Ніва № 19 (2295), 7 мая 2000 г.

Чарнобыльская акцыя ў Гомелі

Уладзімір ВАЛЕЎСКІ

26 красавіка ў Гомелі адбылася несанкцыянаваная ўладамі акцыя пад назвай Гадзіна смутку, прысвечана 14-й гадавіне Чарнобыльскай катастрофы.

Несанкцыянаваную акцыю гамяльчане вымушаны былі правесці пасля таго, як гарвыканкам беспадстаўна забараніў правядзенне традыцыйнага мітынгу-рэквіема. Тады па горадзе быў распаўсюджаны зварот наступнага зместу:

„Шаноўныя гамяльчане! 14 год прайшло з дня Чарнобыльскай катастрофы, якая прынесла на Гомельшчыну смерць і хваробы, зрабіла наша квітнеючае Палессе непрыдатнай для жыцця зонай. У «зону» ператварыла наша жыццё і дыктатура Лукашэнкі. У Беларусі дэкрэты, указы, законы выдаюцца не для таго, каб палепшыць жыццё чалавека, а каб пазбавіць яго элементарных правоў. Вось і гомельскія ўлады ўжо некалькі гадоў забараняюць гамяльчанам праводзіць традыцыйны Чарнобыльскі мітынг-рэквіем.

Але ці могуць улады забараніць нам маўчаць? Не! Таму мы запрашаем гамяльчан 26 красавіка з 1800 да 1900 прыйсці ў Цэнтральны (Піянерскі) скверык па вул. Савецкай і прыняць удзел у Гадзіне смутку па ахвярах Чарнобыля радыяцыйнага, эканамічнага і палітычнага. Мы не будзем праводзіць ні мітынгу, ні шэсця, ні пікета, мы проста запрашаем вас правесці гадзіну разам”.

Зварот падпісалі: Уладзімір Старчанка — сябра Партыі БНФ, Уладзімір Кацора — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Анатоль Паплаўны — сябра БНФ „Адраджэнне”, Сяргей Гатальскі — сябра Свабоднага прафсаюза, Юрый Глушакоў — сябра Федэрацыі анархістаў.

У выніку каля 1 000 гараджан адгукнуліся на заклік сяброў апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый Гомеля ўшанаваць памяць ахвяр Чарнобыля. Сапраўды, гэта не быў мітынг, пікет або шэсце. Людзі стаялі моўчкі. Некаторыя з прысутных трымалі ў руках свечкі, іншыя мелі на галовах чорныя жалобныя стужкі, трэція трымалі ў руках плакаты. Адзін з плакатаў запытваў прысутных: „За што нам Чарнобыль і Лукашэнка?” Завяршаў кампазіцыю нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг у руках маладога чалавека.

Абышлося без эксцэсаў. Праўда, сквер быў аточаны ўзмоцненымі нарадамі міліцыі, а нейкі чалавек у цывільным, які пазней прадставіўся палкоўнікам Аляксандравым, зрабіў некалькі спробаў затрымаць людзей з плакатамі і хлопца са сцягам.

Напрыканцы акцыі ад імя арганізатараў да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Партыі БНФ Уладзімір Старчанка, які падзякаваў прысутным за салідарнасць і выказаў надзею на далейшую падтрымку гамяльчанамі акцый апазіцыі.