Ніва № 27 (2303), 2 ліпеня 2000 г.

Рэформа ідзе паспяхова

Яўген МІРАНОВІЧ

Другі год рэалізуецца рэформа аховы здароўя і надалей ніхто не ведае дзеля чаго ажыццяўляецца эксперымент, які большасць грамадзян пазбавіў доступу да лекара. Шмат пацыентаў, якім чыноўнікі адабралі грошы не пытаючы ў іх згоды і абяцаючы дармовыя медыцынскія паслугі, не ператрывала шаленства, якое адбываецца ў сферы аховы здароўя. Зразумела, што вінаватых ніхто не знойдзе, а нават і не шукае. Медыкі задаволеныя, бо зарабляюць больш, менш працуючы, а дэбілы, якіх завуць палітыкамі, хваляцца чарговай рэформай, якая наблізіла нас да Еўропы. Скарумпаваную службу аховы здароўя заступіла больш каштоўнае для хворых платнае абслугоўванне ў прыватных кабінетах.

Зразумела, надалей існуе дармовая амбулаторыя і — вынаходка нашага часу — сямейны лекар, якія прапануюць дармовыя паслугі. Дарма, значыць, за грошы, якія нам забралі ў выглядзе страхавання ці падаткаў. Але, напрыклад, калі захочам лячыць зубы, тады за кожную залатаную дзірку трэба ў сярэднім даплаціць 50 злотых. Толькі 15 злотых даплачвае за нас г.зв. Каса хворых. Горш, калі спатрэбіцца нам дапамога спецыяліста — кардыёлага, уролага, ларынголага. Сямейны ці амбулаторны лекар дае без праблемы адпаведную паперку, у адпаведнасці з якой павінен нас прыняць спецыяліст. Калі, напрыклад, дакучае сэрца хворы, каб перажыць, павінен мець маланкавы кантакт з лекарам. Тым часам у Беластоку чарга да кардыёлага ў спецыялістычнай амбулаторыі па вуліцы Браніцкага сягае 36 дзён, а па вуліцы Бэма — 44 дні. Часам нехта не вытрымае доўгага чакання і звольніць сваё месца, тады можа паскорыцца тэрмін візіту.

Не абазначае гэта, што ў лекараў так многа працы, што не паспяваюць прымаць усіх хворых. Наадварот, сядзяць яны ў пустых кабінетах, зрабіўшы норму, вызначаную ім Касай хворых. Лекар, напрыклад, мог бы прыняць 20 пацыентаў за адзін дзень, але па той прычыне, што плацяць яму толькі за 5 пацыентаў, астатніх вымушаны быў бы лячыць дарма, чаго, зразумела, ніколі не робіць. Багатыя хворыя маюць, аднак, выбар: чакаць або пайсці ў прыватны кабінет, нават да гэтага самага лекара, які, выканаўшы дзённую норму ў амбулаторыі, гатовы без абмежавання прымаць пацыентаў у прыватнай амбулаторыі. Уваход у такі кабінет каштуе каля 50 злотых. Зробленая ў амбулаторыі дыяграма амплітуды сэрца тут аказваецца няважнай і патрабуецца яе паўторнае выкананне, зразумела, не дарма. Але каб паставіць нейкі дыягназ пра стан нашага галоўнага органа, кардыёлаг вымушаны паслаць нас у медыцынскі кааператыў ці шпіталь, аснашчаны адпаведнай апаратурай, каб правесці ўсе неабходныя даследаванні. Па той прычыне, што пасылае нас туды лекар з прыватнага кабінета, за ўсе паслугі трэба плаціць. Цалкавіты кошт электроннай праверкі стану сэрца каштуе каля 500 злотых. Не адзін пенсіянер з хворым сэрцам можа памерці, пачуўшы такую цану. Найбольш дзіўнае, што трэба плаціць за карыстанне шпітальнай апаратурай, якую купілі за грошы падаткаплацельшчыкаў, у тым і нашы. Але калі хто хоча жыць, не мае выбару. Горш з тымі, што не маюць грошай. Вымушаны яны месяцамі чакаць візіту. Некаторым, аднак, не хапае шчасця, каб пакарыстацца дапамогай нашых знакамітых медыкаў.