Ніва № 19 (2295), 7 мая 2000 г.

Косаўскі крызіс у вачах сербаў

Ада ЧАЧУГА

Вечар 31 сакавіка г.г. у Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку быў прысвечаны прамоцыі кніжкі сербскага аўтара Мілаша Лукавіча „Косаўскі крызіс у вачах сербаў”, выдадзенай на польскай мове ў Бялградзе.

Вядома, галоўным героем вечара быў аўтар, які ў 1987-1989 гадах працаваў лектарам сербахарвацкай мовы ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Косава — старая рана, якая цягнецца дзесяткі, сотні гадоў, сказаў ён прысутным, але польскае грамадства мае даволі імглістае ўяўленне пра Балканы. Цяжка яму зразумець нацыянальныя праблемы былой Югаславіі. Калі Югаслаўская рэспубліка распалася ў 1991 годзе, кожная этнічная група, якая пражывала ў яе межах, запатрабавала ўласнай дзяржавы. Справа была тым больш складанай, што Югаславія атрымала ў спадчыне з ранейшых стагоддзяў мешаны этнічны склад.

Польскае грамадства, як сцвердзіў Мілаш Лукавіч, не можа быць неаб’ектыўным, а тым больш абыякавым у адносінах да сербаў (хаця некаторым у Польшчы здаецца, што яны цяпер пад парасонам НАТА, якое павінна „трымаць жалезны кулак пад носам патэнцыяльна агрэсіўных расіян”). Бо вось вайна прыйшла ў Сярэднюю Еўропу! Праўда, з Варшавы да Прышціны, сталіцы Косава, далекавата — 1 500 кіламетраў, але бомбы траплялі і ў гарады ўздоўж югаслаўска-венгерскай граніцы, а гэта ўжо толькі 500 кіламетраў ад Польшчы.

Аўтар кніжкі „Косаўскі крызіс у вачах сербаў” імкнецца дапамагчы палякам зразумець сутнасць косаўскага крызісу і ўсіх наступстваў вырашэння яго ваеннымі метадамі, але перш за ўсё ён хоча паказаць, як выглядае косаўскі крызіс з пункту гледжання сербаў.

Першай і сапраўднай прычынай „гуманітарных бамбардзіровак”, сцвярджае аўтар, з’яўляецца тое, што Сербія і палітычныя кіраўнікі Югаславіі афіцыйна адкінулі запрапанаванае ім „пагадненне” аб статусе Косава, якое давала б магчымасць на размяшчэнне вялікай колькасці войскаў НАТА ў Косаве і іх свабоднае перамяшчэнне па цэлай тэрыторыі Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі. Гэта галоўная прычына паветраных атак НАТА на Сербію засталася як бы незаўважанай сусветным грамадствам, у вачах якога найбольшыя тэлевізійныя агенцтвы свету ўмацнялі перакананне, што бамбардзіроўкі Югаславіі гэта заслужаная кара за няшчасце людзей, якія вымушаны былі ўцякаць са сваіх хат у выніку этнічных чыстак, якія быццам праводзяць сербы.

Мілаш Лукавіч імкнецца давесці да свядомасці палякаў, што погляд на Косава як на бедную краіну з’яўляецца толькі паўпраўдай. Гэта раён, багаты мінеральнымі рэсурсамі. Тут знаходзіцца найбольшая ў Еўропе шахта цынку і волава, знойдзены ў Косаве таксама золата, серабро, бром, нікель, малібдэн, вольфрам, уран. Тут і найбольшыя ў Югаславіі залежы каменнага вугалю. Чуваць пра вялікую колькасць нафты, пра якую, бадай, больш ведаюць загранічныя фірмы, што маюць суперсучаснае абсталяванне для доследаў натуральных багаццяў.

Апрача таго, гаворыць аўтар, Косава з’яўляецца важным стратэгічным абшарам цэнтральных Балканаў. Эвентуальная страта тэрыторыі Косава абазначала б для Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі вялікія геастратэгічныя праблемы і паставіла б пад пагрозу Сербію ў яе цэнтральнай, усходняй і заходняй частках.

Косава з’яўляецца таксама найважнейшым звяном ісламізацыі Балканаў, і Турцыя ізноў пачынае адыгрываць ролю важнага асяродка на шырокім абшары вакол Каспійскага мора, Чорнага мора, Блізкага Усходу і Балканскага паўвострава.

НАТА мела сачыць за спакоем у Косаве, абараняць яго жыхароў. Факты гэтага, на жаль, не пацвярджаюць. Затое цяпер, калі там стаяць шматлікія міжнародныя вайсковыя сілы, становіцца ясным, што Косава апынулася ў цэнтры глабальных інтарэсаў Захаду, а толькі Югаславія знаходзілася да гэтай пары па-за сферай яго ўплываў. Нельга сумнявацца, сцвярджае Мілаш Лукавіч, што перш за ўсё ЗША зацікаўлены кантролем „балканскага калідора” ў напрамку Блізкага Усходу і басейна Каспійскага мора, гэта значыць, рэгіёнаў, багатых нафтай. Нядаўна амерыканцы падпісалі з Азербайджанам вельмі карысную домову ў сувязі з эксплуатацыяй каспійскай нафты. Вялікая амерыканская кампанія „Big Oil” запрапанавала, каб балканскі нафтаправод ішоў менавіта праз Косава.

Пра ўсе гэтыя, не ўсім вядомыя, факты можна было даведацца на вечары ў Цэнтры праваслаўнай культуры, а таксама прачытаць у прамаванай кніжцы, якую тут жа можна было купіць. Аўтар ахвотна падпісваў яе жадаючым, бо бачыў з іх боку зразуменне і маральную падтрымку. А сабралася больш 120 чалавек. Прысутнічалі таксама саветнік пасольства Югаславіі Міларад Шчэпановіч і сербскі паэт Владан Стамянковіч.

Дэманстравалася таксама фотавыстаўка „Трагедыя Сербіі”, паказваючая вынікі „мілітарнага гуманізму”. У сваёй кніжцы „Косаўскі крызіс у вачах сербаў” Мілаш Лукавіч прыводзіць цытату з кніжкі Ноама Хомскага „Новы мілітарны гуманізм — лекцыі Косава”: „Сербія да гэтай пары была вялікай праблемай і перашкодай у стараннях Вашынгтона запанаваць над Еўропай. Да часу, калі Сербія не будзе ў сферы інтарэсаў ЗША, трэба яе караць, каб яна стала прыкладам для іншых, якім прыйшлі б у галаву падобныя паводзіны. Крызіс у Косаве ў 1998 годзе стварыў нагоду, каб гэта зрабіць, і можна з вялікай дозай верагоднасці меркаваць, што гэты працэс будзе прадаўжацца да таго часу, пакуль Сербія не падпарадкуецца ці не паддасца, так, як гэта было ў выпадку Кубы ці іншых непаслухмяных”.