Ніва № 22 (2298), 28 мая 2000 г.

Беласток — Гродна, але як?

Аляксандр МАКСІМЮК

З 1 жніўня 2000 г. пагранічны пераходны пункт Кузніца-Беластоцкая — Брузгі будзе закрыты на 3 месяцы. Польскі бок мае намер правесці ў гэты перыяд яго мадэрнізацыю. Увесь рух — легкавыя аўтамашыны, аўтобусы, грузавікі — польскі бок прапануе перавесці на пераход у Баброўніках — Бераставіцы. Беларускі бок на гэта не гатовы.

4 мая г.г. у Гродне прайшла сустрэча беластоцкага і гродзенскага ваяводаў, мэтай якой быў пошук развязкі гэтай сітуацыі. Закончылася яна безвынікова.

— Беларускі бок, — сказаў 16 мая г.г. на прэс-канферэнцыі консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Павел Латушка, — у час сваіх мадэрнізацый ніколі не ставіў Польшчы патрабаванняў поўнасцю перакрываць рух на пагранічных пунктах.

Паводле консула, у Кузніцы ў час мадэрнізацыі можна захаваць адну паласу руху або адчыніць на гэты перыяд часовы пераход, бо прыняць увесь паток легкавых аўтамашын і аўтобусаў у Бераставіцы цяпер немагчыма.

— Беларусь мадэрнізуе свае пераходы ў Брузгах і Бераставіцы, але не паспявае крок у крок за Польшчай, бо фінансавыя магчымасці тут розныя, — сказаў П. Латушка.

Польшча сродкі на разбудову сваіх пераходаў атрымала з Еўрапейскага Саюза, а Беларусь — разлічваць можа толькі на свой бюджэт. На думку консула, пагранічныя пераходы — супольная справа абедзвюх дзяржаў ды сродкамі ЕС на іхнюю разбудову павінны карыстацца і Польшча, і Беларусь.

Звыш 80% руху на мяжы ў Кузніцы-Беластоцкай — Брузгах гэта гандаль. Рашэнне польскіх улад перапыніць рух на 3 месяцы сур’ёзна парушыць інтарэсы тых грамадзян Беларусі, якія жывуць з гандлю на беластоцкіх базарах. Здавалася б, што нічога прасцейшага — хопіць перасесціся ў цягнік. Аднак перасяканне мяжы чаўночнікамі строга рэгламентавана. Цягнік „забраніраваны” тым чаўночнікам, якія заўжды ім карысталіся, яны не дапусцяць новых, бо гэта парушыць іхні інтарэс. Значыць, легкавушкі паедуць на іншыя базары.