Ніва № 25 (2301), 18 чэрвеня 2000 г.

Народы Беларусі гулялі ў Гродне

Мікола ВАЎРАНЮК

Феерверкі над старажытным Гроднам апоўначы з 3 на 4 чэрвеня закончылі ІІІ Усебеларускі фестываль нацыянальных культур. Шаснаццаць народаў на працягу двух дзён прэзентавалі свае мастацкія калектывы, уборы, вырабы народнай творчасці, нацыянальную кухню. Сярод іх былі бліжэйшыя суседзі Беларусі і народы, якія спрадвеку пражываюць на беларускай зямлі: літоўцы, латышы, немцы, палякі, рускія, украінцы, цыганы, яўрэі. А таксама імігранты з далёкіх краін: азербайджанцы, армяне, грэкі, карэйцы, малдаване, татара-башкіры, чувашы, эстонцы.

Першы такі фестываль прайшоў у Гродне ў 1996 годзе, другі — у 1998. Абодва выпускі паклалі „вялікі пачатак развіццю культур нацыянальных супольнасцей Беларусі”, — чытаем у прэс-рэлізе сёлетняга фестывалю. Узніклі новыя нацыянальныя суполкі, сталі працаваць нядзельныя школкі, па ўсёй рэспубліцы ладзіліся розныя мерапрыемствы.

Да сёлетняга фестывалю рыхтаваліся звыш года. Выступленні мастацкіх калектываў праходзілі ў раённых і абласных цэнтрах. Паасобныя меншасці праводзілі свае нацыянальныя фестывалі. Фінал арганізавалі: Міністэрства культуры, Дзяржаўны камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт і Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, надаючы яму статус Усебеларускага фестывалю.

Фестываль пачаўся ў пятніцу пасля поўдня шэсцем па вуліцах Гродна ад гасцініцы „Беларусь” да Савецкай плошчы, дзе і адбыўся вялікі супольны канцэрт. З-за спінаў народу і кардонаў міліцыі не ўсё тут можна было ўбачыць, таму значна цікавей было другога дня, калі адкрыліся нацыянальныя панадворкі. Выглядала гэта так, што кожная група заняла адведзенае сабе месца ў межах старажытнага цэнтра горада і там прэзентавала сваю самабытную культуру.

Напрыклад, зараз за Аблвыканкамам перад Савецкай вуліцай размясціліся грэкі, якіх у Беларусі (паводле даведніка фестывалю) усяго 743 чалавекі, але маюць дзве суполкі: „Алкестыда” ў Мінску і „Пелапанэс” у Маладзечне. Грэкі, апрача музыкі, падрыхтавалі на пачастунак барана, меншай жывёлы і розных салатаў не ўспамінаючы. Непадалёк быў панадворак цыганскі з коньмі і брычкай, а ўжо на Савецкай вуліцы — галоўным праменадзе горада — танцавалі карэйцы і армяне. У гэтых другіх былі найбольшыя шашлыкі.

Згодна суседнічалі ўкраінцы з яўрэямі і немцамі. Палякі „акупавалі” Новы, а літоўцы — Стары замак. Першыя частавалі літаратурай і... чамусьці таксама шашлыкамі. А ў другіх пад спевы і танцы можна было скаштаваць цёмнага густога літоўскага піва. На жаль, чалавек не з мяшком і смак большасці нацыянальных страў застаўся невядомым. Затое музыкі і спеваў дальбог мог паслухаць уволю, якіх заўгодна.

У час фестывалю былі і іншыя цікавыя мерапрыемствы. На Новым замку, напрыклад, была адчынена выстаўка фотаздымкаў „Гродна на мяжы тысячагоддзяў”, у якой удзельнічалі таксама беластачане: Віктар Волкаў, Марэк Далецкі, Генрык Рагазінскі і Пётр Савіцкі. А ў маладзёжнай праграме „Беларускі фольк-мадэрн” выступілі два добра вядомыя нашы калектывы: „Ас” і „Прымакі”, выклікаючы прызнанне сабранай на Савецкай плошчы публікі.

Беларуская дзяржава ў арганізацыю фестывалю ўклала многа фінансавых сродкаў і аўтарытэту, што было відаць хаця б па колькасці міліцыянтаў. Безумоўна, частка праграмы, была паказухай. Асабліва вялікія канцэрты на Савецкай плошчы. Можна было сумнявацца ў якасці такога мастацтва як дэкаратыўнае пано на сцяне аднаго з дамоў — сімвал фестывалю. Але нацыянальныя панадворкі былі супер! Кожны мог сабе выбраць паводле свайго густу.

Ва ўсім горадзе сустракаліся праграмы і схемы паасобных падзей фестывалю. Падмеценыя і памытыя вуліцы таксама сведчылі, што гэта не абы-якая падзея. Гродзенцаў ніхто не зганяў, а людзей на ўсіх мерапрыемствах было вельмі многа.

Сярод высокіх гасцей можна было заўважыць прадстаўнічую дэлегацыю з Беластока, на чале з прэзідэнтам горада Рышардам Турам і сенатарам Станіславам Марчукам. Можа калі-небудзь і ў Беластоку пройдзе падобнае свята — у цэнтры горада, з удзелам гарадскіх улад і за дзяржаўныя грошы. Не будзе ў нас, праўда, такіх экзатычных канцэртаў, як карэйскі, але пару нацыянальных групаў у горадзе і рэгіёне збярэцца.