Ніва № 26 (2302), 25 чэрвеня 2000 г.

Юбілей Гайнаўскага белліцэя

Аляксей МАРОЗ

II З’езд выпускнікоў Гайнаўскага беларускага ліцэя, які адбыўся 10 і 11 чэрвеня 2000 года, спалучаны быў са святкаваннем 50-годдзя існавання школы. Мерапрыемства распачалося Літургіяй і малебнам у Свята-Троіцкім саборы ды сустрэчай школьных сяброў у невялікіх групах у паасобных кабінетах новага будынка белліцэя. Абітурыенты ўспаміналі вучнёўскія гады, настаўнікаў ды класных сяброў і расказвалі пра здарэнні, якія засталіся ім у памяці.

Прыбыло многа гасцей

Самым урачыстым момантам было спатканне з нагоды 50-годдзя існавання школы, на якое апрача выпускнікоў і іх настаўнікаў запрошыны былі госці, між іншым, з беларускай і польскай сталіц. З Мінска прыбыла дэлегацыя з паслом па спецыяльных даручэннях Міністэрства замежных спраў РБ Яўгенам Вайтовічам і прадстаўніком Міністэрства адукацыі РБ Генадзем Пяцігорам. З Варшавы прыехаў саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь Уладзімір Каральчук і вядомы польскі акцёр Данель Альбрыхскі. Сярод запрошаных гасцей, якія разам з выпускнікамі сабраліся ў актавай зале дырэктар Яўген Сачко вітаў яшчэ, між іншым, святароў, якіх узначальвалі каталіцкі епіскап Драгічынскі Антоні Дыдыч і Гайнаўскі праваслаўны дэкан, мітрафорны пратаіерэй Міхаіл Негярэвіч, консула РБ у Беластоку Паўла Латушку, прадстаўнікоў школьных і самаўрадавых улад і беларускіх арганізацый.

Адным з першых голас узяў Данель Альбрыхскі, дабрадзей, які разам з Ежы Гедройцам грашова ўспамог Гайнаўскі белліцэй і даў яму маральную падтрымку, калі ў Кураторыі не знайшлі грошай ліквідаваць школьныя даўгі, у выніку чаго школе адключылі электраэнергію. Удзельнікі З’езда стоячы віталі і развітваліся з акцёрам, які ўвайшоў на кастылях з нядаўна паламанай нагой.

— Велічыню народаў мераюць іх адносінамі да нацыянальных меншасцей, — заявіў Данель Альбрыхскі ў час свайго выступлення.

Зорка польскага кіно падкрэсліў неабходнасць успамагання нацыянальных меншасцей у іх дзейнасці. Успамінаў пра сваё дзяцінства, якое прайшло ў суседнім Драгічыне, дзе сутыкнуўся з праваслаўнымі і пра свае фільмавыя кантакты з беларусамі. Пажаданням для белліцэістаў і выпускнікоў спадарожнічала кароткая акцёрская дэкламацыя. Абяцаў ён даць у наступным годзе ў белліцэі канцэрт.

Пасол па спецыяльных даручэннях Міністэрства замежных спраў РБ Яўген Вайтовіч да пажаданняў далучыў просьбу прабачэння за недастатковую дапамогу з боку Рэспублікі Беларусь для белліцэя. Консул Павел Латушка чарговы раз успамог белліцэістаў беларускімі кніжкамі, а прадстаўнік Міністэрства адукацыі РБ Генадзь Пяцігор падорыў прыгожую карціну і відэакасеты ў якасці вучэбных дапаможнікаў. Намеснік бурмістра горада Гайнаўкі Міраслаў Мордань да цёплых слоў далучыў вартасны падарунак — высакаякасны камп’ютэр. З пажаданнямі і падарункамі выступілі таксама іншыя госці, а сярод іх гайнаўскі стараста Уладзімір Пятрочук, старшыня Рады Гайнаўскага павета Вольга Рыгаровіч і дырэктар Бельскага белліцэя Зінаіда Навіцкая. З прапановай стварыць стыпендыяльны фонд, які ўспамагаў бы белліцэістаў выступіў старшыня Беларускага саюза ў РП Яўген Вапа і на яго рэгістрацыю перадаў дзве тысячы злотых. Гаварыў ён таксама, як выпускнік і былы настаўнік белліцэя, успамінаючы школьныя гады і нядаўна памерлага настаўніка беларускай мовы і дырэктара Аляксандра Іванюка. Старшыня БГКТ, пасол Сейма Ян Сычэўскі хваліў белліцэй за адукацыйныя поспехі, звяртаючы ўвагу на асаблівае яго значэнне ў вясковым асяроддзі ў мінулых гадах, пра якія ўспамінаў настаўнік гісторыі Яўген Янчук.

З гісторыі школы

Гісторыя беларускага ліцэя ў Гайнаўцы звязана з датай 1 верасня 1949 года, калі ў адным будынку пачалі адначасна працаваць Пачатковая школа і Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання. Пасля ўспамінаўся 1965 год, калі белліцэй аддзяліўся ад пачатковай школы і 1966 год, у час якога школа прыняла названне Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы. У 1993 годзе вучні перайшлі вучыцца ў новы школьны будынак, а ў 1999 годзе адбыліся чарговыя арганізацыйныя змены і разам са стварэннем побач белліцэя беларускай гімназіі, школа пачала карыстацца новым названнем: Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Перад мерапрыемствам у школе паявіліся насценгазеты аб гісторыі школы і яе дырэктарах. Выпускнікі атрымалі таксама новую кніжку „Беларускі ліцэй у Гайнаўцы”, якую апрацавалі былы дырэктар ліцэя Аляксандр Іванюк і настаўнік беларускай мовы Васіль Сакоўскі. Можна ў ёй прачытаць пра гайнаўскае беларускае школьніцтва, якое пачало развівацца ў 1939 годзе, пры савецкай уладзе. У кніжцы змешчана інфармацыя пра гісторыю школы, поспехі вучняў, настаўнікаў ды спісак выпускнікоў. Дырэктар Яўген Сачко расказаў пра сённяшні дзень белліцэя і белгімназіі, у якіх вучыцца зараз каля 580 вучняў і працуе 41 настаўнік, з ліку якіх 31 за поўны штат. Паінфармаваў пра вынікі Агульнапольскага рэйтынгу, праведзенага сярод сярэдніх школ Польшчы тыднёвікам „Перспектывы”, паводле якога Гайнаўскі белліцэй заняў пяцідзесятае месца ў Польшчы і чацвёртае ў Падляшскім ваяводстве.

Сямейная атмасфера

Пасля афіцыйных выступленняў вядучы мерапрыемства настаўнік Ян Карчэўскі даў голас школьнай моладзі, якая з дапамогай апекуноў Бажэны Ляўчук і Вольгі Сянкевіч падрыхтавала артыстычную частку.

Выступілі ў ёй дзяўчаты з калектыву „Знічка”, якія падрыхтавалі, між іншым, мясцовыя песні, была дэкламацыя, моладзь танцавала „Лявоніху”, а Кацярына Сапяжынская пад акампанемент гурту „Гоман” праспявала дзве песні — спецыяльна апрацаваную „Беларусачку” і падрыхтаваную на святкаванні „Залаты юбілей”. Перад разыходам з актавай залы ўсе ўдзельнікі заспявалі „Люблю наш край”. Выпускнікі спаткаліся яшчэ ў час балю абітурыентаў і на наступны дзень гасцявалі ў Тапіле. Многія сумавалі па старым драўляным школьным будынку і яго непаўторнай атмасферы. Сярод выпускнікоў можна было ўбачыць прадстаўнікоў мясцовых самаўрадавых улад, гасцей з-за мяжы і людзей розных прафесій, якія забыліся пра свае абавязкі і супольна ўспаміналі мінулае.