Ніва № 25 (2301), 18 чэрвеня 2000 г.

Неўзабаве чарговыя выбары

Яўген МІРАНОВІЧ

Здавалася, што восень гэтага года будзе вельмі цікавай, па прычыне планаванага вялікага сатырычнага шоу, якім будуць прэзідэнцкія выбары. Нішто не паказвала на тое, што кіруючая ў Польшчы кааліцыя постсалідарніцкіх партый проста рассыплецца. Прыватныя інтарэсы пару тысяч актывістаў Уніі вольнасці, разам з выхадам партыі з кіруючага лагера, моцна пацярпелі. Невядома якія былі прычыны ўцёкаў унітаў з урадавых структур, але можна дадумацца, што інтарэсы партыі патрабавалі не мець нічога супольнага ў даны момант ні з фінансамі, ні гаспадаркай краіны. Найчасцей партыі нахабна пхаюцца да ўлады і Унія вольнасці не вылучалася нічым асаблівым у гэтым плане. Змагалася за крэслы для сваіх прыхільнікаў так у цэнтральных, як і ў лакальных установах.

Відаць, што ў эканоміцы набліжаецца нейкі пераломны момант, які, аднак, не будзе аптымістычным для грамадства. Да гэтай пары публічныя фінансы ратаваліся продажам замежнаму капіталу грамадскай маёмасці. Усё, што мела нейкую істотную вартасць, з’яўляецца ўласнасцю замежных карпарацый. Крыніца лёгкага прыбытку проста скончылася. Кожны, хто будзе распрацоўваць бюджэт на наступны год, павінен улічваць гэты фактар. Узнікне тады пытанне: што лепшае для дзяржавы і грамадства — інфляцыя, ці рэзкае абмежаванне выдаткаў на сацыяльную дапамогу, асвету, культуру, інвестыцыі. Унія вольнасці, відаць, вырашыла, што ў існуючых палітычных умовах няма добрай развязкі гэтай праблемы і самае карыснае для будучыні партыі — не браць адказнасці за тое, што здарыцца ў найбліжэйшы час.

Мала праўдападобна, што салідарнікам, а, дакладней кажучы, кааліцыі клерыкальных, нацыянальных і кансерватыўных партый удасца выпрацаваць такі праект бюджэту, які атрымае адабрэнне паловы парламентарыяў. З той прычыны, што лідэр салідарніцкага лагера Мар’ян Кшаклеўскі з’яўляецца кандыдатам у прэзідэнты, бюджэт можа спачатку быць прывабны для грамадства, але тэхнічна будзе невыканальным. Пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі закончыцца какецтва з выбаршчыкамі, салідарнікі праўдападобна памяняюць праект бюджэту спадзеючыся, што выконваць яго будуць посткамуністы.

За ўсе партыйныя гульні, карупцыю, дэмаралізацыю элітаў улады заплаціць грамадства. Парламенцкія выбары, якія планаваліся за год, могуць адбыцца намнога хутчэй па прычыне нестабільнасці ўраду Ежы Бузка.

Здаецца ўпершыню пасля 1989 г. парламенцкія выбары не будуць выклікаць вялікіх эмоцый сярод беларусаў Беласточчыны. Мала праўдападобна, што ўзнікне цяпер нейкі беларускі выбарчы камітэт. Няма цяпер у нас інтэграванага асяроддзя, гатовага арганізаваць нейкую палітычную акцыю. Паражэнні на ўсіх ранейшых выбарчых кампаніях прывялі дзеячаў да поўнай адсутнасці веры ў свае сілы. Дарэчы, нават калі б нехта хацеў уключыцца ў змаганне за пасольскае крэсла, хутка зарыентаваўся б, што больш яго ранейшых сяброў гатовых перашкаджаць яму, чым памагаць. Такая ўжо наша сялянска натура.

Не абазначае гэта, што ў новым парламенце не будзе беларуса. У посткамуністаў намнога больш палітычнай інтуіцыі, чым у салідарнікаў. Можна быць упэўненым, што Яўген Чыквін, Ян Сычэўскі ці нехта іншы будзе паслом наступнага склікання Сейма. Цалкам праўдападобна, што нехта з іх стане беластоцкім віцэ-ваяводам. Ужо цяпер, без выбарчай кампаніі, СЛД можа лічыць на падтрымку больш за 90 працэнтаў праваслаўных выбаршчыкаў. Салідарнікі ў апошніх гадах цалкам пераканалі беларусаў Беласточчыны, што іх ранейшыя палітычныя сімпатыі былі зусім абгрунтаванымі.