Ніва № 22 (2298), 28 мая 2000 г.

Чаму ўзнікла Грамада?

Яўген МІРАНОВІЧ

75 гадоў таму паслы польскага Сейма Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётр Мятла, Павел Валошын і Юры Сабалеўскі выступілі з Беларускага пасольскага клуба і заснавалі новы клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Дало гэта пачатак руху, які прывёў насельніцтва Заходняй Беларусі да такой палітычнай актыўнасці, якой ніколі раней ні пазней не бывала.

Паслы, якія стваралі Грамаду, былі вядомымі ў беларускім асяроддзі прыхільнікамі лаяльнасці і пошукаў паразумення з уладамі польскай дзяржавы. Калі на пачатку дваццатых гадоў арганізавалася беларускае антыпольскае падполле, а эміграцыйны ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі Вацлава Ластоўскага рыхтаваўся да вайны, Тарашкевіч усіх канспіратараў называў рамантыкамі, якія патрацілі кантакт з рэчаіснасцю. На парламенцкіх выбарах у лістападзе 1922 г. беларускія партыі і арганізацыі, аб’яднаныя ў Беларускім цэнтральным выбарчым камітэце, атрымалі 11 месц у Сейме і 3 у Сенаце. Гэта быў вялікі поспех тых дзеячаў, якія заклікалі да супрацоўніцтва з польскай дзяржавай і верылі, што ва ўмовах дэмакратыі беларусы атрымаюць магчымасць развіваць сваю асвету, культуру, а таксама ўсе правы належныя грамадзянам. Тарашкевіч і іншыя беларускія паслы рабілі шмат намаганняў, каб пераканаць польскіх дэпутатаў і палітыкаў, што інтарэс Польшчы заключаецца ў тым, каб двухмільённая беларуская меншасць адчувала яе сваёй бацькаўшчынай.

З другога боку аднак не было найменшага зацікаўлення такім вырашэннем беларускай праблемы ў ІІ Рэчы Паспалітай. Беларускія палітыкі не знаходзілі суразмоўцаў для сваіх канцэпцый. Палякі, якія перад І сусветнай вайной заклікалі да супольнай барацьбы супраць расійскага панавання, не разумелі людзей, якія ад іх пачалі дамагацца мінімуму свабоды. На пачатку дваццатых гадоў было ліквідавана беларускае школьніцтва, створанае ў час нямецкай акупацыі. Беларускай інтэлігенцыі практычна немагчыма было ўладкавацца на працу ў адміністрацыі і іншых дзяржаўных установах. Большасць насельніцтва так па палітычных, як і эканамічных прычынах стала грамадзянамі трэцяй катэгорыі. Паліцыянт, настаўнік і чыноўнік атрымалі місію пераўтварыць беларускіх сялян у патрыятычна думаючы польскі люд. Асіміляцыя славянскіх меншасцей ад пачатку ІІ Рэчы Паспалітай стала дзяржаўнай дактрынай.

У гэты самы час бальшавікі ў Савецкай Беларусі з вялікім размахам праводзілі палітыку беларусізацыі рэспублікі. На ўсходнім баку рыжскай мяжы пачынала стварацца амаль нацыянальная дзяржаўнасць. Адзінай дзяржаўнай мовай стала там беларуская. Эканамічнае развіццё рэспублікі ў дваццатыя гады прывяло да хуткай ліквідацыі страт, нанесеных краіне за час амаль сямігадовай вайны. Беларускія дзеячы і палітыкі ў Польшчы пабачылі ўсходнюю Беларусь як краіну сваіх мараў. Ніхто з іх не мог тады спадзявацца, што саветы праводзяць толькі палітычны эксперымент і пару гадоў пазней з Беларускай Рэспублікі астанецца толькі геаграфічная назва. Аднак тады, калі Тарашкевіч дарэмна шукаў зразумення ў палякаў, саветы ахвяравалі беларусам нацыянальную дзяржаву. Для большасці беларускіх дзеячаў, так на эміграцыі, як і ў Польшчы, зразумелым стала тады, што няма лепшага вырашэння нацыянальнага пытання як уз’яднанне зямель, заселеных беларусамі ў межах Савецкай Беларусі.

Тарашкевіч, які рашыўся на такую радыкальную змену арыентацыі, раней праводзіў размовы з палітыкамі, якія ўваходзілі ў структуры БНР. Размовы з Аляксандрам Цвікевічам у Гданьску прывялі яго да пераканання, што ў існуючых умовах толькі Савецкая Беларусь можа даць перспектывы нацыянальнага праіснавання. Яго сябры з клуба Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётр Мятла і Васіль Рагуля ўжо раней патрацілі ілюзіі наконт магчымасці паразумення з палякамі. Восенню 1923 г. стварылі асобнае дэпутацкае кола Беларускіх незалежных сацыялістаў і парламенцкую трыбуну пачалі выкарыстоўваць для апісання таго, што дзеялася на беларускіх землях. Гаварылі яны пра пародыю судовых працэсаў на г.зв. крэсах, зверствы ў турмах у адносінах да арыштаваных беларусаў, пагардлівыя адносіны лакальнай адміністрацыі, праследаванне праваслаўя.

У 1925 г. Тарашкевіч канчаткова пераканаўся ў памылковасці свайго выбару. Далучыўся да „незалежных сацыялістаў” і разам стварылі новы клуб — Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Ніколі яны адкрыта не заявілі, што хочуць далучыць Заходнюю Беларусь да БССР, але ў праграме партыі запісалі — як мэту сваёй дзейнасці — „незалежнасць Белай Русі ў цеснай сувязі з народамі, якія рашыліся на новую грамадскую структуру”. А „новая грамадская структура” была толькі ў народаў Савецкага Саюза.

Напрыканцы 1926 г. Грамада была адной з найбольшых партый у Еўропе. Налічвала каля 120 тысяч членаў і рашуча паўплывала на настроі грамадства паўночна-ўсходняй Польшчы. Улады вырашылі ліквідаваць гэты рух паліцыйнымі метадамі. Лідэры партыі, паслы апынуліся ў турмах. Такім чынам закончыліся ўсе перспектывы польска-беларускага дыялогу. Палітыка ўлад у трыццатыя гады была беларусам пастаянным доказам, што не павінны яны разлічваць на тое, што калі-небудзь нехта ў польскай палітыцы будзе ўлічваць іх нацыянальны інтарэс. Паралельна, у гэты самы час, толькі больш радыкальнымі метадамі, ілюзіяў наконт нацыянальнага развіцця пазбавілі беларусаў маскоўскія бальшавікі, якія акупавалі ўсходнюю частку краіны.

Грамада ўзнікла як вынік надзеі на існаванне альтэрнатыўнага вырашэння. Яго аднак на практыцы не было.