Ніва № 26 (2302), 25 чэрвеня 2000 г.

Фэст у амфітэатры

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У нядзелю 11 чэрвеня ў беластоцкім амфітэатры адбылося арганізаванае Галоўным праўленнем Беларускага грамадска-культурнага таварыства Свята беларускай культуры. Адкрываючы мерапрыемства старшыня ГП БГКТ, пасол Ян Сычэўскі прывітаў прысутных. У пераліку афіцыйных гасцей заўважалася поўная адсутнасць і тых з Варшавы, і тых з Беластока; я маю тут на ўвазе польскі бок, бо назначаныя Мінскам дыпламаты прысутнічалі — разам са жменькай мінскіх і гродзенскіх чыноўнікаў. Быў яшчэ гайнаўскі стараста Уладзімір Пятрочук і войты: гайнаўская Вольга Рыгаровіч і арлянскі Ян Добаш.

Яшчэ пару гадоў таму лік афіцыйных гасцей складаў неблагі адсотак усёй публікі і калі б такое захавалася і сёлета, агляд мерапрыемства аставіў бы мінорны настрой. Але калі эліты паказалі фальклорнаму гулянню плечы, шырокія простанародныя масы зрабілі арганізатарам падарунак і запоўнілі амаль цэлы амфітэатр; позірк на публіку выклікаў мажорнае хваляванне.

Напэўна не менш ад мяне радаваліся і гледачы. На сцэне выступілі папулярныя ў нас калектывы, а найбольш іх было з Бельска, Беластока і Гарадка. Былі і госці з Беларусі: калектыў „Вербніца” з Пружан і дзіцячы ансамбль „Ручаёк” з Гродна.

Калектыў „Ручаёк” быў заснаваны сем гадоў таму пры камбінаце „Хімвалакно” ў Гродне. Як сказаў мне яго мастацкі кіраўнік Ігар Апулевіч, якога мама нарадзілася ў Беластоку, спачатку быў гэта толькі танцавальны кружок. Шляхам адбору таленавітых дзяцей з усяго горада калектыў вырас у ансамбль з уласным аркестрам, які сёння можа даць паўтарыгадзінны канцэрт. Ужо ў 1998 годзе ансамбль стаў лаўрэатам Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур. Калектыў прымае шырокі ўдзел у гродзенскіх культурных мерапрыемствах. Сёлета ўдзельнічаў у мастацкіх сустрэчах у Мінску, а цяпер, упершыню, прыехаў за граніцу — у Беласток.

Добрай традыцыяй беларускага фэсту ў беластоцкім амфітэатры становіцца прысутнасць Янкі Заброцкага з кніжнымі прапановамі ягонага варшаўскага Цэнтра славянскай кнігі. Найбольшым зацікаўленнем карысталіся кнігі, якія асвятляюць Беласточчыну. Дырэктар Заброцкі заўважыў рост зацікаўлення кнігай у нашым вясковым асяроддзі, і то на, здавалася б забываемай, беларускай мове! Мо дзеецца таму так, што з інструмента выключна прапагандысцкай хлусні намагаецца яна стаць і носьбітам праўды. І яшчэ адна цікавінка ад Яна Заброцкага: ён стаў галоўным пастаўшчыком беларускай і ўкраінскай кнігі ў Японію: нядаўна адправіў туды паўтоны славянскіх кніжак!

Апрача Яна Заброцкага прапанавалі свае кнігі і нашы літаратары: Міра Лукша, Віктар Швед і Уладзімір Саўчук. БГКТ таксама прапанавала некалькі кніжных выданняў, але найбольшым зацікаўленнем на тамашнім ларку карысталіся заслуханыя са сцэны гіты нашага вакальнага мастацтва, якія, запісаныя на плёнку або пласцінку, можна ўзяць у сумку дахаты і там яшчэ раз палюбавацца роднай песняй.

Вырабы рукадзелля прапанавалі народныя майстры з Беларусі і Беласточчыны. Асабліва ўразілі мяне ажурныя саламяныя вырабы лідскіх мастачак — гэта сапраўды ювелірная работа. Жанчыны абсяваюць свой палетак жытам, пасля жнуць яго сярпамі, абрэзваюць каласы і залацістая сыравіна гатовая! А пасля мастачкі вычароўваюць з тае простае саломы сапраўдныя цуды.

Умельцы з арлянскага наваколля — з Рудутаў, Крывятыч і Кашалёў — прапанавалі таксама саламяныя вырабы, але больш салідныя, а апрача таго вырабы з сена і бярозавай лазы. Прапанаваліся таксама драўляныя скульптуры з майстэрні Уладзіміра Навумюка з Канюкоў.

Калі я распытваў некаторых прадаўцоў, якім попытам карыстаюцца прапанаваныя імі тавары, яны наогул стандартна адказвалі, што добра. Праўда, у час канцэрта спажывальнікі іхняй прадукцыі адводзілі свае душы музыцы, але пасля трываючага тры з паловай гадзіны канцэрта, яны тлумна абступілі ларкі, хаця здзелак не было ўжо занадта многа.

І наканец слоў пару пра надвор’е. Стаяла сонечная пагода, аднак жара тая была цяжкая і магчыма ад яе, а мо ад мастацкіх хваляванняў некаторым выканаўцам і гледачам спатрэбілася медыцынская дапамога. І, мабыць, тая пагода і прывяла ў амфітэатр камплект гледачоў.