Ніва № 21 (2297), 21 мая 2000 г.

Пажар у Вялікдзень

Ганна КАНДРАЦЮК

— Што тут народу наз’язджалася! Зусюль: з Беластока, з Бельска, з Гайнаўкі... Цэлы дзень ехалі пабачыць спаленую царкву. На месцы такі жаль, такі боль панаваў, што плакаць хацелася. Папялішчы, галавешкі, гар... Людзі плакалі ўголас — старыя, малыя. Нават бацюшка, як пропаведзь гаварыў, не вытрымаў, расплакаўся, — успамінае другі дзень праваслаўнага Вялікадня пажылая жыхарка Нарвы.

Правадная нядзеля. Праваслаўныя могілкі ў Нарве. Распаложаны яны ў лесе, паўкіламетра за мястэчкам па дарозе ў Качалы. Каля магіл, у вялікай большасці падпісаных яшчэ кірыліцай, сем’і памерлых. Тлумна і неяк калярова ад пластмасавых вянкоў і кветак. Провады ў праваслаўных маюць велікодны, уваскрэсенскі настрой. Настрой добрай надзеі і рэфлексіі.

— Толькі той пажар нашую пасхальную радасць забіў, — уздыхае мая субяседніца.

Растапіўся нават звон

Папялішчы згарэлай у Вялікдзень царквы відаць ужо здалёк ад дарогі. Голы падмурак, кучы недатлелай драўніны, кветкі на папялішчы. Пажар успыхнуў пасля поўначы, першага мая. У дзень стаяла спякотнае, бясхмурнае надвор’е, ноч выпала цёплая, як у ліпені.

— Жонка ў дзве гадзіны ночы прачнулася, ужо гарэла. Праз нейкі час сірэны завылі. Але пра тое, што царква згарэла, я даведаўся ўжо раніцай, — успамінае Мікалай Купрыяновіч з Нарвы. — Калі а шостай пайшоў на пажарышча, то паркан яшчэ жэшкі быў.

— І я на другі дзень пра пажар даведаўся, — кажа Ян Смактуновіч, царкоўны стараста. — Раніцай бацюшка паведаміў. Хто падумаць мог, што на Вялікдзень царкву спаляць. Людзі святкавалі, хто чарку выпіў, хто гасцей прымаў.

Мікалай Купрыяновіч вядзе пад паркан, дзе куча абгарэлага жалезнага лому. Растапіўся нават звон — такая была гарачыня ў сярэдзіне. Згарэў драўляны стары іканастас, іконы.

— Спачатку падумалі, што гэта сатаністы царкву падпалілі.

Стараліся, рамантавалі

Пасля пажару многія ўсвядомілі гістарычную вартасць царквы.

— Чаму царкоўку перанеслі сюды, у лес на могілкі? — пытаю настаяцеля Нарваўскага прыхода а. Васілія Рошчанку.

Раней, царква стаяла на старым могільніку ў цэнтры мястэчка, непадалёк парафіяльнай царквы.

— Мы хацелі, каб царква вернікам служыла. Перанеслі сюды, бо тут яна была патрэбна людзям, — кажа айцец Васілій. — Мала бракавала, каб на старым месцы яна сама ад старасці рассыпалася.

Царква Казанскай Божай Маці з 1726 года. За уніяцкіх часоў служыла як уніяцкі храм. Спачатку стаяла на месцы парафіяльнай царквы, пасля, калі пабудавалі новую царкву, перанеслі яе на праваслаўна-каталіцкі могільнік. У цэнтры мястэчка ператрывала амаль трыста гадоў.

Паводле ваяводскага рэстаўратара помнікаў Антонія Аляксіцкага, царква была важным фрагментам гістарычнага краявіду Нарвы. Сам рэстаўратар ангажаваўся ў рамонт капліцы. Пад яго кірункам у 1993 годзе царкву перанеслі на новыя могілкі.

Тут паставілі новы фундамент, памянялі спарахнелыя бэлькі, насыцілі драўніну негаручай вадкасцю. Царква захавала гонтавы дах і стары драўляны іканастас. У сярэдзіне пракладзена было сучаснае электрычнае абсталяванне з выключальнікам электратоку звонку.

Успыхнула манія праследу

Жыхары Нарвы ад самага пачатку не верылі, што капліца ад электрычнасці згарэла.

Зразу пасля пажару ў Нарве пачалі шукаць вінаватага. У атмасферы крыўды, падмацаванай святочнай чаркай, запахла самасудам. Людзі прыгадвалі ўсе ранейшыя няшчасці парафіі, спалучалі іх у адну гісторыю праследу.

— Дзесяць гадоў таму ў Вялікі чацвер царква загарэлася. А яшчэ раней бацюшку Паплаўскага нежывога найшлі. І цяпер той пажар на Вялікдзень! І чаму гэтых выпадкаў па сённяшні дзень нам да канца не высветлілі?

Хутка аднак пасля пажару паліцыя арыштавала Януша О. з Нарвы. Западозраны ў падпале 23-гадовы Януш О., паводле першых доследаў, прабаваў узламацца ў царкву дзеля пакражы. Не справіўшыся з жалезнай кратай у дзвярах, падпаліў капліцу.

— То для яго спакою арыштавалі. Бо каб ён у Нарве астаўся, то людзі яго жыўцом разарвалі б! — помсліва пагражаюць нарвяне.

Нарвяне — народ талерантны

— Той, якога арыштавалі, — кажуць у Нарве з палёгкай, — нетутэйшы быў. Навалач такая, дзесь з Захаду з сям’ёй звалакліся. Бо там ужо ім месца не было.

Сям’я Януша О. не мае добрай славы.

— Там хіба і пачатковай школы дзеці не далі рады закончыць. І выпіць моцна любілі.

— Kiedys tu lokal zdemolowal i grozil, ze podpali. Bo jak cos wypil, to mu szajba odbijala. Raz na przystanku nie wiadomo za co dziewczyne uderzyl. To dobrze, ze chlopcy tam byli i go skopali, — не шкадуюць паклёпаў у адрас Януша О. у бары насупраць аўтобуснага прыпынку.

Самі нарвяне лічаць сябе людзьмі талерантнымі.

— У нас хто праваслаўны, хто католік, заўсёды дружна адзін з адным жылі. Нікому тут не мяшала, што адзін у царкве, а другі ў касцёле моліцца. Ніякіх нацыяналізмаў, ніякіх расізмаў у нас не было. І ў касцёле, і ў царкве сем’і мешаныя вянчаюцца.

Замест драўлянай стане мураваная

— Людзі за тое, каб капліцу адбудаваць. Як добра пойдзе, то да зімы яшчэ паставім. Але цяпер царква мураваная будзе. Звонку толькі, як на Грабарцы, дзеравам ашалюем, — кажа Мікалай Купрыяновіч.

Цэлы дзень у ахвяравальную скрынку траплялі грошы на адбудову.

— Нават хадзіць за людзьмі не трэба было, кожны на новую царкву ахвяраваць хацеў. Самі падыходзілі і ўспамагалі.

— Пажар знішчыў царкву, ды не знішчыў нашай веры. Замест драўлянай будзе царква мураваная, — вераць у Нарве.

— І каб тыя ранейшыя трагедыі высветлілі, то народ спакайнейшы і лепшы быў бы, — дадаюць.