Ніва № 20 (2296), 14 мая 2000 г.

Свята ў Чорнай-Беластоцкай

Ада ЧАЧУГА

14 мая 2000 года праваслаўны прыход Святых Жон Міраносіц у Чорнай-Беластоцкай святкуе 15-ю гадавіну заснавання. Менавіта 9 мая 1985 года дэкрэтам уладыкі Савы № 138/85 быў створаны гэты прыход. Раней яго тэрыторыя належала прыходу ў Васількаве.

Бацюшка Марк Ваўранюк у прыходзе толькі ад дзевяноста пятага года, але дакладна ведае, як тут было ад пачатку. Зрэшты, усё запісана ў хроніцы, якую пачалі весці, калі яшчэ нават не было вядома, дзе царква будзе будавацца. Першы запіс — ад 3 ліпеня 1983 года. Менавіта тады ў Чорнай-Беластоцкай адбылася першая сустрэча з уладыкам Савам і сярод прыхаджан быў выбраны грамадскі камітэт пабудовы царквы.

Стварэннем прыхода займаліся свяшчэннікі з Васількава. Неўзабаве была куплена зямля, і 6 мая 1984 года быў пакладзены краевугольны камень на будове царквы.

Царкву запраектаваў архітэктар Міхаіл Балаш з Беластока. Будавалі яе вельмі хутка, так што праз год будова была ў асноўным закончана. Змяняліся свяшчэннікі. Пачынаў пабудову царквы бацюшка Анатоль Сегень, пасля быў настаяцель а. Аляксандр Макаль, у 1985 годзе — а. Аляксандр Хіліманюк, ад 1986 да 1991 года — а. Іаан Федарчук, у 1991 годзе прыйшоў а. Анатоль Федарук, а ад мая 1995 года настаяцелем Чорна-беластоцкага праваслаўнага прыхода з’яўляецца а. Марк Ваўранюк.

Маладая царква, малады і бацюшка: толькі ў верасні споўніцца яму 27 гадоў. Нехта незарыентаваны мог бы падумаць, што ён прыйшоў сюды на гатовае. Толькі найбліжэйшыя ведаюць, колькі тут і цяпер яшчэ работы.

Айцец Марк Ваўранюк паходзіць з Міхалова. Быў найстарэйшым сынам у сям’і паштавікоў, але змалку ён ужо ведаў, што не пойдзе слядамі бацькоў. У пачатковай школе ён марыў, што будзе свяшчэннікам, і пасля заканчэння яе адразу падаўся ў Варшаву, у Праваслаўную духоўную семінарыю. Не, не бацькі яго так настаўлялі: гэта выплывала ад яго самога. Хацеў быць у семінарыі — і ўсё. Чатыры гады там правучыўся — 1988-1992. Пасля яшчэ год — у Вышэйшай духоўнай семінарыі. Потым ён пачаў вучыцца ў Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве, там на стацыянарным аддзяленні правучыўся паўтара года, а цяпер працягвае вучобу на III курсе завочнага аддзялення.

У 1995 годзе а. Марк Ваўранюк быў рукапаложаны ўладыкам Савам і назначаны ў прыход у Чорнай-Беластоцкай. Радасць, а разам з ёй непакой напаўнялі душу маладога свяшчэнніка. Як будзе? Будова царквы яшчэ не закончана, трэба канчаць верхнюю царкву і падрыхтоўваць яе да высвячэння.

Але пасля першых дзён, гаворыць а. Марк, я зразумеў, што людзі тут актыўныя. Як яны рады былі, што нарэшце ў іх свая царква і свой бацюшка, на месцы, які ўжо не будзе даязджаць з Васількава ці Беластока. І тады я падумаў: бадай, з Божай дапамогай мы ўсё зможам зрабіць.

Заданняў было шмат. Царкву закончыць, паклапаціцца пра праваслаўныя могілкі, зрабіць на іх агароджу. Апрача таго, а мо перш за ўсё трэба было актывізаваць духоўнае жыццё ў прыходзе, заняцца моладдзю.

Царкву ў Чорнай-Беластоцкай высвяцілі 28 ліпеня 1996 года, у дзень св. Уладзіміра. Яе ніжняя частка гэта царква Іконы Божай Маці „Усіх тужлівых Радасць”. Верхняя — царква Святых Жон Міраносіц, і таксама называецца прыход.

У гэтым прыходзе 230 прыхаджан, сярод якіх ёсць і прыезджыя: з-пад Кузніцы, з Мастаўлян, з-пад Чаромхі і з іншых мясцовасцей Беласточчыны.

Бацюшка Марк Ваўранюк сцвярджае, што на адносіны з уладамі горада нельга наракаць. У іх адносінах назіраецца спеласць, разважнасць, дэмакратычны падыход да спраў. Напрыклад, горад быў спонсарам ілюмінацыі царквы. У час пабудовы няраз аказваў дапамогу. З такой пастаноўкай справы можна смела ўваходзіць у Еўрапейскі Саюз, сцвердзіў ён. Зрэшты, ва ўладах горада таксама ёсць праваслаўныя.

З моладдзю а. Марк пачаў працаваць адразу і сістэматычна. Арганізуюцца пастаянныя сустрэчы з прыхадскім маладзёжным брацтвам. Стварылі маладзёжны хор (яго пачаткі былі ў 1994 г., калі яшчэ быў тут а. Анатоль Федарук). Вядзе хор матушка Тацяна, якая ў Смаленску закончыла школу царкоўных рэгентаў. Цяпер яна штудзіруе яшчэ беларусістыку ва Універсітэце ў Беластоку.

З Тацянай, дачкой а. Іаана Ярашука, настаяцеля з Міхалова, узялі шлюб у верасні дзевяноста чацвёртага. Знаёмыя былі яшчэ з пачатковай школы ў Міхалове.

Матушка вядзе ад гэтага года курс царкоўнаславянскай мовы. Сем чалавек з гэтай групы ўжо прабуюць чытаць па-стараславянску ў царкве.

Пра ўсё гэта расказвае мне айцец Марк, а яго малы мітуслівы сынок Лукаш, якому ў чэрвені будзе чатыры гадкі (але ён, па старой памяці, яшчэ паказвае тры пальчыкі і палавіну чацвёртага: тры з паловай, маўляў), усё круціцца каля нас, хацеў бы прымаць удзел у размове. Яго тварык асвятляе шырокая ўсмешка, калі я прашу, каб ён сеў бацьку на калені, а я зраблю здымак.

Слухаю я айца Марка і думаю, што тут вядзецца вялікая культурна-асветная праца. У мінулым годзе, напрыклад, сустракаліся з беластоцкай паэткай Аляксандрай Шавэла-Навацкай, а таксама ў рамках Фестывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы (ізноў знайшліся спонсары ў горадзе!) выступіў студэнцкі хор з Прэшава (Славакія), які выконваў царкоўныя песні. На іх канцэрт прыйшло каля 300 чалавек, было таксама шмат католікаў. На такіх сустрэчах заўсёды прысутнічаюць гарадскія ўлады. Вось і свята Незалежнасці Польшчы святкавалі спачатку ў касцёле, а пасля ў царкве, дзе таксама адбыўся малебен за Айчыну.

Сёлета, 18 лютага, гаворыць бацюшка, адбылося епархіяльнае святкаванне сусветнага дня праваслаўнай моладзі. Сабралася каля 10 свяшчэннікаў, 150 маладых людзей з Беластока і ваколіц. Прысутнічаў таксама а. Мікалай Астапчук, духоўнік маладзёжных брацтваў ў Польшчы. Ён менавіта ўзначаліў акафіст да Маці Божай і сказаў урачыстую пропаведзь. Было таксама вогнішча, быў куліг для моладзі.

8 сакавіка царкву наведалі сербскія госці: пасол Югаславіі Радаван Матовіч і сербскі паэт Владан Стамянковіч. Я вельмі задаволены, сказаў айцец Марк, што ўдалося сустрэцца з нашымі ўладамі, якія цёпла прынялі гасцей. Гасцей суправаджала дырэктар Цэнтра праваслаўнай культуры ў Беластоку сп. Ірэна Трашчотка.

Што датычыцца прыхадской моладзі, дык мы штогод выязджаем у паломніцтва (чалавек 10-15). Былі мы ўжо, успамінае бацюшка, у манастырах у Вайнове (каля Мрангова), на Грабарцы, у Яблачыне, Уйкавіцах (каля Пярэмышля), у Пачаеве на Украіне, ды ў іншых месцах. Наша прыхадская моладзь супрацоўнічае з праваслаўным прыходам у Замосці.

Ад снежня мінулага года а. Марк Ваўранюк вядзе па даручэнні ўладыкі Іакава сустрэчы з маладзёжным брацтвам студэнтаў. Сустрэчы адбываюцца ў кожную сераду а гадзіне 18-ай.

Усе тэмы, якія мы закранаем, робіць агаворку бацюшка, выплываюць ад студэнтаў (розных напрамкаў: беларусістыкі, права, медыцыны, фізікі). Мы запрашаем таксама гасцей: уладыка Іакаў чытаў лекцыю пра малітву, д-р Яраслаў Матвяюк пра юрыдычны статус Праваслаўнай царквы ў Польшчы, а айцец Іаан Койла, элцкі (сувальскі і аўгустоўскі) настаяцель, расказваў пра ікону (сам іх піша). Мы стараемся на гэтых сустрэчах, каб усе ўдзельнічалі ў дыскусіі, каб гэта не быў толькі мой маналог. Я толькі раблю ўступ, пасля ідуць пытанні. Відаць, што моладзь хоча паглыбіць свае веды пра праваслаўе (таінства шлюбу, тэма посту, малітва), праяўляе вяртанне да карэнняў, што няраз ужо было загублена іх бацькамі. Шмат бывае пытанняў пра мешаныя сужонствы, пра намашчэнне святым алеем.

Цэнтральнае брацтва праваслаўнай моладзі арганізуе ў маі конкурс на аматарскі спектакль на любую тэму. Найлепшыя спектаклі будуць паказаны ў Белавежы на святкаванні 20-гадовага юбілею стварэння праваслаўных брацтваў у Польшчы. Рыхтуецца і беластоцкая моладзь.

Малы Лукашок, якога бацька папрасіў пагуляць у другім пакоі, заглянуў ізноў. Малачка паранага хачу, кажа ён. Дык ідзі, папрасі, каб мама дала, раіць бацька. Я хачу, каб тата, аж застагнаў спрытны хлапчучок. Але нічога не зробіш — трэба пачакаць. Зараз будзем глядзець хроніку.

Хроніку Чорна-беластоцкай царквы вялі па чарзе ўсе свяшчэннікі ад 3 ліпеня 1983 г., ад тае памятнай сустрэчы з уладыкам Савам. А вось ужо першы акафіст — 6 лістапада 1983 года. Купілі поле — 84 г. Пасля на здымку ўжо пляц абгароджаны (гарадзілі адзін дзень), з часовай каплічкай ды гаспадарчай паветкай. Літургічныя здымкі. Уладыка Сава пасвячае ваду. Будова пачалася. Узвышаюцца сцены будучай царквы. Паломнікі з Беластока па дарозе ў царкву ў Чорнай-Беластоцкай. Дзеці вітаюць уладыку Саву. Высвячэнне крыжа. Перанясенне мошчаў св. мучаніка дзіцяткі Гаўрыіла (праз прыход у Чорнай-Беластоцкай). Здымак на фоне царквы: а. Марк Ваўранюк з а. Аляксандрам Макалем з Васількава і былым яго прыхаджанінам Паўлам Лапінскім, які таксама стаў свяшчэннікам, цяпер ён — настаяцель у Пухлах. Іконы для іканастаса пісалі: Аляксандр Лось і Віктар Доўнар з Мінска. Госці з „Сіндэсмаса” з Кіпра з Уладзімірам Місіюком. Прыхадское свята. Высвячэнне царквы (было 120 запрошаных гасцей — свяшчэннікі з Польшчы ды мясцовы каталіцкі ксёндз, духоўныя са Смаленска, з Галандыі, консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Міхась Слямнёў, мясцовыя ўлады). Святкаванне Міжнароднага дня моладзі. Імпрэзы — у прыхадскім доме, унізе ў зале. Ёлка для дзяцей парафіян, — усё запісана ў гэтай тоўстай „Хроніцы”.

Гутарым з айцом Маркам у Вялікую пятніцу 28 красавіка 2000 года. Лукашок не дачакаўся: мама купае яго ў ванне. Праз паўтары гадзіны, а пятнаццатай, яго тата будзе весці багаслужбу.

Яшчэ аглядаем прасторны прыхадскі дом, а тады ідзем у царкву. Бацюшка паказвае мне верхнюю царкву — Святых Жон Міраносіц, ніжняя яшчэ не высвечана. У царкве Дзмітрый Майсей, царкоўны стараста, нешта рыхтуе да багаслужбы.

На дошцы аб’яў, сярод інфармацый для моладзі, плана багаслужбаў, спіска — хто калі мае прыбіраць царкву, я ўбачыла прышпілены артыкул з „Нівы” пра візіт у гэтай царкве сербскіх гасцей.

У новай царкве яшчэ пахне свежасцю. Ёй жа ўсяго 15 гадоў. 14 мая, кажа бацюшка, будзе нядзеля, наша прыхадское свята — Святых Жон Міраносіц, і тады мы вырашылі зрабіць юбілейную ўрачыстасць — 15-годдзе нашага прыхода і адначасова 2000 года з дня Нараджэння Хрыста. Святую Літургію ўзначаліць уладыка Іакаў. Звонку царквы будзе адкрыта табліца ў гонар гэтых дат. Перш за ўсё ўшануем гэты дзень малітвай — падзякай Госпаду Богу за мінулыя гады.

Сардэчна развітваемся з бацюшкам Маркам. Я перапрашаю, што непакою іх у такі дзень. Але ж гэта ён сам выбраў дзень на сустрэчу. Артыкул павінны ўбачыць прыхаджане і госці.