюніке

Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку

Штогод 3 ліпеня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца нацыянальнае свята — Дзень Незалежнасці (Дзень Рэспублікі). Традыцыя святкавання гэтага дня мае паўвекавую гісторыю. 3 ліпеня 1944 г. савецкае войска вызваліла сталіцу Беларусі — горад Мінск. З той пары гэты дзень адзначаецца як гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецкіх захопнікаў. З 1996 г. мае ён статус галоўнага нацыянальнага свята Беларусі — Дня Незалежнасці (Дня Рэспублікі).

Рэспубліка Беларусь — незалежная дзяржава, якая ўзнікла пасля развалу СССР, і юрыдычная спадкаемніца Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. У 1991 г. згаданы дакумент атрымаў статус канстытуцыйнага закону. Дыпламатычныя і консульскія адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча былі ўстаноўлены 2 сакавіка 1992 г. Першае дыпламатычнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь за мяжой было адкрыта 23 красавіка 1992 г. у Польшчы (Варшава).

Беларусь — адзін з заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. 26 чэрвеня 1945 г. БССР падпісала Статут ААН. У даны момант Рэспубліка Беларусь на міжнароднай арэне выступае як паўнапраўны і незалежны суб’ект міжнароднага права.

У сучасным беларускім грамадстве няма прывілеяваных і нераўнапраўных народаў, няма дыскрымінацыі людзей па прычыне нацыянальнасці або веравызнання. Усе нацыі і народнасці карыстаюцца роўнымі правамі, нясуць супольную адказнасць за лёс дзяржавы, у якой жывуць і працуюць.

Рэспубліка Беларусь — адна з лепш гаспадарча развітых дзяржаў, якія састаўляюць СНД. Дзякуючы карыснаму геаграфічнаму распалажэнню, развітай сетцы транспартных шляхоў, якія спалучаюць Еўропу з Азіяй, дзякуючы навукова-тэхнічнаму патэнцыялу і высокакваліфікаваным кадрам, гаспадарка Беларусі рэалізуе свае патрэбы пры дапамозе шырокага гандлю з многімі краінамі свету, папраўляючы якаснасць і канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў на знешніх рынках.

У 1999 г. тавараабарот паміж Рэспублікай Беларусь і Польскай Рэччу Паспалітай дасягнуў 422,3 млн. дол. ЗША, у тым ліку экспарт беларускіх тавараў склаў 208,3 млн. дол. Ад пачатку 2000 г. наглядаецца павелічэнне тавараабароту з карысным для Беларусі сальда гандлёвага баланса на 45 млн. дол.

У даны момант на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь зарэгістраваных 200 супольных прадпрыемстваў з удзелам польскага капіталу і 150 замежных прадпрыемстваў са стопрацэнтным удзелам польскага капіталу. Паміж Рэспублікай Беларусь і Польскай Рэччу Паспалітай практычна стварылася поўная база міжнародных пагадненняў, якая на сённяшні дзень налічвае каля 40 пагадненняў.