Ніва № 28 (2304), 9 ліпеня 2000 г.

Дзесяць гадоў беларускай дзяржаўнасці

Яўген МІРАНОВІЧ

3 ліпеня афіцыйны Мінск адзначыў Дзень незалежнасці Беларусі. Гэтага дня 1944 г. савецкія войскі вызвалілі Мінск ад нямецкіх акупантаў. Вяртанне на Беларусь савецкай сталінскай улады ад чатырох гадоў стала сімвалам незалежнасці Беларусі. Ініцыятарам устанаўлення гэтай даты як Дня Незалежнасці быў Аляксандр Лукашэнка, які пасля „кансультацыі з народам” у выглядзе славутага рэферэндуму ў лістападзе 1996 г. вярнуў хвалу савецкай палітычнай спадчыне.

27 ліпеня г.г. міне таксама дзесятая гадавіна абвяшчэння Вярхоўным Саветам Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі „Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР”. Ад 1993 года 27 ліпеня пастановай парламента Беларусі было назначана афіцыйным нацыянальным святам і адзначалася як Дзень Незалежнасці. Дарэчы, такое яго званне было поўнасцю апраўдана.

7 артыкул успомненай „Дэкларацыі” ўстанавіў вяршэнства Канстытуцыі БССР на тэрыторыі рэспублікі. Такім чынам усе савецкія заканадаўчыя акты страцілі юрыдычную сілу. Выступаць ад імя беларускага народа мог толькі Вярхоўны Савет, які пастаянна і паслядоўна ў той час пераўтвараўся ў сапраўдны парламент. Камуністычная партыя пасля сямідзесяці гадоў панавання была пазбаўлена манаполіі на ўладу, а год пасля — на нейкі час — была нават забаронена яе дзейнасць. 12 артыкул „Дэкларацыі” заяўляў, што кожная дзейнасць супраць суверэнітэту Беларусі будзе „праследавацца па законе”. „Дэкларацыя” пацвярджала ранейшую пастанову Вярхоўнага Савета аб выключнасці беларускай мовы ў якасці дзяржаўнай на тэрыторыі рэспублікі. Давала яна таксама беларускаму ўраду магчымасць стварыць сваю нацыянальную армію, рэспубліканскую міліцыю і службы бяспекі. Гэты заканадаўчы акт адкрываў дарогу да сапраўднай незалежнасці. Таму менавіта пасля прыходу да ўлады А. Лукашэнкі 27 ліпеня не магло надалей заставацца нацыянальным святам беларусаў. Гэтая дата сімвалізавала выхад Беларусі са стану цалкавітай залежнасці ад маскоўскага палітычнага цэнтра. Зусім адваротную канцэпцыю палітыкі прадстаўляў Аляксандр Лукашэнка. Таму прыдумаў дату нацыянальнага свята, якая адпавядала яго ідэі інтэграцыі з Расіяй. Дзень уваходу Чырвонай Арміі ў Мінск у 1944 г. вельмі лагічна адпавядаў патрэбам лукашэнкаўскай палітыкі. Іншая справа, што 3 ліпеня не мае ніякага дачынення да справы незалежнасці Беларусі.

Пасляваенная Беларусь стала краінай амаль без беларускай нацыі, без беларускай мовы і без беларускай культуры, у якой вырастала савецкае грамадства. Таму 3 ліпеня гэта свята не беларускага народа, але хутчэй савецкага грамадства. Сведчаць аб гэтым таксама савецкія сімвалы, якія спадарожнічаюць лукашэнкаўскай Беларусі на шляху яе вяртання ў расійскую зону ўплываў. Варта аднак памятаць, што менавіта 27 ліпеня, дзесяць гадоў таму, беларускія эліты вельмі выразна прадэманстравалі волю жыць у сваёй незалежнай краіне. І ніякія рэферэндумы не павінны сціраць памяці пра гэты факт.